Кандуктары і кіроўцы кураць папяросы. Што пісала газета Słowo ў 1929 годзе пра аўтобус «Вільня-Ашмяны»

Культура

Арганізацыя аўтобуснай камунікацыі з Вільняй (маем ужо 15 машын, якія курсуюць з Вільні да Ашмяны і праз Ашмяну далей) была з радасцю прынятая жыхарамі горада і найбліжэйшых ваколіц, піша «Рэгіянальная газета».

Пасля больш блізкага знаёмства на практыцы з гэтай камунікацыяй аказалася, што… няма ружы без шыпоў, а ёсць выпадкі, калі гэтыя шыпы несувымерна вялікія. Так ёсць і з аўтобуснай камунікацыяй.

Перадусім пры пасадцы ў машыну ніколі не ведаеш, хто кандуктар, бо яны амаль не носяць форменных шапак. Кіроўцы і кандуктары зусім не выконваюць правілы, якія забараняюць курыць і размаўляць падчас язды.

Шмат машын ездзіць з адкрытымі глушыцелямі, што стварае гучны шум матору, ад якога пасля таго, як чалавек праедзе некалькі дзясяткаў кіламетраў, баліць галава. Мала таго – сумнеўна, што пры такім шуме кіроўца чуе сігналы машын, якія сустракае на паваротах, што можа прывесці да аварыі.

Сапраўдная бяда – пастухі. У суботу пры праездзе зараснікаў за Каменным Логам пастух кінуў каменем у аўтобус, які праязджаў. На шчасце, камень трапіў у раму. На 38 кіламетры ад Ашмяны на дарозе былі пакладзеныя вялікія камяні, а яшчэ далей пасярод дарогі было вогнішча.

Пра абарону аўтобусаў ад такіх выбрыкаў ніхто не думае, і ў той самы час органы бяспекі накіроўваюць свой нагляд на іншае, а менавіта забараняюць развіваць хуткасць больш за 40 кіламетраў у гадзіну. На жаль, пры нашым стане дарог нельга ехаць больш за 20 кіламетраў у гадзіну, аднак на добрай шашы кіроўца павінны павялічыць хуткасць, каб скараціць і так доўгі час язды [паводле раскладу 1929 года, час у дарозе ад Ашмяны да Вільні быў 2,5 гадзіны – Кастусь Шыталь].

Горшым ёсць тое, што руль рэдка калі бывае ў адпаведных руках – і ў тым кірунку павінна быць цікавасць уладаў. Пры добрым кіроўцы палепшыцца стан машын – а разам з тым і бяспека.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *