Наступная станцыя — Жупраны. Праз мястэчка ішла чыгунка і нават быў свой чыгуначны вакзал

Культура

Фото использовано в качестве иллюстрации
Фото использовано в качестве иллюстрации

Некалі праз Жупраны ішла чыгунка, а ў мястэчку нават быў свой чыгуначны вакзал. Цяпер пра гэта амаль ніхто не памятае, а шмат хто з жупранцаў, пачуўшы пра цягнікі ў мястэчку, напэўна, вельмі б здзівіўся.

Нейкі час таму мяне зацікавіла ў інтэрнэце нямецкая карта нашага рэгіёна з 1917 года (часы Першай сусветнай вайны), на якую звярнуў маю ўвагу краязнаўца з Докшыцкага раёна Кастусь Шыталь. Жупраны на карце былі падпісаныя па-нямецку: Schuprany. Разглядаючы абрысы мястэчка, я заўважыў два цікавыя скарачэнні па-нямецку — Vw i Bhf. Vw я расшыфраваў як Vorwerk, на нямецкай мове «фальварак», які размяшчаўся ў канцы жупранскай вуліцы па дарозе на Лусцішкі. У гэтым фальварку, паводле ўспамінаў старэйшых жупранцаў, жыў эканом графа Чапскага, які кіраваў яго гаспадаркаю ў Жупранах. Bhf. азначае Bahnhof — вакзал па-нямецку. Ад сталых жыхароў Жупранаў я ніколі не чуў нават згадак пра чыгунку ў Жупранах, адкуль жа ўзяўся вакзал?

Польская карта чыгуначных ліній з 1922 года паказвае, што праз Жупраны ішла вузкакалейка, якая злучала станцыю Солы на лініі Маладзечна-Вільня і станцыю Багданава на лініі Маладзечна-Ліда. У Жупранах было таксама адгалінаванне вузкакалейкі ў цэнтр тагачаснага павета — Ашмяны. Насып па левым баку пры выездзе з Жупранаў у Ашмяны, відавочна, з’яўляецца былым насыпам пад рэйкі.

Чыгуначную лінію Солы-Багданава, відавочна, пабудавалі нямецкія войскі падчас Першай сусветнай вайны, але не дзеля таго, каб жупранцы маглі хутка і зручна даехаць у Ашмяны альбо Солы, а дзеля перамяшчэння жаўнераў і тэхнікі. Нямецка-рускі фронт стаяў тады нязменна ў нашым рэгіёне вельмі працяглы час.

Чыгуначная станцыя ў Жупранах, мяркуючы па старых картах, знаходзілася каля моста на Замасцяны, прыкладна ў раёне перадваеннага будынка колішняй школы. Былы настаўнік Васіль Фёдаравіч Іваноў, які жыве ў гмаху былой школы, распавядаў мне, што аднойчы, капаючы зямлю на сваім падворку, ён знайшоў металічныя водаправодныя трубы, якія вельмі добра захаваліся. Было відаць, што яны былі вырабленыя вельмі якасна, і доўгае ляжанне ў зямлі іх зусім не пашкодзіла. Мажліва, праз гэтыя трубы падавалася вада на жупранскую чыгуначную станцыю.

Невядома, ці вузкакалейку, што ішла праз Жупраны, калі-небудзь выкарыстоўвалі дзеля перавозкі цывільных пасажыраў ці гандлёвых грузаў. У польскім спісе чыгуначных ліній за 1925 год згадвалася нядзейная вузкакалейная чыгунка на паравознай цязе на лініі Солы-Гарліншчына-Войневічы-Вайцехава  даўжынёй у 40,8 км і шырынёй у 600 мм. У хуткім часе гэтую чыгунку, відаць, і разабралі.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *