У школах Ашмянскага раёна ідзе актыўная падрыхтоўка да новага навучальнага года

Культура

Кожны дзень жніўня імкліва набліжае пачатак новага навучальнага года. Не паспееш азірнуцца — і першага верасня. Таму ва ўстановах адукацыі раёна, нягледзячы на канікулы і летні адпачынак, ідзе актыўная падрыхтоўка.

Як паведаміла начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, першага верасня вучняў сустрэнуць  абноўленыя пасля рамонту класы і калідоры, спартыўныя залы і дзіцячыя пляцоўкі, сталовыя і бібліятэкі. Найбольш маштабныя работы запланаваны ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці горада Ашмяны. Акрамя таго, будуць набыты школьны аўтобус і камп’ютарныя класы для дзвюх устаноў адукацыі.

Між тым, у большасці школ — ужо фінішная прамая. Касметычны рамонт падыходзіць да завяршэння. Як школы і садкі падрыхтаваліся да новага навучальнага года, у сярэдзіне жніўня ацэніць спецыяльная камісія. Традыцыйна падчас узаемаправеркі ўвага ўдзяляецца не толькі дызайну, але і выкананню правіл бяспекі, а таксама добраўпарадкаванню тэрыторый.

Усе гэтыя моманты ўлічваюць пры падрыхтоўцы і ў Крэйванцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе. У новым будынку яслі-сад-базавая школа была адчынена адносна нядаўна — у 2011 годзе. Зразумела, што ўстанова ў многім адпавядае сучасным патрабаванням, аднак бягучы рамонт, ландшафтны дызайн і іншыя гаспадарчыя клопаты ніхто не адмяняў.

— Сёлета ў вучэбна-педагагічным комплексе пафарбавалі класы і калідоры, зрабілі кабінет дэфектолага, устанавілі камеры відэаназірання ў сталоўцы, — расказвае Генадзь Гіль, якога мы спаткалі ля школы. — Зрэшты, зараз усё самі пабачыце, — дадае дырэктар і праводзіць для карэспандэнтаў газеты невялікую экскурсію.

Прышкольная тэрыторыя патанае ў кветках, радуюць вока цікавыя ландшафтныя рашэнні і яркія элементы на дзіцячай пляцоўцы. Па ўсім бачна, што пра самых маленькіх жыхароў Крэйванцаў і навакольных вёсак тут не толькі памятаюць, але і клапоцяцца. 10 выхаванцаў дзіцячага садка могуць з задавальненнем бавіць час на горцы, матацыкле, у пясочніцы, машынцы і нават самалёце — усе гэтыя малыя архітэктурныя формы зроблены адмыслова для іх.

На днях на тэрыторыі школы з’явяцца таксама лаўкі — зараз іх вырабам займаецца рабочы па рамонце і абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Іван Вінцаловіч. Разам з дворнікам Віктарам Гарадзецкім яны бяруцца за выкананне розных гаспадарчых задач.

Лічы, гатова сустракаць малечу і ўтульная школа — светлыя класы, пакоі для гульняў і спальні для выхаванцаў садка. Не забыліся за стварэннем знешняй прыгажосці і пра матэрыяльна-тэхнічную базу. Па словах дырэктара, сёлета яна папоўнілася ноутбукам, прынтэрам, плануецца набыць яшчэ два ноутбукі. Дарэчы, забяспечанасць камп’ютарнай тэхнікай ва ўстанове даволі высокая: 1 камп’ютар на 4 вучняў (пры норме 1 камп’ютар на 30 вучняў).

Падрыхтоўка школы да новага навучальнага года — бягучы рамонт, набыццё неабходнай тэхнікі — вядзецца за пазабюджэтныя сродкі, а таксама дзякуючы спонсарскай дапамозе. Сёлета на пасадцы лесу, здачы макулатуры і металалому, як паведаміў Генадзь Гіль, установа зарабіла больш за 2,4 тысячы рублёў. Астатняе — дапамога ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», аўтамабільнага парку №13, індывідуальных прадпрымальнікаў Міраслава Раманоўскага, Вацлава Стасяловіча, Роберта Егіняна. Па меры магчымасці дапамагаюць школе  сыраробны завод і мясцовая гаспадарка — КСУП «Крэйванцы».

Зрабіць рамонт, заараць увесну агарод — а гэта цэлых 35 сотак — дапамагаюць бацькі школьнікаў. Дарэчы, самастойна вырашчаныя бульба, морква, буракі, цыбуля дазваляюць зрабіць харчаванне дзяцей таннейшым. Не, для вясковых школьнікаў яно бясплатнае, але дзякуючы ўласнай гародніне можна больш патраціць, напрыклад, на мяса ці садавіну.

Каб вырашчаная гародніна не губляла сваёй якасці, захоўваюць яе ў спецыяльным сховішчы, якое ўласнымі сіламі зрабілі ў мінулым годзе.

Задаволены Генадзь Гіль і педагагічным калектывам. Хоць Крэйванцы знаходзяцца ў 15 кіламетрах ад горада, настаўнікі ахвотна едуць у вясковую школу. Вопытныя — прыкіпелі душой за гады працы, маладыя — лічаць, што пачынаць ва ўстанове, дзе навучаюцца 43 вучні, ім будзе лягчэй. Тым больш, што ўмовы тут нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Сучасная ўстанова адукацыі заўсёды рада вітаць і дзяцей, і настаўнікаў, і бацькоў.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Присоединяйтесь к нашему каналу https://t.me/belta_telegramm

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *