«Разуменне таго, што я ім патрэбна, мяне сагравае і падбадзёрвае». Як працуецца сацыяльнаму работніку ў вёсцы

Общество

Едзем у вёску. На душы спакойна і ціха. Нават размаўляць не хочацца. Гэтак жа і навокал – ціша і снег, якія ніхто не хоча парушыць: ні звер, ні чалавек. Зрэдчас тоненькім ланцужком сваіх лап распіша некрануты бялюткі ліст заяц і разарве брэхам марозную густую цішыню вясковы Шарык. У невялікіх вёсках ужо і сабакі лянуюцца брахаць. Няма на каго. Пару чалавек, што тут жывуць, лічы, усе свае.

Хаця пра Гарэцкаўшчыну і не скажаш, што маленькая: з кіламетр цягнецца яе звілістая вуліца. Калісьці вёска была цэнтрам аднайменнага саўгаса і налічвала больш за дзевяноста двароў. У пасляваенныя гады тут нават працаваў вапнавы завод. Штогод насельніцтва старэе, сірацеюць вясковыя хаты. Некаторыя пабудовы знікаюць бясследна, іншыя — становяцца лецішчамі.

— Пару двароў толькі жылых у Гарэцкаўшчыне, — адзначае мясцовая жыхарка Ірына Пятроўна Матус, хата якой стаіць у пачатку вёскі. – Жыццё яшчэ цепліцца ў катэджах, што радком стаяць на горцы. Усе яны заселены. У адным размяшчаецца фап. Ёсць у вёсцы і крама. Няхай сабе і не працуе яна штодня, аднак яе не трэба пільнавацца, як аўталаўкі. Яшчэ, здаецца, не так даўно былі пошта, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка, нават школа, якую наведвалі вучні пачатковых класаў. Ужо і дзяцей не засталося. Моладзь раз’ехалася ў гарады. Дажываюць свой век людзі сталага веку.

Ірына Пятроўна не карэнная жыхарка гэтых мясцін. Сама яна родам з Валожынскага раёна. Сюды ж, у Гарэцкаўшчыну, прыйшла замуж. У Ашмянах скончыла тэхнікум і працавала ў саўгасе ўчотчыцай, нарміроўшчыцай, бухгалтарам. Калі 25 студзеня 1987 года саўгас “Гарэцкаўшчына” скасавалі, далучыўшы гаспадарку да эксперыментальнай базы “Баруны”, перавучылася на повара і стала варыць супы і кашы ў дзіцячым садку. Аднак і дашкольнай установы лёс аказаўся незайздросным.

Пасля дэкрэтнага адпачынку Ірыне Пятроўне прапанавалі паўстаўкі сацыяльнага работніка ў Гудаўшчыне. Новую работу ўспрыняла яна без асаблівага энтузіязму, тым больш, што сама яшчэ была маладой, а тут з пажылымі неабходна “вазіцца”. Аднак бегучы да сваіх падапечных, яна штораз задавалася пытаннем, ці не гэта яе прызначэнне – дапамагаць адзінокім, часта хворым і нямоглым людзям, для якіх яна станавілася адзінай надзеяй і ратавальніцай. Гэта дальняя дарога заўсёды давалася лёгка, а кожная сустрэча дадавала новых сіл. Яна ніколі не адчувала ў адносінах да сталых людзей непавагі і раздражнення. Не абмяжоўвалася строгімі рамкамі інструкцый, дзе былі прапісаны яе абавязкі, а рабіла тое, што прасілі людзі і што падказвала сэрца. Прыбягала ў выхадны, ездзіла ў горад за лекамі, хадзіла па асабістых справах сваіх падапечных. Калі не было з кім пакінуць маленькага Сяргея, то брала сына з сабой.

У гэтым годзе спаўняецца 25 год, як Ірына Пятроўна Матус працуе сацыяльным работнікам, і 10 – як яна атрымлівае пенсію. У яе тоўстым, распухшым ад запісаў нататніку, не проста рабочыя запісы, накшталт, каму што прынесці і што купіць. У ім старонкі жыцця людзей, якія сталі ёй роднымі. Яны давяралі ёй свае сакрэты і незайздросныя фінансавыя зберажэнні, не саромеліся сваёй слабасці і бездапаможнасці, наказвалі, у што іх прыбраць, калі прыйдзе час развітацца з жыццём. Калі Ірына Пятроўна бывае на могілках, то заўсёды наведваецца да іх, прыбірае магілы, узгадвае жыццёвыя гісторыі, цесна пераплеценыя і з яе лёсам.

Сёння на абслугоўванні ў сацыяльнага работніка знаходзіцца восем чалавек: пяць – у Гарэцкаўшчыне і тры – у Бянюнах. З вясны да позняй восені ў надзейных памочніках Ірыны Пятроўны – веласіпед, без якога як без рук. Зімой прыходзіцца хадзіць больш пехатой, ды яшчэ з цяжкімі сумкамі ў руках.

— Ужо і ўзрост не той, — прызнаецца жанчына. – Часам, калі моцна стамлюся, гавару сабе, што пайду ўжо на пенсію, аднак адпачну і ганю гэтыя думкі прэч. Як жа яны без мяне!

Са сваімі падапечнымі Ірына Пятроўна адчувае сябе маладой. Вядома ж: ім за восемдзясят, а ёй толькі шэсцьдзясят пяць. Наконт свайго ўзросту Ірына Пятроўна часта жартуе. Вось і нядаўна развесяліў яе выпадак у рэйсавым аўтобусе. На прыпынку ў Багданішках зайшло шмат дачнікаў, і Ірына Пятроўна памкнулася саступіць жанчыне ва ўзросце сваё месца. Гараджанка змерала яе позіркам і адрэзала: “Можно подумать, что сама молодая!” Яна зусім не пакрыўдзілася на тую жанчыну, а наадварот, доўга пасмейвалася з той сітуацыі.

Раймонд і Валерыя Каванскія з сацыяльным работнікам Ірынай Матус

Ірыну Пятроўну мы засталі ў сям’і Каванскіх у Гарэцкаўшчыне. Раймонду Браніслававічу выклікалі ўрача і гаспадыні трэба было патлумачыць, як даваць мужу лекі. Каванскія ўжо шмат год карыстаюцца паслугамі сацыяльнага работніка. Калісьці яны жылі на хутары за вёскай. Працавалі ў саўгасе: Раймонд Браніслававіч інжынерам і механікам, а Валерыя Вікенцьеўна паляводам. Паспявалі і з уласнай гаспадаркай спраўляцца. Калі пачало падводзіць здароўе, пляменнікі параілі перабрацца ў вёску. У катэдж пераходзіць не хацелася. Валерыя Вікенцьеўна баялася падступіцца да катла, аднак зараз яна разумее, што прапалі б адны на хутары. А тут і фап побач, і Ірына Пятроўна недалёка. З ёй яны сувязь трымаюць пастаянную: ёсць і хатні тэлефон, і мабільнік.

— Разуменне таго, што я ім патрэбна, мяне сагравае і падбадзёрвае, — адзначае Ірына Пятроўна Матус. – Толькі тады жыццё мае сэнс, калі ты робіш дабро. У гэтым сэнсе я ніколі не абмяжоўваюся толькі ўласнай сям’ёй, хаця і родным я таксама патрэбна. Ганаруся сваёй дачкой Святланай, якая працуе майстрам вытворчага навучання ў аграрна-тэхнічным каледжы ў горадзе, сынам Сяргеем, ветэрынарным урачом на мясакамбінаце, сваімі ўнукамі Аляксандрам, Андрэем і Уладзікам. Аднак жыве сярод нас шмат людзей, у якіх няма родных, якім не тое, што булку хлеба з крамы няма каму прынесці, але няма з кім і словам перакінуцца. Пра гэта таксама нельга забывацца, не чарсцвець душой.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *