У Ашмянах падвялі вынікі Года культуры

Культура

Традыцыйна ў апошні лютаўскі дзень у актавай зале райвыканкама сабраліся спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў культуры раёна, дырэктары і настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, каб падвесці вынікі Года культуры, расказаць пра свае дасягненні, падзяліцца вопытам, а таксама абмеркаваць планы на будучае і вызначыць асноўныя накірункі дзейнасці ў Год навукі.

Выступаючы перад прысутнымі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аддзела падрабязна спыніліся на працы і дасягненнях мінулага года. Начальнік аддзела Людміла Антонаўна Каханоўская распавяла аб рабоце, якая праведзена ў мінулым годзе культурным актывам раёна,  а таксама агучыла іх дасягненні.

Людміла Антоўна адзначыла, што на Ашмяншчыне Год культуры быў насычаны цікавымі падзеямі. Упершыню быў праведзены опэн-эйр «Заход сонца», фестываль фарбаў «Холі», фестываль-конкурс для дзяцей «Вясёлы Жужа», конкурс-свята «Добры дзень, суседзі!». Традыцыйна ля руін Гальшанскага замка аматараў сярэдневяковай культуры сабраў фестываль «Гальшанскі замак», гісторыкаў і даследчыкаў аб’яднала навукова-практычная канферэнцыя «Гальшанскія чытанні», а жыхароў горада прывабіла ноч музеяў і зацікавіла тэатралізаванае прадстаўленне «Зандажы і міражы Ашмян».

IMG_1599

Шэраг мерапрыемстваў быў прысвечаны важнай даце — 675-годдзю з першага ўспаміну Ашмян у летапісах. Маладых і творчых людзей аб’ядналі імпрэзы і конкурсы «За родную Беларусь», «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя», «Міс-Ашмяны» і іншыя.

Шматлікія перамогі ў разнастайных конкурсах, фестывалях, творчых аглядах — гэта вынік штодзённай працы цэлых калектываў. Раённая дзіцячая бібліятэка была ўзнагароджана прэміяй у рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».  На нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» за рэалізацыю праекта «Спадчына і сучаснасць» Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча быў абраны пераможцам у спецыяльнай намінацыі «За лепшую партнёрскую дзейнасць».

Падрабязней на кожным пытанні ў сваіх справаздачах спыняліся прадстаўнікі раённага цэнтра культуры, цэнтральнай бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча і кіраўнікі школ мастацтваў.

Дырэктар раённага цэнтра культуры Вольга Кузьміцкая расказала аб дзейнасці сельскіх устаноў культуры, аб рабоце, арганізацыі вольнага часу вяскоўцаў.

IMG_1629

Пра работу бібліятэк у мінулым годзе распавяла дырэктар цэнтральнай бібліятэкі Марына Белавус. Яна адзначыла, што кніга па-ранейшаму застаецца запатрабаванай сярод сельскага насельніцтва,  таму ўстановы стараюцца актывізаваць работу па папулярызацыі кнігі сярод вяскоўцаў пасродкам больш шырокага выкарыстання інавацыйных тэхналогій. Працягвае сваю работу «бібліятэка на колах» — паслугі бібліёбуса па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі.

Пра тое, як захоўваецца ў раёне гісторыка-культурная спадчына, прысутным  расказала дырэктар гісторыка­краязнаўчага музея імя Багушэвіча Анастасія Навіцкая. Па словах Анастасіі Васільеўны, мінулы год быў багатым на наведвальнікаў. Ва ўстанове было арганізавана шмат цікавых выстаў, якія зацікавілі не толькі жыхароў горада.

Важкі ўклад у культурнае выхаванне юных талентаў унеслі  настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў. Пацверджанне таму — узнагароды выхаванцаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Два музычныя калектывы ў Год культуры атрымалі званне «ўзорны» — хор Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў «Сугучча» (кіраўнік Г. Буйко) і інструментальны ансамбль Гальшанскай школы мастацтваў «Мелодыка» (кіраўнік Н. Каспяровіч). Напрыканцы 2016 года  вучаніца Гальшанскай школы мастацтваў Наталля Райская (настаўнік Наталля Трот) стала стыпендыятам Спецыльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь.

Людміла Каханоўская падзякавала прысутным за прафесіяналізм, апантанасць, шчырасць і  адданасць выбранай прафесіі, а лепшым работнікам, калектывам і ўстановам уручыла ўзнагароды ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Са словамі ўдзячнасці да работнікаў сферы культуры звярнуўся і госць пасяджэння —  начальнік  аддзела  мастацтва, бібліятэк, музеяў і аховы гісторыка-культурнай спадчыны галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік.

Граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама была адзначана плённая праца дырэктара Гальшанскай дзіцячай  школы  мастацтваў Наталлі Трот і загадчыка гарадской  бібліятэкі № 1 Людмілы Зарэцкай.

Ганаровымі граматамі райвыканкама, падзячнымі лістамі, прэміямі і каштоўнымі падарункамі прафсаюзных арганізацый узнагароджаны многія супрацоўнікі ўстаноў культуры.

Таксама падчас пасяджэння былі агучаны вынікі штогадовага раённага конкурсу  «Установа культуры і  адукацыі  года». Сярод сельскіх клубных устаноў лепшым стаў аддзел культуры і вольнага часу аг. Кальчуны (загадчык Марына Палсцюк), сярод бібліятэчных устаноў першае месца атрымала гарадская бібліятэка № 1 (загадчык  Людміла Зарэцкая). У  намінацыі «Лепшая  ўстанова  культуры і адукацыі» сярод  гарадскіх  устаноў дыпломам лаўрэата ўзнагародзілі  паспяховы калектыў Ашмянскай  дзіцячай  школы  мастацтваў (дырэктар Жанна Мажэйка).

На працягу года бібліятэчнымі ўстановамі культуры праводзіўся літаратурны марафон-конкурс «Кнігі і творцы: юбіляры  — 2016»,  перамогу ў якім атрымаў калектыў Гальшанскай сельскай бібліятэкі (загадчык Алёна Юневіч).

Напрыканцы пасяджэння начальнік аддзела Людміла Каханоўская вызначыла перспектывы на 2017 год і адзначыла, што гэты год таксама павінен быць поўны на новыя ідэі, яркія творчыя праекты і цікавыя адкрыцці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *