У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва павіншавалі з Новым годам

Общество

Напярэдадні Новага года ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося адкрыццё кафэ «Забота». За сталамі новага кафэ сабраліся наведвальнікі цэнтра, каб успомніць, чым ім запомніўся мінулы год і падзяліцца планамі на будучы. Дзякуючы супрацоўнікам, юным валанцёрам, і, канешне ж, гасцям, і наведвальнікам аддзялення, сустрэча атрымалася сапраўды цёплай і па-сяброўску ўтульнай.

IMG_8371

Паўсюдна панаваў добры настрой, гучалі звонкія галасы пажылых людзей і гучныя апладысменты, час ад часу залу напаўнялі мілагучныя кампазіцыі маладых валанцёраў і шчырыя словы віншаванняў.

Падчас мерапрыемства шмат цёплых слоў і пажаданняў гучала ад гасцей — намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіны Яшынай і дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ліліі Невяркевіч.

— Мне вельмі прыемна, што я трапіла да вас на мерапрыемства, — звярнулася да прысутных Наталля Станкевіч. — Усё, што робіцца ў гэтых сценах, не можа не кранаць людскія сэрцы і напаўняць іх цяплом і дабрынёй. Заўсёды  хочацца сюды прыходзіць, бачыць вас і тых людзей, якія займаюцца такой важнай справай і радавацца новым поспехам, шчаслівым падзеям, а таксама традыцыям, якія зараджаюцца ва ўстанове.

IMG_8369

Вядучыя мерапрыемства Аксана Бітэль і Ларыса Сурынава на працягу сустрэчы запрашалі гасцей паўдзельнічаць у цікавых гульнях і конкурсах. Гледачы моцнымі апладысментамі, ўсмешкамі сустракалі артыстаў — групу валанцёраў «Добрыя сэрцы». У іх выкананні гучалі як вясёлыя навагоднія кампазіцыі, так і пранікнёныя калядныя спевы.

На сустрэчу да пажылых людзей таксама завіталі Дзед Мароз і Снягурка, якія разам з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра Ліліяй Невяркевіч афіцыйна адкрылі невялікі і ўтульны куточак для адпачынку і сустрэч — кафэ «Забота».

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *