У Гальшанах прайшоў дзень сельсавета

Местное управление Общество

На мінулым тыдні кіраўнікі служб райвыканкама і арганізацый раёна трымалі справаздачу перад жыхарамі Гальшанскага сельсавета. Менавіта ў такой форме апошнім часам праводзяцца ў раёне традыцыйныя Дні сельсавета.

IMG_8137

Заўвагі, скаргі і прапановы грамадзян затым аналізуюцца і служаць не толькі важкім дадаткам да інфармацыі аб дзейнасці сельвыканкама, якая выносіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» на разгляд сесіі райсавета дэпутатаў, але і індыкатарам стану спраў на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі.

Трэба адразу ж зазначыць, што Гальшанскі сельсавет адрозніваецца ад іншых, што ўваходзяць у склад Ашмянскага раёна. Гальшанскі замак, манастырскі комплекс францысканцаў, яўрэйскі квартал, вадзяны млын, школьны краязнаўчы музей, пункт Дугі Струвэ — толькі нязначная частка тых аб’ектаў, якія прыцягваюць да сябе шматлікіх турыстаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Тут старажытнасць пераплятаецца з сучаснасцю і, як ні ў якім іншым месцы, патрабуе да сябе пільнай увагі. Асабліва адміністрацыйны цэнтр, па стане якога складваецца ў гасцей гэтых мясцін уражанне пра ўвесь край.

IMG_8158

Гальшанскі сельсавет — другі (пасля Жупранскага) па тэрыторыі і колькасці насельніцтва ў раёне. У яго склад уваходзяць 34 вёскі і 12 хутароў, дзе пражывае звыш дзвюх з паловай тысяч жыхароў. Апошнім часам у цэнтры сельсавета — аграгарадку Гальшаны — пабудавана амбулаторыя, падведзены газаправод. Для падтрымання ў належным эксплуатацыйным стане жыллёвага фонду РУП ЖКГ капітальна адрамантаваны два дамы па вуліцы Школьнай. КСУП «Гальшаны» ў 2016 годзе на гэтай вуліцы пабудаваны 4-кватэрны дом. У Гальшанах размяшчаецца сярэдняя школа, у якой у гэтым годзе вучыцца амаль 240 дзяцей. Побач са школай — дзіцячы садок, у які штодня прыводзяць бацькі звыш 70 дзяцей. Частка дзяцей, як у школу, так і садок, падвозіцца на аўтобусе. Пасля заканчэння заняткаў многія дзеці спяшаюцца ў дзіцячую школу мастацтваў. Сельскія хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі асвойваюць ігру на музычных інструментах, але і вучацца маляваць, з задавальненнем удзельнічаюць у рознага кшталту творчых конкурсах, па выніках якіх амаль заўсёды становяцца пераможцамі.

Гонарам не толькі мясцовай школы, але і ўсяго аграгарадка з’яўляецца народны музей імя Эдуарда Корзуна. Не так даўно віртуальны музей адчынены пры мясцовай бібліятэцы. Яго наведвальнікі  з цікавасцю адкрываюць для сябе звесткі пра пункты мерыдыяна Дугі Струвэ, адзін з якіх знаходзіцца непадалёку — каля вёскі Цюпішкі.

У мясцовых жыхароў да мінулага свайго краю  адносіны асобыя. Мажліва таму, што яны выраслі ў месцы, дзе ўсё знітавана з гісторыяй. І малы, і дарослы гальшанец раскажа вам легенды пра прывіды, якія блукаюць па руінах замка і ў кляштары, распавядзе пра раскопкі на Гальшанскім гарадзішчы, з гонарам засведчыць пра князя Гольшу і Льва Сапегу, Іўліянію Гальшанскую і Соф’ю, родапачынальніцу дынастыі Ягелонаў.  Шмат слынных людзей жыло ў Гальшанах у свой час. Сярод сучаснікаў на слыху ў месцічаў імёны заслужанага ўрача Альфонса Лаўрыновіча і краязнаўца Эдуарда Корзуна, які ўвекавечыў сваё імя ў змястоўным школьным  музеі і кнігах па гісторыі Гальшанскага краю.

Нядзіўна, што падчас сустрэчы з кіраўніцтвам служб раёна, у якой прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, старшыня сельвыканкама Войцех Коўзан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Аляксандр Сымановіч, дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Белянкоў, прадстаўнікі дарожнай, землеўпарадкавальнай, санітарнай, прыродаахоўнай служб, спажывецкага таварыства, аддзелаў архітэктуры, адукацыі, паштовай сувязі, аховы здароўя, мясцовым жыхарам хацелася пачуць пра лёс руін замка, стан рэчкі Гальшанкі і паркавай зоны, добраўпарадкаванне вуліцы, якая вядзе да мясцовай славутасці.

Разам з тым прагучалі на сходзе пытанні неналежнай якасці пітной вады ў Семерніках, дрэннага стану вуліц у Гальшанах, а таксама дарог паміж населенымі пунктамі: Гальшаны — Драглёўцы — Дзертнікі, Дзертнікі — Нарушаўцы-Семернікі, Міхайлоўшчына-Маркінята-Доргішкі-Валовікі, Гальшаны — Семернікі, недастатковай колькасці кантэйнераў для смецця на вул. Стрыеўскага, адсутнасці банкамата ў аграгарадку, мізэрнага асартыменту тавараў у гаспадарчым магазіне. Нягледзячы на тое, што толькі ў маі адчынілася ў Гальшанах новая амбулаторыя, аднак і на яе работу месцічы выказалі нараканні. Не ўсіх задаволіла работа новага абсталявання, а таксама адсутнасць на некаторы час лабаранта.

Майстар лесу Міхаіл Міцкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама
Майстар лесу Міхаіл Міцкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама

Пытанняў было шмат: і слушных, і тых, якія маглі быць вырашаны ў індывідуальным парадку,  а некаторыя нават без удзелу мясцовай улады.

Разам з тым, усе яны былі занесены ў пратакол сходу, а пасля агучаны падчас справаздачы старшыні сельвыканкама Войцеха Коўзана на чарговай сесіі райсавета дэпутатаў.

У лістападзе ў Гальшанах запланавана правядзенне раённага свята «Дажынкі». За гэты адносна невялікі адрэзак часу належыць зрабіць шмат: і службам раёна, і мясцовай уладзе, і, безумоўна, жыхарам. У першую чаргу гэта датычыцца навядзення парадку на сваіх прыдамавых тэрыторыях, падтрымання парадку на могілках, ля аб’ектаў прыватнага бізнесу населеных пунктаў. Наракаць і крытыкаваць прасцей, аднак і самім трэба прыкладваць намаганні, дбаць пра тое месца, у якім жывеш. Тады і менш пытанняў будзе з выкананнем указа аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці, і знікнуць беспрытульныя сабакі на вуліцах, і платы паваленыя не будуць «упрыгожваць» аграгарадок, і горы смецця не будуць ляжаць у не адведзеных для гэтага месцах.

Аліна САНЮК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *