З кожным днём усё больш люблю свой мікрараён — Заходні. Калісьці сюды нават ногі не вялі. Перасялілася восенню. Вакол балота і непраходная гразь, усе панурае і сумнае. А зараз Заходні не пазнаць. Будуецца дзіцячы садок і прыватная гандлёвая кропка. Адчыніўся фірменны магазін мясакамбіната. Добраўпарадкуюцца вуліцы і праезды. Напрыканцы мінулага тыдня работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі займаліся азеляненнем мікрараёна. Больш шасцідзесяці саджанцаў клёнаў, дубкоў і рабінак з лесу перасяліліся ў горад. Дбайнымі рукамі работнікаў розных службаў ЖКГ яны былі высаджаны ў дварах і вакол шматпавярховікаў. Уздоўж нашай Крынічнай вуліцы з’явілася прыгожая алея. Усе саджанцы былі старанна падвязаны, каб не пашкодзілі іх злыя восеньскія вятры і зімовыя віхуры.
Пакуль дрэўцы яшчэ маленькія, аднак у восеньскай шэрані яны свецяцца яркімі жоўтымі плямкамі, паляпшаюць настрой і радуюць жыхароў мікрараёна. Хочацца спадзявацца, што яны прыжывуцца і не трапяць пад злую чалавечую руку.
Аліна БЕЛІЦКАЯ.
Фота аўтара.


Это Павел Лукашевич?
Да, это Пашка.