Журналісты сустрэліся ў Астраўцы

События

Сёння жыхароў нашага раёна, ды не толькі іх, цікавіць усё, што датычыцца будаўніцтва беларускай АЭС, якую прадугледжана ўзвесці ў Астравецкім раёне. Вельмі важнай і адказнай тэма аб неабходнасці будаўніцтва станцыі, яе праекце, яе бяспечнасці для акаляючага асяроддзя і чалавека з’яўляецца і для журналістаў. Улічваючы такі інтарэс, па ініцыятыве галоўнага рэдактара газеты “Астравецкая праўда” Ніны Аляксееўны Рыбік для супрацоўнікаў раённых газет паўночнага рэгіёна Гродзеншчыны была арганізавана творчая сустрэча ў інфармацыйным цэнтры будаўніцтва атамнай станцыі, які размешчаны ў астравецкім кінатэатры. Кіраўнік інфармацыйнага цэнтра Эдуард Іванавіч Свірыд вельмі даступна і падрабязна расказаў аб тэхналогіі атрымання ядзернай энергіі, аб схеме атамнага рэактара, аб асаблівасцях праекта “АЭС-2006”, які будзе выкарыстаны для будаўніцтва беларускай станцыі, аб надзейнасці гэтага праекта, што пацвярджаецца яго эксплуатацыяй на Балакоўскай АЭС у Расіі. Э.І. Свірыд адказаў на шэраг пытанняў журналістаў. Дарэчы, дзякуючы інтэрнет-магчымасцям удзельнікі сустрэчы  маглі ў рэжыме бягучага часу даведацца аб радыяцыйнай сітуацыі ў Ашмянах, Смаргоні, у Балакове, Санкт-Пецярбургу  і іншых мясцінах.

Потым супрацоўнікі астравецкай, ашмянскай, смаргонскай раённых газет наведалі аб’екты, якія ўзводзяцца ў адпаведнасці з пачаткам непасрэднага будаўніцтва АЭС: вытворчую базу, якая павінна забяспечыць будаўніцтва жылля і сацыяльна-бытавых аб’ектаў для супрацоўнікаў станцыі, новы мікрараён у Астраўцы на 3 тысячы жыхароў. Потым удзельнікі сустрэчы праехалі па новай аўтамабільнай дарозе, якая прадстаўляе сабой паўднёва-усходні абход Астраўца з выхадам на аўтадарогу М-7 Мінск-Ашмяны-граніца Літоўскай Рэспублікі. Гэты абход будуе наша ДБУ-28. Значная частка аб’екта выканана, магістраль атрымалася выдатная. Побач, паралельна з абходам, пабудавана адгалінаванне чыгункі ад станцыі Ашмяны да месца ўзвядзення АЭС.

Вельмі цікава і крыху нязвыкла, бо ўпершыню, было знаходзіцца на вялізнай пляцоўцы, якая вызначана для будаўніцтва АЭС. Частка падрыхтоўчых работ, як тлумачыў наш суправаджаючы Э.І. Свірыд, ужо выканана. Уласна станцыя размесціцца на ўчастку размерам кіламетр на кіламетр. Пляцоўка гэта знаходзіцца прыкладна у 7-8- кіламетрах ад Міхалішак.

Падчас паездкі журналісты выкарысталі нагоду, каб пабываць у знакамітым касцёле ў Гервятах, дзе для ўсіх іх была арганізавана вельмі цікавая і змястоўная экскусія як па самому храму, так і па дэндрапарку.

Уражанні, звесткі пра будучую АЭС, а таксама пра ўсё, што звязана з атамнай энергіяй, будзе выкарыстана ў падрыхтоўцы больш падрабязных матэрыялаў аб знаходжанні на астравецкай зямлі.

Юрый НІКАЛАЕЎ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *