Касцёл на Станцыі Ашмяны асвечаны ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі

Культура

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у мінулыя выхадныя асвяціў касцёл на Станцыі Ашмяны. Каталіцкі храм стаў першай святыняй у Гродзенскай дыяцэзіі і ў цэлым у Беларусі, якая носіць імя ксяндза Міхала Сапоцькі.

Прапанова надаць святыні менавіта гэты тытул была ўнесена ксяндзом канонікам Янам Пузынам, пробашчам парафіі святога Арханёла Міхала ў Ашмянах.

Яна была станоўча ўспрынята каталіцкай супольнасцю, бо менавіта з ашмянскай зямлёй звязаны жыццёвы шлях ксяндза Сапоцькі. Ён нарадзіўся ў Ашмянскім павеце, вучыўся ў мясцовай шасцікласнай школе ў Ашмянах. Гады вучобы ў Ашмянах супалі з часам будаўніцтва тут цяперашняга парафіяльнага касцёла. Імкнучыся прысвяцщь сябе бязмежна служэнню Богу і людзям, ён паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні. Першыя гады святарскай паслугі ксяндза Міхала Сапоцькі праходзілі паблізу Ашмянаў — у Табарышках. Яму была даверана адказная функцыя духоўнага айца ў Віленскай духоўнай семінарыі. Пасля ён стаў духоўным кіраўніком святой Фаўстыны Кавальскай. Па яго рэкамендацыі святая Фаўстына запісала ў «Дзённічку» рэлігійныя перажыванні, злучаныя з культам Божай Міласэрнасці. Дзякуючы яго намаганням мастак Яўген Казіміроўскі намаляваў у Вільні першы вобраз Езуса Міласэрнага паводле ўказанняў святой Фаўстыны. Аб сваёй пастырскай дзейнасці ксёндз Міхал Сапоцька казаў: “Мая праца павінна плыць ціхім струменьчыкам, каб злучыцца з іншымі, каб распаўсюджваць разам Божае Валадарства на зямлі”.

У касцёле благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі сёння распаўсюджвае Божае слова ксёндз Алег Шпень, пробашч парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках. Адным з першых пачынаў праводзіць набажэнствы на Станцыі Ашмяны ксёндз Юзаф Занеўскі, які напрыканцы дзевяностых гадоў нёс служэнне ў парафіі ў Жупранах. На ўрачыстасць з нагоды асвячэння касцёла ксёндз Юзаф прыехаў ажно з Масквы, дзе працяглы час вядзе душпастырскую дзейнасць.

Важная падзея сабрала вялікую колькасць духавенства, вернікаў і гасцей, якія прыехалі не толькі з блізкіх і далёкіх ваколіц Беларусі, але і з Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Распачалася яна з асвячэння вялікага місійнага крыжа, якое здзейсніў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

За тыдзень да асвячэння ў парафіі адбыліся святыя місіі, якія правёў ксёндз канонік Аляксей Раманчук, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве, прафесар Пінскай духоўнай семінарыі.

Благаслаўлёны біскупам Кашкевічам місійны крыж ушанавалі духавенства і вернікі, пасля чаго распачалася святая імша. Ксёндз пробашч Алег Шпень прывітаў біскупа Аляксандра і папрасіў яго благаславіць святыню.

— Божая міласэрнасць — асаблівая праява блізкасці Бога да кожнага чалавека, — адзначыў ў сваёй прамове іерарх. — Аб’яўленне Божай любові і міласэрнасці дасягнула сваёй паўнаты ў прыходзе на свет Езуса Хрыста: у нараджэнні Бога ў чалавечым целе, у Яго крыжовай смерці і ўваскрасенні. Але толькі ў дваццатым стагоддзі, у эпоху страшэнных сусветных войнаў і нябачанага дагэтуль разгулу зла, з’явіўся культ Божай Міласэрнасці, апосталамі якога стала святая Фаўстына Кавальская і яе духоўны кіраўнік і спаведнік ксёндз Міхал Сапоцька. Дзякуючы вялікаму евангелізацыйнаму пасланню Яна Паўла ІІ, чыя фігура разам з фігураю святой сястры Фаўстыны знаходзіцца ў прэзбітэрыі новага касцёла, культ Божай Міласэрнасці ў наш час распаўсюдзіўся ва ўсім свеце.

Будынак Божага дома на Станцыі Ашмяны адрадзіўся са звычайнай калгаснай сталоўкі. Для таго, каб ён паўстаў у такім урачыстым і ўзнёслым выглядзе, нямала намаганняў, матэрыяльных і фізічных, было прыкладзена шматлікімі ахвярадаўцамі і дабрадзеямі, руплівымі парафіянамі. Як зазначыў пробашч парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках Алег Шпень, на ахвераванні біскупа Аляксандра былі набыты ўваходныя дзверы. Парафія святога Арханёла Міхала стала ахвярадаўцам вітража над галоўным алтаром, дзе змешчана выява Езуса Міласэрнага. Дзякуючы сябрам-святарам з’явіліся ў храме электрычныя званы, новыя алтары, быў усталяваны місійны крыж. Значны ўнёсак зрабілі мясцовыя прадпрыемствы, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, мастачка Тэрэса Варановіч. Шчырую падзяку выказаў ксёндз Алег мясцовым вернікам, сярод якіх старшыня касцёльнага камітэта парафіі Казімір Варановіч, яго намеснік Антаніна Родзевіч, Іван Пугоўскі, Валянціна Шаблінская, Марыя Свірская, Ларыса Раціна, Ала Бобек, Марыя і Раман Герасім і многія іншыя.

— Гісторыя хрысціянскай веры і ўзнікнення капліцы Божай Міласэрнасці і бласлаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі на Станцыі Ашмяны цікавая і адначасова балючая, — адзначыў старшыня касцёльнага камітэта Казімір Варановіч. – Мы паспрабавалі сабраць гістарычныя факты, пачынаючы з 1390 года, занатаваць працэс падрыхтоўчых і будаўнічых работ на гэтым аб’екце. Толькі з Божай падтрымкай і ў супольных малітвах разам з нястомным рупліўцам ксяндзом Алегам Шпенем мы змаглі давесці распачатую некалькі дзясяткаў год справу да канца. Вернікаў нашай парафіі радуе гэты вынік. Мы ўдзячны Богу і благаслаўлёнаму Міхалу Сапоцьку, якія шчодра адорваць нас сваёю бясконцай Міласэрнасцю.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *