Прэс-аўтапрабег па Ашмянскаму раёну (дададзена відэа)

Культура

У мінулым годзе рэдакцыя смаргонскай раённай газеты стала пачынальніцай добрай ва ўсіх адносінах справы: запрасіла да сябе ў госці журналістаў рэгіянальных і не толькі, сродкаў масавай інфармацыі, каб паказаць і расказаць пра славутасці свайго краю. Вынікі той вандроўкі ляглі на старонкі мясцовых выданняў і паслужылі падставай для наведвання Смаргоншчыны зацікаўленымі краязнаўствам людзьмі і турыстамі.

Сёлета эстафету прэс-аўтапрабегу ад сваіх суседзяў пераняла ашмянская газета, і на мінулым тыдні да нас наведаліся калегі з Астраўца, Смаргоні, Ліды і Шчучына.

Наконт праграмы маршрута мы доўга вагаліся. Здавалася, што наш край усім добра вядомы, асабліва суседзям, і нічога новага яны не пачуюць і не ўбачаць. Аднак перажывалі мы дарэмна, бо нават для сябе зрабілі шмат адкрыццяў падчас наведвання знаёмых кожнаму ашмянцу, хочацца ў гэтым спадзявацца, аб’ектаў.

А пачалося падарожжа па Ашмяншчыне з краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. Дырэктар музейнай установы Настасся Навіцкая, якая суправаджала нас на працягу цэлага дня, пачала свой экскурс з гісторыі музея ў Ашмянах, якая налічвае больш за 60 год. Восьмы год ідзе, як установа перасялілася на новае месца жыхарства – у будынак былой аптэкі, што ў цэнтры горада. Сучасная, прадуманая да дробязей, экспазіцыя ўражвае гасцей не толькі сваім знешнім выглядам, але і напоўненасцю. Праз усе залы музея праходзіць “стужкай” верш Францішка Багушэвіча “Мая дудка”. Цалкам ён змешчаны ўжо ў самым канцы экспазіцыі, у чацвёртай, супярэчлівай па сваёй пабудове зале, дзе гаворка вядзецца пра паэта (таксама пра Першую і Другую сусветныя войны і мірныя пасляваенныя гады). Дзякуючы эфекту “25 кадра” наведвальнікі пакідаюць музей не толькі ўзброенымі разнастайнай інфармацыяй пра гісторыю нашага краю, але і з веданнем верша Багушэвіча.

Завітаўшы ў Ашмяны, пажадана зазірнуць у сінагогу прыблізна 1912 года пабудовы, што мы і зрабілі. Яна лічыцца адной з найлепш захаваных на Беларусі. На сценах і столі бачны роспіс і асобныя элементы архітэктурнага інтэр’еру. Для захавання гэтага помніка архітэктуры аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі распрацаваны праект, робяцца захады па яго рэалізацыі праз праграму транспамежнага супрацоўніцтва.

Прыцягваюць увагу шматлікіх турыстаў парэшткі касцёла францысканцаў. Нягледзячы на багатую гісторыю і адметную архітэктуру, касцёл, з якога калісьці пачалася забудова горада, сёння нават не з’яўляецца помнікам архітэктуры, аднак ашмянцы ўшаноўваюць гэта месца і лічаць яго святым. Кожны год, у Вербную Нядзелю, парафіяне праходзяць сімвалічны шлях Ісуса, несучы чарговы драўляны крыж на «Ашмянскую Галгофу». На гэту гару падняліся і мы, каб у чарговы раз глянуць з вышыні на ціхі і ўтульны гарадок, на адну з самых старых вуліц райцэнтра, якой вернута першапачатковая назва — замест Кастрычніцкай (Октябрьской) яна ізноў стала называцца Францішканскай.

Па дарозе на Баруны аўтамабільны картэж спыняецца ля аб’екта, які набыў статус турыстычнага зусім нядаўна. Дзякуючы намаганням аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а найбольш цэнтральнай раённай бібліятэкі ў 2015 годзе быў ажыццёўлены праект “Нявесцін камень”. Сёння валун, што ляжыць у рове недалёка ад шашы Мінск – Вільнюс, турысты не абмінаюць, збочваюць сюды, каб загадаць сваё патаемнае жаданне, якое, кажуць, абавязкова спраўджваецца.

Ружовы касцёл Святых Пятра і Паўла ў Барунах прывеціў нас здаля. Ён вядомы на Беларусі перш за ўсё іконай Маці Божай Барунскай, суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Вялікая колькасць знакаў удзячнасці, прынесеных веруючымі, сведчыць аб тым, што ікона валодае лекавай сілай і дапамагае хворым. У скляпенні храма бруіцца крынічка. Шмат легенд і быляў існуе пра гэты цуд прыроды. Кажуць, калі ўзяць ваду з яе не на сваю патрэбу, а на продаж, то крыніца “абураецца” і спыняе бег. А яшчэ лічыцца, што хімічны склад вады з яе не толькі адпавядае заяўленым нормам, але і спрыяе ў лячэнні хвароб.

Ведучы гаворку пра Баруны, наш экскурсавод Настасся Навіцкая спыняе ўвагу на развіцці адукацыі ў гэтым мястэчку. У свой час тут была 3-гадовая ўстанова свецкага напрамку, пераведзеная сюды разам з маёмасцю і настаўнікамі з мястэчка Вішнева. У 1740 г. па патрабаванні клерыкалаў яна змяніла сваю праграму і стала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне, а праз пэўны час зноў стала свецкай. У пачатку дваццатага стагоддзя тут існавала беларуская настаўніцкая семінарыя. Зараз барунскія дзеці вучацца ў вучэбна-педагагічным комплексе, у які ўваходзяць сярэдняя школа і дзіцячы садок. І хаця гэта ўстанова адукацыі яшчэ зусім маладая, школа ў Барунах лічыцца адной з самых старых у Беларусі, мае больш за 300 год.

Калі накіроўваешся з Барун на Гальшаны, вока выхоплівае памятны знак-камень па левым баку ад дарогі. Падчас Першай сусветнай вайны праз гэтую мясцовасць праходзіла лінія Заходняга фронту. Недалёка ад Барун здзейсніў гераічны подзвіг экіпаж самалёта «Ілья Мурамец №16», у гонар якога і быў усталяваны спаткаемцамі помнік. Рускія лётчыкі пахаваны за вёскай, на вайсковых могілках, разам з нямецкімі салдатамі. Немцы пахавалі іх з пашанай, адзначыўшы тым самым мужнасць і гераізм праціўніка.

Унікальным турыстычным аб’ектам на Ашмяншчыне з’яўляецца пункт Тупішкі геадэзічнай дугі Струвэ, якая ўключана ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны. Ва ўрачыстай абстаноўцы, падчас чарговых Гальшанскіх чытанняў адбылося адкрыццё памятнага знака на месцы пункта. Дзякуючы рэалізацыі праекта пры Гальшанскай сельскай бібліятэцы адчынены віртуальны музей Дугі Струвэ, наладжаны сувязі з краінамі, праз якія праходзіць геадэзічная дуга. Пасля наведвання самай высокай на Ашмяншчыне кропкі– больш за 300 метраў над узроўнем мора, – журналісты пабывалі ў музейным пакоі бібліятэкі, не забыўшыся перад гэтым падняцца на Гальшанскае гарадзішча, адкуль бярэ свой пачатак бадай самае ўнікальнае на Беларусі мястэчка.

Экскурсія па Гальшанах магла доўжыцца бясконца, бо цікавасць выклікалі ў нашых гасцей не толькі руіны старажытнага замка, але і яўрэйскі квартал, кляштар і касцёл святога Іаана Хрысціцеля, пра які расказаў ксёндз-пробашч Багуслаў Вуйтовіч, царква Святога Георгія Перамоганосцы, помнік у гонар Соф’і Гальшанскай, родапачынальніцы каралеўскага роду Ягелонаў, гміна. Аповед нашага экскурсавода пра мястэчка быў “перасыпаны” шматлікімі легендамі: пра млынара, што малоў муку на вадзяным млыне, пра Белую панну, якая блукае па кляштары, і Чорнага манаха з замка. Тэатралізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае работнікамі Гальшанскага аддзела культуры і вольнага часу, дазволіла яшчэ больш паглыбіцца ў таямніцы старажытных Гальшан.

Родны край можна вывучаць усё жыццё, і наўрад ці даведаешся яго гісторыю да драбніц, дакапаешся да разгадкі апошняга спрэчнага пытання. Справа гэта не толькі цікавая, але і карысная. Яна ўмацоўвае фундамент нашай краіны і дае адказ на адначасова простае і складанае пытанне:”Хто мы такія? Якога мы роду-племені?”.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

IMG_3387

IMG_3439

IMG_3498

IMG_3500

IMG_3531

IMG_3540

IMG_3562

IMG_3584

IMG_3664

IMG_3683

IMG_3714

IMG_3736

IMG_3779

IMG_3814

IMG_3596

IMG_3633



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *