У Ашмянах падведзены вынікі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

Общество

Напрыканцы лістапада ў актавай зале СШ №2 адбыўся ўрачысты сход актывістаў райкама БРСМ. Падчас сустрэчы моладзь і школьнікі падвялі вынікі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, скалалі планы на будучы год, а таксама прынялі ў сваю вялікую і дружную сям’ю творчых і крэатыўных юнакоў і дзяўчат.

Сёлятняе лета школьнікі і навучэнцы каледжаў правялі карысна – не толькі адпачывалі ад заняткаў, але і працавалі ў арганізацыях і гаспадарках Ашмяншчыны, набіраліся вопыту і атрымоўвалі свае першыя заробкі. Таксама яны бавілі час з новымі сябрамі, удзельнічалі ў цікавых інтэлектуальных і спартыўных мерапрыемствах.

IMG_3872

Амаль усё лета і восень моладзь працавала ў сэрвісных, педагагічных, будаўнічых, сельскагаспадарчых і экалагічных студатрадах. Падчас сустрэчы першы сакратар РК ГА БРСМ Вольга Шыдлоўская і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Скурновіч павіншавалі юных студатрадаўцаў з заканчэннем працоўнага семестра і выказалі надзею, што ў наступным годзе колькасць атрадаў будзе большай.

IMG_3907

У розных куточках нашага раёна было створана трыццаць тры студэнцкіх атрады, у якіх працавалі пяцьсот чалавек. Лепшыя з іх атрымалі памятныя падарункі і сувеніры. Падзячнымі лістамі райвыканкама былі ўзнагароджаны старшыні гаспадарак раёна,  кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія запрасілі да сябе на працу школьнікаў і моладзь, а таксама дырэктары школ і каледжаў, якія прынялі актыўны ўдзел у забеспячэнні занятасці сваіх выхаванцаў. Канешне ж, без іх дапамогі не было б магчыма арганізаваць моладзевы рух, а таксама стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы працы і адпачынку.

IMG_3934

У гэты лістападаўскі дзень вучні з гарадскіх і сельскіх школ сталі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, атрымалі білеты і значкі. Каб павіншаваць школьнікаў, у актавай зале сабраліся аднакласнікі, сябры і настаўнікі, а таксама юныя вакалісты з СШ №2.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *