Незабытая вайна. Эдуард Кеда – звычайны вясковы хлопец, які загінуў падчас выканання свайго вайсковага доўгу

Культура

30 год назад, 15 лютага 1989 года, завяршыўся вывад з Афганістана савецкіх войск. Вайна гэта была ўдвая даўжэйшай, чым Вялікая Айчынная. Зрэшты, вайной яе сталі называць намнога пазней. Спачатку прынята было лічыць, што абмежаваны кантынгент савецкіх войск аказвае інтэрнацыянальную дапамогу афганскаму народу. Салдаты і афіцэры думалі, што, ступіўшы на афганскую зямлю 25 снежня 1979 года, выканаюць свой доўг і Новы год ужо будуць спраўляць дома. Аднак выкананне доўгу зацягнулася ажно на дзесяць год.

Праз Афганістан прайшлі больш за 30 тысяч нашых землякоў. Некаторыя не вярнуліся жывымі, іншыя засталіся інвалідамі. Вайна пакінула шнары ў сэрцах усіх, хто на ёй пабываў. Невылечным болем яна жыве ў сем’ях, якія не дачакаліся сваіх сыноў і братоў. Аднак бясспрэчным фактам з’яўляецца тое, што гэта была апошняя вайна, на якой, атрымаўшы загад, ішлі пад кулі салдаты і афіцэры, народжаныя на беларускай зямлі. Жывучы зараз у другой краіне, мы верым, што ў гэтым сэнсе яна і будзе апошняй. Грамадзяне з беларускім пашпартам больш ніколі не будуць ваяваць.

Малодшы, самы любімы

У сям’і Эдуарда Кеды са Стрэльчыкаў пра вайну ў Афганістане ведалі мала, так як і ў другіх савецкіх сем’ях. Пра яе амаль нічога не пісалі, скупа гаварылі па тэлебачанні. На пачатку  80-х  пра  яе  наогул  маўчалі. І нават калі пачалі прыходзіць на радзіму цынкавыя труны і людзей стаў ахопліваць страх, пераканаўчага адказу на пытанні “чаму?” і “як доўга?” не было.

Эдуард Кеда прымае прысягу

Асабліва пужалася гэтай вайны Юлія Іосіфаўна, мама Эдуарда. Сын толькі што скончыў Ашмянскае ПТВ і чакаў прызыву ў армію.

Ён быў трэцім дзіцем у сям’і Кедаў. Асабліва радаваўся з’яўленню на свет хлопчыка Эдуард Антонавіч. Да гэтага нарадзіліся дзве дзяўчынкі, Данута і Валянціна, а тут бацька дачакаўся-такі сына, прадаўжальніка роду. З раддома ў Стрэльчыкі прывёз ён дочкам не толькі добрую навіну, але і папяровы пакунак цукерак-падушачак, якія на той час былі самым жаданым ласункам у сялянскай сям’і.

Сястра Эдуарда Валянціна ўспамінае, што хлопчыка любілі і апякалі ўсе. Быў ён невялікага росту і худзенькі, аднак цягавіты і старанны. У пачатковую школу хадзіў у Дружбу. Сваёй першай і любімай настаўніцы Ганне Раманаўне Ціхаміравай ён дарыў лялькі, зробленыя на ўроках працы. Калі Эдзіку споўнілася 11 год, ён стаў памочнікам па гаспадарцы. Дзяўчаты пайшлі вучыцца і трэба было дапамагаць бацькам. Яны ўсё жыццё аддалі мясцоваму калгасу. Юлія Іосіфаўна працавала на паляводстве, а бацька быў у калгасе будаўніком. Як і ў кожнай вясковай сям’і трымалі ўласнае “хазяйства”, якое трэба было штодня накарміць і дагледзець.

У пяты клас Эдзік пайшоў у Гродзіеўскую школу, а пасля вучыўся ў горадзе, у СШ №3. Пасля васьмі класаў падаў дакументы ў ПТВ на трактарыста. У інтэрнаце ён не жыў: штодня садзіўся на аўтобус і ехаў дахаты. Дома, побач з бацькамі, было ўтульна і спакойна, дый работы хапала.

Пісьмы з вучэбкі

Вучылішча Эдуард Кеда скончыў у 1986 годзе. Павестка ў армію прыйшла раптоўна, 10 лістапада. Назаўтра трэба было з’явіцца ў ваенкамат. Нават выправы як след зрабіць не паспелі. Калі выпраўлялі сына, маці ўвесь час плакала. Неспакойна было яе сэрцу, тым больш, што некалькімі днямі раней у Ашмяны прыйшоў “груз 200”: у Афганістане загінуў ашмянец Сяргей Залатароў.

