Вясна для аграрыяў — вельмі адказная пара. У гаспадарках раёна гэта разумеюць усе: і старшыня, і аграном, і загадчык участка, і сейбіт, і галоўны інжынер… Кожны стараецца прыкласці ўсе магчымыя намаганні, каб завяршыць сельскагаспадарчыя работы своечасова.
Паводле дадзеных дыспетчарскай райсельгасхарчу, на 13 красавіка яравымі зерневымі і зернебабовымі ў раёне засеяна палова плошчаў. Найлепшыя вынікі па-ранейшаму ў аграрыяў КСУП «Ашмянскі світанак» — яны адолелі 440 гектараў з 480 запланаваных. Добрыя паказчыкі і ў гальшанскіх земляробаў, якія пасеялі больш за тысячу гектараў яравых зерневых і зернебабовых (66 працэнтаў). Трэба адзначыць, што амаль усе гаспадаркі раёна закончылі сяўбу аўса, адстаюць толькі КСУП «Прыгранічны» і эксперыментальная база «Баруны». Шэраг гаспадарак, сярод якіх КСУП «Кракоўка», «Граўжышкі» і э/б «Баруны», прыступілі да сяўбы яравога рапсу.
Праўда, апошнімі днямі надвор’е аніяк не спрыяе сельскагаспадарчым работам. Прыродную перашкоду ў выглядзе безупыннага дажджу пераадолець не атрымліваецца — прыходзіцца рабіць прыкрыя перапынкі. Будзем спадзявацца, што надвор’е хутка ўсталюецца і дазволіць прадоўжыць сяўбу.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.