Пытанне падтрымання парадку на мехдварах пастаянна трымаюць на кантролі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
У межах красавіцкага месячніка па бяспецы працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці падчас вясенніх палявых работ гаспадаркі раёна наведвала мабільная група ў складзе галоўнага дзяржаўнага інспектара працы Смаргонскага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Наталлі Ясевіч, старшыні раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Раісы Турлай і галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Ляўковіча.
Перад кожным членам мабільнай групы была пастаўлена задача: праверыць машынны двор канкрэтнай гаспадаркі і па выніках агляду выдаць сваё заключэнне. У ходзе выязной інспекцыі спецыялісты ацанілі парадак на тэрыторыях мехдвароў, праверылі, як падрыхтавана тэхніка да вясенніх палявых работ, якія ўмовы для працы людзей у рамонтных майстэрнях, наколькі выконваюцца правілы тэхнікі бяспекі і іншыя важныя складнікі.
Падчас агляду спецыялісты давалі тлумачэнні і парады, як правільна забяспечваць выкананне патрэбных нормаў. У цэлым спецыялісты мабільнай групы адзначылі, што сітуацыя не крытычная, у многіх гаспадарках Ашмяншчыны парадак на машынных дварах падтрымліваецца. Наталля Ясевіч адзначыла, што нягледзячы на тое, што рабочыя забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны (адзенне, абутак), не ўсе імі карыстаюцца. Былі ў спецыяліста заўвагі па забеспячэнні тэхнікі — не кожная сельскагаспадарчая машына ўкамплектавана медыцынскай аптэчкай і вогнетушыцелямі. У старых тэхнічных адзінках не працуюць печы.
Мабільная група адзначыла станоўчую працу на мехдвары эксперыментальнай базы «Баруны». У мехмайстэрнях, якімі кіруе Часлаў Дрозд, створаны ўсе ўмовы для своечасовага і якаснага рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі.
У майстэрні «Маслаўшчына» КСУП «Крэйванцы» не хапае асобнага памяшкання для правядзення электразварачных работ. Месца для такіх работ устаноўлена каля ўвахода ў памяшканне, што замінае праводзіць рамонтныя работы. У адсутнасці транспарту тут не заўсёды закрываюць ямы.
Разам з загадчыкам участка №1 КСУП «Крэйванцы» Вадзімам Ракаловічам спецыялісты выехалі на поле, каб праверыць не толькі тэхніку, але і наяўнасць у механізатараў пасведчанняў трактарыстаў-машыністаў адпаведнай катэгорыі, страхавых полісаў.
Наталля Ясевіч адзначыла важнасць таго, што ў гаспадарках раёна вядзецца кантроль за выкананнем працоўнай дысцыпліны: праводзяцца своечасовыя медыцынскія перадрэйсавыя агляды механізатараў, на кожным участку ёсць адказны чалавек, які кантралюе работу, арганізавана гарачае харчаванне на месцы працы.
Аднак не менш важным з’яўляецца і гаспадарскі падыход, кантроль з боку кіраўніцтва і спецыялістаў сельгасарганізацый, беражлівае стаўленне да даверанай тэхнікі кожнага механізатара. Ад гэтага залежыць і парадак у самым падраздзяленні, і стан трактароў, машын і агрэгатаў, з якімі яны сустрэлі сельскагаспадарчы сезон у поўным узбраенні.
Кацярына РУДЗІК.