З таварышамі па вучэбцы, г. Ашхабад (Эдуард у першым радзе шосты злева направа)

Трапіў Эдуард Кеда спачатку ў вучэбную вайсковую часць 95866 г. Ашхабада. Адтуль дамоў часта прыходзілі пісьмы. Напісаныя акуратным і прыгожым почыркам, яны і зараз захоўваюцца ў Валянціны Эдуардаўны Гудэбскай, сястры, якая жыве ў Барунах. У адным з іх ён паведамляе, што атрымаў пасылку. У шакаладку бацькі паклалі 5 рублёў. Так як усе адпраўленні правяраліся, то грошы гэтыя былі знойдзены, і радавому Кеду дасталася ад камандзіра. Служыць было цяжка – найперш з-за спякоты, аднак Эдуард не скардзіўся. У прадапошнім пісьме, напісаным у красавіку 1987 года, ён паведамляе, што вучоба заканчваецца і іх адправяць у Афганістан.

Юліі Іосіфаўне прысніўся сон, што ідзе цягнік на поўнай хуткасці, а за ім з вагона цягнецца цела сына. “Ён не вернецца”, — сказала тады маці.

Апошняя вестка ад сына

Трагічную вестку 2 чэрвеня прынёс маці брыгадзір калгаса. Яна не паверыла і адразу ж кінулася ў ваенкамат. Там канкрэтна нічога не сказалі. Бацькі штодня тэлефанавалі ў ваенкамат, аднак звестак не было. І толькі 8 чэрвеня цела салдата было дастаўлена ў Ашмяны. У зялёным вайсковым бусе, у драўлянай скрынцы цынкавую труну прывезлі вайскоўцы ў Стрэльчыкі. У труны той не было нават акенца, ніякіх знакаў. Адчыняць яе забаранялася. Толькі шматкі белай прасціны выглядвалі з не зусім шчыльна запаяных бакоў.

Праз дзён дзесяць Кедам ад сына прыйшло пісьмо. Тады бацькам здавалася, што ўсё гэта няпраўда, што там, у труне, быў не іх сын. Ён жывы. Вось і пісьмо, чытаць якое не было сіл, слёзы засцілалі вочы. У ім Эдуард паведамляў, што нясе службу механікам-вадзіцелем у мотастралковай роце в/ч 82869. Расказваў пра горы, якія бачыў упершыню, пра тое, што вада тут прывазная, што з-за спякоты есці не хочацца…

На жаль, звестак аб тым, як загінуў Эдуард Кеда, няма. У кнізе-хроніцы “Памяць. Ашмянскі раён” напісана толькі, што “падраздзяленне, у якім служыў Эдуард, вярталася пасля баявой аперацыі ў лагер. У час прыпынку воінаў атакавалі душманы. Сярод загінуўшых – Эдуард Кеда”.

Пасмяротна Эдуард Кеда ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалем “За баявыя заслугі”. У 1988 годзе бацькам была ўручана Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за подпісам Міхаіла Гарбачова: ёй таксама ўзнагароджваўся іх сын.

Дзень памяці і смутку

Сястра Валянціна, галоўны бухгалтар КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”, захоўвае гэтыя ўзнагароды разам са здымкамі, якія засталіся як памяць пра брата. Яна стараецца штогод у лютым, у Дзень памяці воінаў-афганцаў, наведацца на могілкі ў Паляны, дзе брат пахаваны побач са сваімі дзядамі. Часта прыязджае і старэйшая сястра Данута, якая жыве ў Мінску. Аддаць даніну павагі загінуўшаму воіну-інтэрнацыяналісту прыходзяць ашмянскія “афганцы”, школьнікі, навучэнцы каледжа.

Некалькі год назад у СШ №3 15 лютага была ўрачыста адкрыта памятная шыльда, каб маладое пакаленне ведала, што ў іх школе вучыўся Эдуард Кеда – звычайны вясковы хлопец, які загінуў падчас выканання свайго вайсковага доўгу. І што ў нашым раёне жыве больш за сто воінаў-інтэрнацыяналістаў, для якіх служыць у Афганістане было справай гонару.

Яны, тады 18-20-гадовыя хлопцы, ведаюць, што такое гераізм і армейскае братэрства, хаця расказваць пра гэта не любяць. Яны нічога ні ад каго не патрабуюць. Ім неабходна толькі разуменне, што за чалавекам, які радзіму абараняе, стаіць дзяржава. Што ён не сам па сабе жыве, і што дзяржава яго не кіне.

Аліна САНЮК.

Фота з сямейнага архіва Валянціны Гудэбскай.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *