Браты Захар і Мірон Каржовы з Ашмян сталі лаурэтамі конкурса «Віват, гітара!»

Культура

Завяршыўся яшчэ адзін навучальны год у дзіцячай школе мастацтваў. Скончылася мітусня перад шматлікімі конкурсамі і фестывалямі, доўгая падрыхтоўка да канцэртаў і выступленняў, завяршыліся заняткі і экзамены, а добрыя навіны працягваюць прыходзіць у навучальную ўстанову.

IMG_3262

У апошні вучэбны месяц у Бабруйску прайшоў адкрыты конкурс выканаўцаў на гітары «Віват, гітара!». На конкурснай сцэне выступілі музыканты з розных куткоў Беларусі, Расіі і Украіны. Музычнае спаборніцтва аб’яднала больш за дзве сотні чалавек, якія выступалі ў трох намінацыях — «выканаўцы-салісты»,  «ансамблі», «педагог і вучні» ў пяці ўзроставых групах.

У намінацыі «ансамблі» свае таленты прадэманстравалі вучні Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў — браты Захар і Мірон Каржовы. Нягледзячы на тое, што гэта не першае сур’ёзнае выступленне гітарыстаў, яны доўга рыхтаваліся і вучыліся сцэнічнаму майстэрству ў сваёй выкладчыцы Алесі Уладзіміраўны Місюкевіч. Пранікнёныя мелодыі, выдатнае валоданне інструментам не пакінулі раўнадушнымі членаў журы, якія прыехалі не толькі з Беларусі, але і Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. На конкурсе «Віват, гітара!» браты Каржовы сталі лаурэатамі ІІІ ступені.

У мінулым годзе Захар і Мірон прынялі ўдзел у конкурсе «Вясёлы Жужа», дзе атрымалі першае і другое месцы, а Алеся Уладзіміраўна была адзначана дыпломам за выдатную падрыхтоўку выхаванцаў. Хлопчыкі не застаюцца ў баку ад розных канцэртаў і конкурсаў, якія праходзяць у сценах школы і на раённай сцэне. Але другакласнікам школы мастацтваў і сцэна не заўсёды патрэбна! Яны выступаюць на вулічных фестывалях, на адпачынку і на дабрачынных акцыях. Дарэчы, падчас апошняй мы і пазнаёміліся з Захарам і Міронам. Хлопчыкі ігралі на дабрачыннай выставе-кірмашы «Вялікдзень: час дабра!», арганізаванай у падтрымку аднакласніка Ягора Кумпіцкага.

У рэпертуары юных музыкантаў — класічная музыка, творы сучасных кампазітараў, апрацоўкі з кіна- і мультфільмаў. Дарэчы, любоў да гітары ім прывіла Алеся Місюкевіч. Першы год Захар і Мірон наведвалі мастацка-эстэтычнае аддзяленне, дзе заняткам на гітары прысвячалася ўсяго гадзіна ў тыдзень. На другі год хлопчыкі цвёрда вырашылі, што будуць займацца толькі ігрой на струнным інструменце.

У планах таленавітага дуэта гітарыстаў шмат конкурсаў і фестывалей, сярод якіх міжнародны конкурс «Рэнесанс гітары» і рэспубліканскі «Львёнак». Хлопчыкі ўпэўнены, што з такім выкладчыкам, як Алеся Місюкевіч, дамоў яны абавязкова вернуцца пераможцамі.

Напэўна, Захар і Мірон не скаралі б адну за адной музычныя вяршыні, каб не падтрымка бацькоў, якія сочаць за дзіцячымі поспехамі, дапамагаюць ім пераадольваць розныя перашкоды. Яны разумеюць, як патрэбна хлопчыкам іх падтрымка, таму ездзяць разам з імі на конкурсы, кантралююць заняткі на музычным інструменце дома.

Акрамя ўрокаў у школе мастацтваў, хлопчыкі сур’ёзна займаюцца футболам і каратэ. Захар і Мірон Каржовы — выдатнікі ў агульнаадукацыйнай школе, а ў бібліятэцы — лепшыя чытачы. Браты не могуць сядзець на месцы, таму амаль кожны тыдзень да гэтых цікавых заняткаў абавязкова дадаецца новы!

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *