Штогод адзін з сельгаскааператываў нашага раёна сустракае і прымае на сваіх палетках удзельнікаў традыцыйнага конкурсу на лепшага аратага.
На гэты раз праявіць свае прафесійныя здольнасці на тэрыторыі сельгаскааператыва імя Кляцкова сабраліся дваццаць два механізатары.
Пасля жараб’ёўкі трактары айчынных марак “Беларус-3022”, “МТЗ-1221, МТЗ-1523” і замежнай вытворчасці “Джон Дзір” з абаротнымі плугамі выехалі на адведзеныя ўчасткі.
Паколькі гэты конкурс праводзіцца не першы год, то кожны канкурсант добра ведае, наколькі сур’ёзна патрэбна падыходзіць да ўмоў яго правядзення. Акрамя таго, падчас яго правядзення ў абавязковым парадку трэба звяртаць ўвагу на выкананне асабістых правілаў тэхнікі бяспекі.
СВК “Ашмянскі Світанак” на конкурсе механізатараў прадстаўлялі Анатоль Лазан і Станіслаў Пабядзінскі. Сельгаскааператыў “Кракоўка”— механізатараў Віталія Блажэя і Дзмітрыя Родзевіча.
Чатыры канкурсанты ад СВК імя Кляцкова Валянцін Субач, Валерый Лакуціеўскі, Дзяніс Млынскі і Казімір Міхневіч вырашылі змагацца за званне лепшага механізатара цэлай брыгадай.
У конкурсе аратых таксама прынялі ўдзел Віктар Антановіч з СВК “Прыгранічны”, Валерый Даўлевіч і Мар’ян Бараноўскі з СВК “Крэйванцаўскі”, Аляксандр Мордас з СВК “Граўжышкі”, Ігар Клімовіч і Іван Чымбар з СВК “Гальшанскі”. Ад эксперыментальнай базы “Баруны” на конкурс прыехалі Мікалай Альшук і Уладзімір Казлоўскі.
Традыцыйна ў конкурсе ўдзельнічаюць механізатары, якія працуюць на ААТ “Ашмяны-лен” і навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.
У гэтым годзе конкурс для многіх, нават з вялікім вопытам працы, аратых стаў сапраўдным выпрабаваннем на прафесійнасць. Многія не змаглі выканаць конкурсныя заданні з-за паломак трактараў.
Вынікі конкурсу падводзіў старшыня райвыканкама Юрый Адамчык. Ён павіншаваў пераможцаў конкурсу і ўручыў ім грашовыя прэміі і дыпломы ад райкамаа прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Лепшым аратым года стаў малады механізатар з СВК “Крэйванцаўскі” Валерый Даўлевіч.
Першае месца у конкурсе заняў Іосіф Чымбар з СВК “Гальшанскі”, другое месца ў механізатара ААТ “Ашмяны-лен” Івана Жукоўскага, а трэцяе месца заняў Павел Мордас з аграрна-тэхнічана каледжа.
У класе трактараў “Джон Дзір” і “Беларус-3022” першае месца дасталося Дзмітрыю Родзевічу з СВК “Каркоўка”, другое – Мікалаю Альшуку з э\б “Баруны”, а трэцяе – Станіславу Пабядзінскаму з СВК “Ашмянскі Світанак”.
Прэміямі таксама былі адзначаны старшыня СВК “Крэйванцаўскі” Іван Тарасевіч, галоўны інжынер ААТ “Ашмяны-лён” Дзмітрый Іваноў і галоўны інжынер СВК “Кракоўка” Сяргей Канюк.
Старшыня СВК імя Кляцкова Дзмітрый Чудзілоўскі асобна адзначыў працу такіх механізатараў, як Ігар Клімовіч (СВК “Гальшанскі”), Анатоль Лазан (СВК “Ашмянскі Світанак”) і Валянцін Субач (СВК імя Кляцкова). Усе яны атрымалі прэміі ад гаспадаркі.
Спецыяльныя грашовыя прэміі таксама былі ўручаны самаму вопытнаму механізатару з СВК імя Кляцкова Казіміру Міхневічу і самаму маладому Валерыю Лакуціеўскаму, які таксама працуе ў гэтым жа сельгаскааператыве.
Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
На здымку: лепшы араты – механізатар з СВК “Крэйванцаўскі” Валерый Даўлевіч.

