Прайшла рэгіянальная выстава «Паўночны вектар Гродзеншчыны». Фоторэпартаж

События

Наша краіна была і застаецца рэгіёнам, адкрытым і прывабным для ўкладання замежнага капіталу, з камфортнымі ўмовамі вядзення бізнесу. Гэту выснову вось ужо другі год запар пацвярджаюць рэгіянальная выстава “Паўночны вектар Гродзеншчыны” і Міжнародны эканамічны форум “Новыя магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва”. Упершыню міжнароднага ўзроўню мерапрыемства прайшло ў мінулым годзе ў Ашмянах, якія затым перадалі эстафету Смаргоні. І сёлета наш сусед запрасіў да сябе ў госці не толькі прадстаўнікоў Ашмяншчыны і Астравеччыны, якія разам з ім на выставе прадставілі прадукцыю каля сямідзесяці сваіх прадпрыемстваў, але і дэлегацыі з Італіі, Польшчы, Літвы, Расіі, Малдовы, Сірыі, Азербайджана, Славеніі, Аўстрыі.

Вітаючы шматлікіх гасцей эканамічнага форуму, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра зазначыў, што Гродзеншчына мае багаты вопыт сумеснай дзейнасці з Літвой, Польшчай і Расіяй. Яго трэба актыўна выкарыстоўваць для наладжвання эканамічных сувязяў з іншымі краінамі. Чым больш інвестыцый мы прыцягнем у свой рэгіён, тым  большае развіццё ён атрымае, падкрэсліў губернатар.

На пленарным пасяджэнні форуму Ашмянскі, Смаргонскі і Астравецкі раёны прэзентавалі  54 праекты. Яны былі на любы густ: ад вырошчвання журавін і буякоў на ашмянскіх балотах, будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў раёне пункта пагранічнага кантролю “Каменны Лог”, да ўзвядзення біягазавай устаноўкі ў саўгасе “Смаргонскі” і вытворчасці паліўных брыкетаў з апілак на базе Астравецкага лясгасу. Шмат прапаноў было вынесена Астравецкім райвыканкамам у сувязі з будаўніцтвам на тэрыторыі раёна атамнай электрастанцыі. Цікавыя ідэі прапанаваў ААТ ”Ашмяны-лён”. Ільноперапрацоўшчыкі гатовы наладзіць выпуск аднаразовага посуду з натуральнай сыравіны.  А вось сельскагаспадарчы кааператыў “Ашмянскі світанак” прапанаваў інвестарам праект закладкі фруктовага саду і будаўніцтва сховішча пад садавіну. Як заўважыў госць форуму Мікіта Маткоўскі, генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце,  сёння можна шырока выкарыстоўваць прадукцыю, якую даюць сады.  І гэта не толькі сокі і шматлікія пюрэ і джэмы, але і такі ласунак, як яблычныя чыпсы. Натуральны і карысны прадукт заўсёды будзе карыстацца попытам.

— Галоўная мэта форуму – наладжванне гандлёва-эканамічных сувязяў з замежнымі партнёрамі, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Русанаў. – У мінулым годзе ў Ашмянах паўночны рэгіён прадэманстраваў сваю інвестыцыйную прывабнасць. І калі сюды дадаць яшчэ міжгаліновую выставу-кірмаш    “Еўрарэгіён “Нёман-2010” і выставу-прэзентацыю “Ліда-Рэгіён”, то атрымаюцца наступныя лічбы. Яшчэ год назад на Гродзеншчыне налічвалася 69 прадпрыемстваў з літоўскім капіталам, а сёння іх ужо 120. Значна павялічылася і колькасць прадпрыемстваў з польскімі інвестыцыямі – з 78 да 129 арганізацый.

Безумоўна, на форуме замежныя госці толькі прыглядаліся да праектаў, аднак выступленне прадстаўніка аўстрыйскай дрэваапрацоўчай  фірмы “Kronospan” стала яскравым доказам таго, што на Гродзеншчыне добрыя ўмовы для развіцця бізнесу. Аўстрыйская фірма працуе на Смаргоншчыне ўжо трэці год.  Праект па наладжванні ў рэгіёне вытворчасці ДСП, МДФ, ламініраванага падлогавага пакрыцця значна пашырыўся. Сёння замежныя вытворцы разглядваюць пытанні па арганізацыі мэблевай індустрыі, тым больш, што ў Беларусі ёсць сыравіна, а пад вытворчыя памяшканні можна выкарыстаць плошчы рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Смаргонскі агрэгатны завод”. На рэалізацыю гэтага праекта прадугледжана каля 135 мільёнаў еўра.

Міжнародны эканамічны форум стаў пляцоўкай для  заключэння  пагадненняў паміж паўночнымі раёнамі вобласці і кіраўніцтвам і арганізацыямі замежных дзяржаў. Рэзультатам плённай працы на форуме стала пагадненне паміж Смаргонскім раённым выканаўчым камітэтам і сірыйскай  фірмай Near East Oliy Product  аб будаўніцтве завода па вытворчасці сыроў. Віцэ-стараста  Лідзбаркскага  павета Рэспублікі Польшча Яраслаў Когут паставіў свой подпіс пад пагадненнем з Астравецкім раёнам.   Пагадненне паміж Ашмянскім  раёнам і Укмергскім раёнам Літоўскай Рэспублікі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве  падпісалі  намеснік старшыні райвыканкама Галіна Люткоўская і мэр самакіравання Укмергскага раёна Альгірдас Капустас.

Прыгранічнае размяшчэнне Ашмянскага раёна дазваляе актыўна ўдзельнічаць  у  праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна», «Латвія-Літва-Беларусь». Пяць праектаў з удзелам  Ашмянскага раёна было пададзена  на першы конкурс. На другі конкурс  праграмы “Латвія-Літва-Беларусь”  кіраўніцтва раёна накіравала чатыры праекты,  якія датычацца  развіцця  культурных сувязяў, велатурызму, рашэння экалагічных праблем, бяспекі дарожнага руху.  Канструктыўная размова  аб падрыхтоўцы і дапрацоўцы ўжо пададзеных  праектаў вялася  паміж прадстаўнікамі зацікаўленых службаў Ашмянскага  раёна і гасцямі з Вільнюскага, Шальчынінкскага і Укмергскага раёнаў Літоўскай Рэспублікі, а таксама гміны Сувалка Рэспублікі Польшча падчас  правядзення кантактна-кааперацыйнай біржы.

На наступны год  “Паўночны вектар” прыйдзе на астравецкую зямлю.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *