З 21 па 29 чэрвеня на базе Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі для актыўных удзельнікаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву Ў Беларусі і тым ганаруся” праводзіўся рэспубліканскі профільны аздараўленчы летнік. Акцыя дазволіла лепшым яе ўдзельнікам зляцецца ў славуты Мінск дзеля таго, каб папоўніць скарбонку ведаў, дакрануцца да нашай гісторыі і культуры.
Нашу Гродзенскую вобласць прадстаўляла дэлегацыя сярэдняй школы №1 г. Ашмяны ў складзе шасці вучаніц-адзінаццацікласніц Анастасіі Багуслаўскай, Валерыі Болзан, Кацярыны Гарбачэўскай, Алены Гелай, Веранікі Кетрыс, Алісы Маліставай. Адпачынак у летніку – сапраўднае свята, выдатная ўзнагарода за актыўную краязнаўчую працу. А дазволіла дзяўчатам трапіць у рэспубліканскі летнік перамога ў рэспубліканскім конкурсе летапісаў агульнаадукацыйных школ.
Арганізатары летніка на чале з начальнікам – загадчыкам адзела краязнаўства РЦТіКНМ А. Кравец кожны дзень ладзілі для дзяцей цікавую і насычаную праграму. Гэта і экскурсіі па культавых забудовах нашай сталіцы, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі. Экскурсія ў Свята-Васкрасенскую царкву і сустрэча з мастаком-іканапісцам Анатолем Кузняцовым, дарэчы мастак няпроста піша іконы, а выкарыстоўвае рэльеф каменняў. Наведванне мемарыяльнага комплексу “Курапаты”, экскурсія ў музей валуноў і ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ветліва прымаў удзельнікаў летніка кінатэатр “Піянер” і Тэатр музычнай камедыі. Кожны вечар адбываліся творчыя сустрэчы. Нам пашчаслівіла ў сценах летніка сустрэцца з вядучым праграмы “Новае падарожжа дылетанта” Ю. Жыгамонтам, фальклорным калектывам “Дубальтоўка”, беларускімі пісьменнікамі Л. Дранько-Майсюком і Э. Акуліным. Яскравай у памяці кожнага засталася сустрэча з моладзевай музычнай групай “Джамбібум”. “Вечар сяброў” – вечарына талентаў даказала, што сапраўды ў летніку сабраліся самыя таленавітыя вучні, якія нятолькі ўмеюць плённа працаваць, але яшчэ і самі таленавітыя. Так Анастасія Багуслаўская і Кетрыс Вераніка ўсіх прысутных пазнаёмілі з вершамі, якія пішуць самі. Кацярына Гарбачэўская зачаравала сваімі спевамі, была вядучай адкрыцця і закрыцця летнікавай змены.
Сярод мноства сустрэч і экскурсій цэнтральнае месца летнікавай змены занялі прадстаўленне каманд кожнай вобласці і рэспубліканская краязнаўчая канферэнцыя. Маленькая радзіма пачынаецца з роднага горада. А для нас яна пачынаецца з нашай школы. Якую асалоду і гонар атрымаў кожны з нас у час візітоўкі. Уся аўдыторыя з захапленнем і ў той жа час са здіўленнем і зайздрасцю глядзелі на слайды прэзентацыі пад час знаёмства з намі, а менавіта, з нашай першай школай.
Дзякуй табе, мая любая школа за тое, што ты дала магчымасць нам не толькі адпачыць, але і адчуць прыгажосць нашай Радзімы.
Хутка прабег час. Кожны знайшоў сабе сяброў. За плённую працу ў рэспубліканскім лагеры юных краязнаўцаў – актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” наша дэлегацыя ўзнагароджана дыпломам і памятнымі сувенірамі.
Кіраўнік дэлегацыі настаўнік пачатковых класаў Ларыса Гардзей
Фотаздымкі:
1) творчая сустрэча з беларускімі пісьменнікамі,
2) дэлегацыя САШ № 1 г. Ашмяны
