«Дзеці ў інтэрнэце». Георгій Калдун правёў урок у Ашмянах

Культура

Ёсць людзі, сустрэчы з якімі цёплыя і шчырыя. Такіх спатканняў заўсёды чакаеш, бо менавіта яны пакідаюць пасля сябе добрыя ўспаміны. Сустрэча з творчым, захопленым сваёй справай вядомым тэлевядучым і выканаўцам Георгіем Калдуном была напоўнена важнай і цікавай інфармацыяй, сардэчнасцю, жартамі і толькі станоўчымі эмоцыямі.

IMG_9380

На гэтым тыдні ў межах сумеснага сацыяльнага праекта мабільнага аператара МТС і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Дзеці ў інтэрнэце» на ўроку, прысвечаным  бяспечным паводзінам у глабальнай прасторы, сабраліся школьнікі  нашага горада.

Невыпадкова гэты занятак праходзіў у актавай зале СШ №2 — на працягу некалькіх гадоў навучальная ўстанова пляцоўка для рэалізацыі падобных праектаў. Падчас заняткаў школьнікі пачатковых і сярэдніх класаў вучацца культурным зносінам у сетцы інтэрнэт.

На працягу чатырох гадоў разам з камандай МТС Георгій ездзіць па гарадах Беларусі, каб сустрэцца з малодшымі вучнямі і навучыць іх правільна і бяспечна карыстацца сусветнай павуцінай — сеткай інтэрнэт. Дзякуючы гэтай сацыяльнай ініцыятыве аператара МТС, аб правілах бяспечных і культурных паводзін у глабальнай павуціне даведалася ўжо некалькі тысяч беларускіх вучняў пачатковых класаў.

IMG_9375

— З развіццём і распаўсюджваннем сучасных тэхналогій у грамадстве з’явілася сур’ёзная праблема. Камп’ютар сёння даступны амаль кожнаму дзіцяці, шматфункцыянальны гаджэт у руках дашкольніка — даўно звыклая карціна, а інтэрнэт становіцца асяроддзем, без якога дзеці ўжо не ўяўляюць свайго жыцця, — расказвае Георгій Калдун. — Канешне, нягледзячы на шматлікія плюсы сусветнай павуціны, існуе і адваротны бок медаля, які прадстаўляе сабой пэўную небяспеку для дзіцячай псіхікі — ад вірусаў, празмерна свабоднага і крымінальнага кантэнту, хамскіх паводзін з боку ананімных карыстальнікаў. Менавіта дзеля таго, каб засцерагчы малодшых школьнікаў ад гэтага, і быў створаны праект «Дзеці ў інтэрнэце».

Сустрэча з Георгіем Калдуном прайшла ў форме дыялога. Напачатку педагог праекта пазнаёміўся са школьнікамі, распытаў, ці ведаюць яны, што такое «інтэрнэт» і колькі гадоў таму ён з’явіўся, пацікавіўся ў вучняў, на якіх кантынентах ёсць выхад у сусветную сетку…

IMG_9418

Падчас незвычайнага ўрока малодшыя школьнікі даведаліся пра тое, як граматна і бяспечна паводзіць сябе ў інтэрнэце, ці варта адказваць на паведамленні ад незнаёмых людзей у сацыяльных сетках, дзяліцца з кім-небудзь уваходнымі дадзенымі для асабістых старонак, звяртаць увагу на аб’явы аб раптоўным грашовым выйгрышы і чаму неабходна выкарыстоўваць антывірусныя праграмы.

Форма ўрока — пазнавальна-гульнявая: разам з віртуальнымі героямі  Машай і Мішам школьнікі здзейснілі падарожжа па «Моры інтэрнэту». Георгій упэўнены, што чытаць доўгія лекцыі, пісаць канспекты, якія ніхто потым не адкрые — сумна і няправільна. Дыпламаваны педагог лёгка знайшоў узаемаразуменне з дзіцячай аўдыторыяй, умела даваў парады аб тым, як засцерагчы сябе ад сеткавых пагроз,  вольна падаваў важную інфармацыю і стараўся0 дапамагчы ў складаных сітуацыях.

— Мы хочам паразважаць на тэму бяспекі ў інтэрнэце дзеля таго, каб сістэматызаваць веды, якія ўжо ёсць у дзяцей, і, магчыма, выявіць пэўныя прабелы ў гэтых ведах, — дзеліцца Георгій. — Канешне, аднаго ўрока мала, таму павышаць граматнасць у гэтым пытанні таксама павінны бацькі і педагогі. На гэтым праект мабільнага аператара МТС «Дзеці ў інтэрнэце» не заканчваецца. Хутка ўрокі пройдуць і ў іншых школах нашай краіны.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



1 комментарий по теме “«Дзеці ў інтэрнэце». Георгій Калдун правёў урок у Ашмянах

  1. И правильно! Надо детей обучать. а то смотрят неизвестно что!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *