Большасць дэпутатаў і супрацоўнікаў сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія ў мінулыя выхадныя наведалі Ашмяншчыну, пабывалі тут упершыню. І, шчыра прызнацца, былі не толькі прыемна здзіўлены, але і зачараваны гэтым краем. Паездку для сваіх калег па слаўнай ашмянскай зямлі арганізавала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Валянціна Лузіна, нястомны рупліўца і прапагандыст славутасцяў сваёй багатай на гістарычныя падзеі і слынныя асобы старонкі.
Удзельнікі экскурсіі наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла ў Барунах. Пабывалі на месцы, дзе ўстаноўлены памятны знак у гонар загінуўшага ў Першую сусветную вайну экіпажа самалёта “Ілья Мурамец”. З цікавасцю слухалі госці аповед аб Гальшанскім краі падчас наведвання гарадзішча, замка, царквы Святога Георгія Пабеданосца і гісторыка-краязнаўчага музея імя Эдуарда Корзуна ў мясцовай гімназіі.
У горадзе экскурсанты наведаліся ў СШ №1, каб падзівіцца на прыгожую, з густам добраўпарадкаваную тэрыторыю і сустрэцца з апантаным дырэктарам, сапраўдным гаспадаром Міхаілам Гружэўскім. Веды аб нашым краі госці паглыбілі праз экскурсію ў краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і выставу выданняў, што падрыхтавала раённая бібліятэка. У экскурсійную праграму быў уключаны коннаспартыўны цэнтр “Гіпіка”, які звязаны з імем слыннага асветніка, публіцыста, грамадскага дзеяча Крыштафа Дарагастайскага.
Паездка на Ашмяншчыну завяршылася выступленнем народнага ансамбля цыганскай песні “Джана Рома”.
У сталіцу парламентарыі вярталіся з яскравымі і цёплымі ўражаннямі пра ашмянскіх людзей, якія веданне гісторыі краю лічаць сваім абавязкам, з адкрыццём для сябе яшчэ адной слаўнай мясціны на карце маляўнічай Беларусі.
Ніна Кульша, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе:
— Шчыра прызнаюся, што захоплена прыгажосцю ашмянскай зямлі, яе ўтульнасцю і чысцінёй. Але найбольш багатай гісторыяй, якая дае падставу ганарыцца сваімі каранямі і людзьмі, якія гэтую гісторыю пісалі і пішуць зараз.
Інэса Кляшчук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, самы малады парламентарый дэпутацкага корпуса:
— Я родам са Случчыны, таму гісторыю Ашмянскага раёна адкрыла для сябе ўпершыню. Была вельмі ўзрушана тым, як цесна пераплецены падзеі гісторыі між сабой. Нядаўна наведала Навагрудак і фарны касцёл, дзе бралі шлюб Соф’я Гальшанская і Ягайла. А цяпер вось ступаю па тых мясцінай, якія ўзгадавалі будучую каралеву, маці польскіх каралёў.
Вольга Смагіна, саветнік-кансультант аддзела па забеспячэнні дзейнасці Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і сродках масавай інфармацыі:
— Нават і здагадацца не магла, што ў такой глыбінцы, як Ашмяншчына, знаходзіцца агромністы пласт гісторыі. Тут адчуваецца асобны дух, якога ў сталіцы не знойдзеш. Тут жывуць людзі, якія з любоўю і пачуццём гонару за сваю маленькую радзіму расказваюць аб сваім краі. Нізкі паклон Валянціне Міхайлаўне Лузінай за прапаганду свайго краю і за шыкоўную экскурсію!
Аліна САНЮК,
Фота аўтара.