Хто пабудаваў першы касцёл у Жупранах?

Культура

Пра надзвычай каштоўныя ды нават сенсацыйныя факты па гісторыі Жупран распавядаюць старыя крыніцы.

E1Gx76wqCFo

Гісторыя цяперашняга касцёла ў Жупранах даволі добра задакументаваная: храм пачалі мураваць у 1853 годзе з каменя і чырвонай цэглы на сродкі тагачаснага ўладальніка мястэчка, графа Адама Чапскага. Як захоўваюць у памяці жупранцы, будаваць касцёл дапамагаў малады Францішак Багушэвіч, пазнейшы класік беларускай літаратуры. Ён ездзіў па фэстах і кірмашах, збіраў грошы ды яйкі, на аснове якіх рабіўся раствор для мацавання сценаў.

Пасля паўстання 1863 года будова касцёла прыпынілася, бо царскія ўлады ў якасці пакарання наогул забаранілі будаваць каталіцкія святыні на землях былой Рэчы Паспалітай. Аднак праз некалькі гадоў мясцовая каталіцкая супольнасць здолела атрымаць дазвол, каб працягваць будаўнічыя працы. Новы касцёл у Жупранах быў асвечаны ў кастрычніку 1875 года ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Але цяперашні мураваны храм у Жупранах – гэта не першая каталіцкая святыня ў мястэчку. А што ж кажуць дакументы пра першы жупранскі касцёл?

Даследніца Івона Сівіцкая з Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча) у сваёй магістарскай працы, прысвечанай каталіцкім парафіям на Ашмяншчыне, адзначае, што касцёл ды каталіцкая парафія ўзніклі ў Жупранах каля 1550 года. Праўда, невядома, адкуль даследніца ўзяла гэтыя звесткі. Магчыма, яны базіруюцца на польскамоўнай манаграфіі ксяндза Яна Курчэўскага “Віленскае біскупства”, якая была апублікаваная ў 1912 годзе ў Вільні. Верагодна, гэты аўтар карыстаўся матэрыяламі з касцельных архіваў і дакументаў, якія маглі згубіцца падчас Першай і Другой сусветных войнаў і цяпер для нас недаступныя. Ксёндз Ян Курчэўскі інфармуе, што драўляны касцёл у Жупранах быў пабудаваны ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Святар паведамляе, што фундатарамі касцёла былі Генрык Даўкша і Доўгірд (імаверна, прозвішча без імені). Верагодна, гэта былі мясцовыя землеўладальнікі. Па іх прозвішчах можна меркаваць, што належалі яны да старых баярскіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Генрык Даўкша мог быць звязаны з вёскаю Даўкшышкі, якая знаходзіцца цяпер у Мураванаашмянкоўскім сельсавеце. Вядома, што пачынальнікам гэтага роду быў баярын Даўкша, які быў сярод знаці ВКЛ, што пабраталася з польскаю шляхтаю падчас Гарадзельскай уніі ў 1413 годзе і атрымала родавыя гербы. З іншага адгалінавання гэтага роду паходзіць Мікалай Даўкша (1527-1613), святар і адзін з першых гуманістаў ВКЛ, абаронца літоўскай мовы, які пісаў.

Другога мецэната жупранскай святыні ксёндз Курчэўскі называе проста Доўгірд. Магчыма, гаворка ідзе пра некага з нашчадкаў баярына Доўгірда, ад якога ўзялі пачатак дзве галіны яго роду з двума рознымі гербамі. Пра баярына Доўгірда вядома, што ў XV стагоддзі ён валодаў маёнткам Ваверка пад Лідай.  Ён меў двух сыноў – Міхала і Андрушку, а таксама дачку Далгеруту Вадарадскую.

Дакументы сведчаць, што драўляны жупранскі касцёл быў забраны пратэстантамі-кальвіністамі і перароблены на збор. Краязнаўца Чэслаў Янкоўскі пад канец XIX стагоддзя ў манаграфіі «Ашмянскі павет» адзначае, што ў 1595 годзе драўляны будынак збора, які стаяў на местачковым рынку, ужо быў стары ды патрабаваў рамонту. Каталіцкае ж духавенства падало ў суд на кальвіністаў, абвінаваціўшы іх у бяспраўным заняцці будынка. Урэшце ў 1646 годзе ксёндз Павел Клячкоўскі, віленскі канонік, плябан нясвіжскі, койданаўскі і жупранскі, дамогся ад князя Багуслава Радзівіла, якому належалі тады Жупраны, каб будынак святыні ды землі разам з маёнткам Ганчары, якія былі прыпісаныя да збора, былі вернутыя каталікам.

Далей узнікае пытанне: калі будынак святыні вярнулі каталікам, то дзе маліліся вернікі-кальвіністы? Дакументы кажуць, што ў Жупранах не перастаюць адбывацца сіноды кальвіністаў, мястэчка заставалася адным з важных цэнтраў пратэстанцкага руху ў ВКЛ. Відаць, кальвіністы пабудавалі сабе новую святыню ў іншым месцы.

У гістарычных дакументах можна заўважыць пэўную блытаніну, бо як каталіцкі, так і кальвінісцкі храмы называлі “касцёламі”, “дамамі Божымі”. Чэслаў Янкоўскі піша, напрыклад, што ў 1682 годзе кальвінісцкі збор быў спалены “праз злосць”. Ён далей распавядае, што ў 1692 годзе ў Жупранах пачалі адбудову касцёла пасля пажару. Можна было б меркаваць, што гаворка ідзе пра адну і тую ж святыню, але манаграфія “Віленскае біскупства” сведчыць, што каталіцкі храм у Жупранах быў спалены не “праз злосць”, а падчас вайны з Масковіяй (відаць, маецца на ўвазе вайна 1654-1667 гадоў). З гэтага вынікае, што гаворка вядзецца пра два розныя будынкі.

Далей, гістарычныя дакументы распавядаюць пра кальвінісцкі збор, пра грашовыя ахвяры на яго, сіноды вернікаў-пратэстантаў і гэтак далей. Што адбывалася з касцёлам і як выглядала жыццё каталіцкай парафіі – амаль невядома.

Толькі з 1784 года захаваўся вопіс жупранскай каталіцкай парафіі, які пацвярджае, што ў Жупранах быў як касцёл, так і кальвінісцкі збор у іншым месцы – пры Ашмяне-рацэ. Але Чэслаў Янкоўскі адзначае, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Жупранах існавала толькі каталіцкая капліца на могілках. Магчыма, гэта той самы будынак, які раней называўся касцёлам у вопісе.

Прыкладна ў той жа час падарожнік Феліцыян Сурын на старонках часопіса “Штогоднік ілюстраваны” (гэтыя звесткі ёсць у кнізе “Памяць”, прысвечанай Ашмянскаму раёну) апублікаваў, што ў 1878 годзе ў новым касцёле ў Жупранах яшчэ дабудоўваліся вежы і порцік. Разам з тым, паводле падарожніка, “на другім канцы мястэчка знаходзілася малая драўляная святыня, дах якой аброс мохам, шалёўка абвальвалася са сцен”. Старажылы расказалі Сурыну, што гэта быў даўнейшы кальвінісцкі збор, пабудаваны пры Радзівілах, колішніх гаспадарах мястэчка.

Не захавалася ніякіх выяў ні першага жупранскага драўлянага касцёла, ні збора, але з апісання кальвінісцкай святыні ў 1716 годзе вынікае, што яна мела сем вокнаў, асобную званіцу на бабінцы з двума званамі. Можна меркаваць, што збор ды першы жупранскі касцёл былі пабудаваныя ў мясцовым стылі ды нагадвалі стары драўляны касцёл у Граўжышках або храм у Мураванай Ашмянцы.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *