Два лепшых хлебароба раёна запрошаны на святкаванне «Дажынак» у Маладзечна

Главное

Вось і завяршылася асноўная бітва за ўраджай. Плённа папрацавалі ашмянскія хлебаробы. Раённы каравай заважыў сёлета 58666 тон. На ўраджайнай хлебнай ніве з самага ранку і да позняга вечара шчыравалі не толькі камбайнерскія экіпажы, але і вадзіцелі.

Нездарма нашы продкі казалі так: “Не той хлеб, што ў полі, а той, што ў прыполе”.  Таму абмалочанае зерне – гэта  палова справы. Добрая доля нагрузкі прыйшлася на плечы і аператараў зернесушыльных комплексаў, якія даводзілі зерне да патрэбнай кандыцыі. Дзень і ноч прасушваўся ўраджай, каб мы мелі хлеб на стале.

За плённую працу і высокія намалоты два хлебаробы – вадзіцель СВК імя Кляцкова Рамуальд Аляшкевіч і камбайнер Уладзімір Сасноўскі з СВК “Гальшанскі”—удастоены ганаровага права прыняць удзел у рэспубліканскіх “Дажынках”, якія зараз праходзяць ў Маладзечне.

Напярэдадні рэспубліканскага свята мы сустрэліся з кожным, каб шчыра раздзяліць радасць і павіншаваць з гэтай нагоды, а таксама распытаць, як кожны з удзельнікаў уборачнай кампаніі дасягнуў такіх высокіх вынікаў на сёлетнім жніве, хто падтрымліваў маладых хлебаробаў падчас раённых спаборніцтваў.

Рамуальд Аляшкевіч:

— Уборачную кампанію я завяршыў з вынікам у 1621 тону. Менавіта столькі збожжа перавёз на аўтамабілі ГАЗ-33072 ад камбайнаў на зернесушыльныя комплексы гаспадаркі. Каб мець важкі рэзультат, трэба шмат працаваць. Так вучылі мяне мае бацькі. На працягу шасці гадоў працую ў сельгаскааператыве імя Кляцкова. Таму вопыт, хоць і невялікі, але ўжо ёсць. І гэта, безумоўна, вялікі плюс у такой адказнай справе.

Праца вадзіцеля, а тым больш, калі справу маеш з хлебам, — пачэсная. Да тэхнікі з малых год у мяне ляжыць душа. Таму пасля ПТВ-192 прыйшоў у гаспадарку і сеў за руль  ГАЗ-53.

Зразумела, што грошы не даюцца лёгкім шляхам. Для гэтага трэба шмат працаваць, набірацца вопыту і вучыцца. На сваіх памылках. Я вельмі ўдзячны свайму настаўніку Мар’яну Адашкевічу, які і зараз працуе вадзіцелем у гэтай жа гаспадарцы, за патрэбныя парады, падказкі і проста добрыя словы падтрымкі. Безумоўна, мая перамога і паездка на рэспубліканскае свята – гэта добрая навіна і для маіх блізкіх. Сёлета за мяне рады мая жонка і абодва сыны, а таксама бацькі. З вялікім гонарам успрыняў вестку аб маёй паездцы на рэспубліканскія “Дажынкі” і мой дзядзька Анатоль Антонавіч Грыневіч. Ён, дарэчы, двойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх “Дажынак”.

Уладзімір Сасноўскі:

— На ўрачыстае святкаванне рэспубліканскіх “Дажынак” запрошаны ўпершыню. Не магу сказаць, што не стараўся падчас ўборачнай кампаніі ў мінулыя гады. Стараўся, імкнуўся як мага больш збожжа намалаціць. Але атрымалася дабіцца такога высокага намалоту толькі ў гэтым годзе.

За падтрымку хочацца сказаць “дзякуй” маім родным, а таксама вадзіцелю Вацлаву Чаплінскаму, які прыклаў шмат намаганняў, каб я стаў добрым спецыялістам ў сваёй справе і добра разбіраўся ў тэхніцы.

У прынцыпе, для цяперашняга хлебароба створаны ўсе ўмовы, каб добра зарабіць. У нашай гаспадарцы магутнай тэхнікі хапае. Прычым не толькі замежных, але і айчынных марак. Камфортна, надзейна і зручна працаваць на камбайне “Лексіён-580”, дзе ёсць кандыцыянер, камп’ютар. Патрэбна адказнасць з боку экіпажа і жаданне працаваць. Якасна і сумленна.

Мне пашчасціла з памочнікам. Адказны, гаспадарлівы і вельмі старанны. Таму намалот у 1573 тоны – гэта заслуга і майго напарніка Аляксандра Ляўковіча.

Алена ШЫДЛОЎСКАЯ.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “Два лепшых хлебароба раёна запрошаны на святкаванне «Дажынак» у Маладзечна

  1. Шаноўныя, па беларуску трэба пісаць не «два лепшых хлебароба» — гэта калька з рускай, а «два лепшыя хлебаробы». Дзіўна : у аўтара такі граматны тэскт — і такія грубыя памылкі ў загалоўку…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *