Гальшаны рыхтуюцца да свята

Культура

Крыху больш за месяц засталося да правядзення фестывалю «Гальшанскі замак», які традыцыйна збірае аматараў сярэднявечнай культуры з усёй краіны ля старажытных муроў у Гальшанах.

225

У суботу, 20 мая, у восьмы раз мястэчка будзе прымаць шматлікіх гасцей. У гэтым годзе фестываль прысвячаецца 595-годдзю з дня ўступлення ў шлюб Соф’і Гальшанскай і караля Польшчы Ягайлы. Таго, хто завітае на мерапрыемства, чакае шмат прыемных сюрпрызаў. Аб праграме, а таксама, як адбываецца падрыхтоўка да святкавання, ішла размова падчас пасяджэння арганізацыйнага камітэта, што прайшоў пад старшынствам кіраўніка раёна Міраслава Сарасека ў бібліятэцы аграгарадка.

Разам са старшынёй сельвыканкама Войцехам Коўзанам і кіраўнікамі арганізацый, якія будуць задзейнічаны ў правядзенні фэсту, перш былі абмеркаваны пытанні навядзення парадку ў населеным пункце: фасады адміністрацыйных будынкаў, платы, дамы мясцовых жыхароў, вуліцы павінны мець належны стан. Дзе будуць размяшчацца прыпынкі для аўтобусаў, як будзе ажыццяўляцца падвоз людзей, як вырашыць пытанне з працай абменнага пункта валюты, арганізацыя аховы правапарадку і бяспека людзей, работа аб’ектаў грамадскага харчавання — гэтыя і іншыя пытанні былі высветлены падчас сустрэчы.

Што тычыцца непасрэдна фестывалю, то была вынесена прапанова арганізаваць у дзень свята для гасцей экскурсіі па замку з расповедам легенд і паданняў пра мястэчка. Гэту задачу ўскласці на экскурсаводаў мясцовага школьнага музея. Падчас абвесткі праграмы фэсту начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская адзначыла, што разам з традыцыйнымі нумарамі праграмы (развучваннем сярэднявечных танцаў, выступленнем рыцарскіх клубаў, турнірам лучнікаў) гасцей чакае «начны штурм крэпасці», коннае шоу, канцэртныя праграмы з удзелам гуртоў «Восьмыдзень», HardWood, Cad Goddeu. Урачыстае ўскладанне кветак да памятнага знака ў гонар Соф’і Гальшанскай запланавана правесці з удзелам школы званароў Беларусі.

Завітае ў Гальшаны на свята легендарны беларускі гурт «Стары Ольса» і яго лідар Зміцер Сасноўскі.

У гэты дзень у мясцовым Доме культуры пройдзе ў другі раз адкрыты фестываль-конкурс для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Вясёлы Жужа».

Завершыцца мерапрыемства ля сцен замка святочным феерверкам.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *