Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага – дырэктара СШ №1, без перабольшвання, ведаюць у Ашмянах і дзеці, і дарослыя. І не толькі тыя, хто вучыўся ў адной з лепшых школ вобласці, калектыў якой ён узначальвае ўжо 30 год, але і тыя, хто не раз звяртаўся да яго як да дэпутата.
Лідар сістэмы адуацыі Гродзеншчыны, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, старшыня савета дырэктароў сістэмы адукацыі вобласці, Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі тройчы выбіраўся дэпутатам раённага Савета, у трэці раз абраны дэпутатам абласнога Савета. Ён стаяў ля вытокаў стварэння грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, з’яўляўся памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Кучынскай, прымаў удзел у рабоце V Усебеларускага народнага сходу.
Паважаюць яго ашмянцы як неабыякавага і адказнага чалавека, руплівага і стараннага гаспадара, для якога клопаты і праблемы раёна важней за ўласныя. У мінулым годзе Міхаілу Мар’янавічу Гружэўскаму прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Ашмяны”.
Не раз пра яго пісала раённая газета, абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. У маі ў СШ №1 наведалася творчая каманда журналістаў тэлерадыёкампаніі «Віцебск», каб падрыхтаваць праграму пра дырэктара. Здымкі вяліся ў школе, дома ў Міхаіла Мар’янавіча, у Каменцы, дзе ён нарадзіўся, і ў студыі сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Народное утро”.
Праграму “Народное утро” з удзелам Міхаіла Мар’янавіча Гружэўскага можна пабачыць у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 25 чэрвеня ў 10.20.
Аліна САНЮК.