Вучаніца СШ №2 г. Ашмяны заняла трэцяе месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры

Культура

Падчас вясеннніх канікул у Магілёве прайшла рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, на якой трэцяе месца заняла вучаніца СШ №2 Анастасія Навасельская. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што гэта не першая перамога дзяўчыны ў алімпіядах, але, напэўна, самая значная.

Рыхтавала Насцю да алімпіяды настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Мечыславаўна Максуль. Менавіта яе прафесійнае майстэрства, уменне зацікавіць вучняў, і прывіць ім любоў да роднай мовы дапамаглі дзесяцікласніцы Анастасіі дасягнуць поспеху. Упершыню свае сілы на раённай алімпіядзе па беларускай мове Анастасія паспрабавала ў пятым класе, дзе заняла трэцяе месца. Гэты вопыт быў маленькім штуршком да таго, каб больш старанна займацца і скараць новыя вяршыні.

На працягу трох апошніх гадоў на раённай алімпіядзе па беларускай мове Анастасія займае толькі першыя месцы. У мінулым годзе дзяўчынка ўпершыню выступіла на абласным іспыце.

Дзякуючы асабістым намаганням і стараннасці, падтрымцы бацькоў і настаўніцы, добрасумленнай працы і адказнасці сёлета Насця прадэманстравала выдатны вынік. Яна ўвайшла ў склад зборнай Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Падрыхтоўка да іспытаў праходзіла на працягу двух тыдняў. Школьнікам выкладалі педагогі Купалаўскага ўніверсітэту, але Насця шчыра прызнаецца, што куды больш цікавых і патрэбных ведаў яна атрымала падчас заняткаў са Светланай Мечыславаўнай.

На працягу пяці дзён каманда Гродзеншчыны знаходзілася ў Магілёве, дзе праходзіў заключны этап алімпіяды. Анастасія прадэманстравала цудоўнае веданне прадметаў і атрымала дыплом ІІІ ступені.

Насця вельмі рада, што канікулы правяла не дома, а пабывала ў новым горадзе, пазнаёмілася з цікавымі людьмі. Падчас алімпіяды школьнікі не толькі выконвалі заданні, але і шмат падарожнічалі па Магілёве, знаёміліся з яго гісторыяй і культурай, наведвалі цікавыя месцы.

Акрамя лінгвістычнага конкурсу і заданняў па літаратуры, удзельніцу алімпіяды чакаў водгук на літаратурны твор і конкурс красамоўства. Звычайна падрыхтоўка да алімпіяды праходзіла пасля ўрокаў, Насця самастойна займалася дома, выконвала заданні і чытала літаратуру. Каб падрыхтавацца, напрыклад, да водгука і вуснага выказвання, яны разам з выкладчыкам шмат чыталі, пісалі, нейкія звесткі выбіралі з інтэрнэту, гарталі старонкі шматлікіх выданняў, каб знайсці адметныя выказванні на розныя тэмы.

Нават падчас узмоцненай падрыхтоўкі да алімпіяды Насця адмовілася ад магчымасці не наведваць шэраг урокаў. Адказная дзяўчына вырашыла, што зможа паспець усё, таму не прапусціла нават фізічную культуру.

Акрамя алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у бягучым навучальным годзе Анастасія ўдзельнічала ў школьных алімпіядах па рускай мове, біялогіі і любімым прадмеце – хіміі. На раённым этапе ўдалося прадэманстраваць свае магчымасці толькі па мове і хіміі, таму што па іншых прадметах супадалі конкурсныя дні.

У вольны час, якога Анастасіі катастрафічна не хапае, яна любіць чытаць класіку і дэтэктыўныя гісторыі, вырошчваць кветкі, вандраваць і захоўваць самыя цікавыя і прыгожыя моманты на фотаздымках.

— Калі Насця штосьці робіць, то робіць гэта з душою,  адказна і дасканала, каб гэта не давялося перарабляць, — дзеліцца Святлана Максуль. – Любое заданне ад мовы да пазакласных мерапрыемстваў і конкурсаў выдатніца Анастасія выконвае толькі на дзесяць!

У Анастасіі Навасельскай наперадзе адзінаццаты клас, выпускныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне. Праўда, канчаткова дзяўчына не вырашыла, з якой прафесіяй звяжа сваё жыццё, аднак не выключае, што хутчэй за ўсё яна стане ўрачом-афтальмолагам. Тым больш што Анастасія вучыцца ў профільным класе, дзе хімія і біялогія выкладаюцца на павышаным узроўні. Але як бы ні склаўся лёс нашай гераіні, беларуская мова застанецца з ёй назаўжды.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *