Алёна Юневіч. Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім

Культура

DSC00680Алёну Юневіч з дзяцінства вабілі яркія вокладкі кніг, гартаючы старонкі якіх, яна адкрывала для сябе вялікі і неабсяжны свет. Калі ў кнізе заставалася ўсяго некалькі старонак, дзяўчынка здзіўлена глядзела і не разумела, як у дзесяці, пяцідзесяці ці нават ў пяцістах старонках размяшчалася вялікая гісторыя?!

Першы раз парог бібліятэкі маленькая Алёна пераступіла ў сем гадоў, доўга блукала сярод кніжных паліцаў і ўсё ж выбрала сваю першую кнігу.  «Муху-цакатуху» Карнея Чукоўскага дзяўчынка прачытала за адзін вечар. З таго часу Алёна наведвала бібліятэку, як толькі мела вольную хвілінку. Цікавыя выставы, маляўнічыя кнігі і часопісы заўсёды прыцягвалі яе ўвагу… У храме кнігі дзяўчынку сустракалі апантаныя бібліятэкары, майстры сваёй справы Нэла Мікалаеўна Шаховіч і Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна. Яны віталі Алёну і яе аднакласнікаў, размаўлялі, цікавіліся справамі ў школе і, канешне ж, дапамагалі выбіраць кнігі.

Напэўна, ужо тады вучаніца Гальшанскай сярэдняй школы Алёна Юневіч зразумела, што звяжа сваё жыццё з бібліятэчнай справай. Пасля вучобы ў школе дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый. Свой працоўны шлях Алёна Юневіч пачала ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі, на пасаду загадчыцы Гальшанскай сельскай бібліятэкі маладога спецыяліста назначылі ў маі 2014 года. Творчая і таленавітая асоба  з першых дзён з асаблівай цеплынёй і шчырасцю ставіцца да сваіх чытачоў, імкнецца перадаць ім любоў да друкаванага слова.

Спецыяліст упэўнена, што у родным мястэчку запаўняць старонкі працоўнай біяграфіі нашмат прасцей і зручней, таму што тут амаль усе аднавяскоўцы знаёмыя, а ў храме кнігі пануе хатняя і сяброўская атмасфера. Былыя супрацоўнікі бібліятэкі Нэла Мікалаеўна Шаховіч, Лілія Уладзіміраўна Рагінская, Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна, Жанна Іосіфаўна Рыжык падтрымлівалі маладога спецыяліста, давалі парады і разам з ёй радаваліся поспехам установы.

IMG_20170114_135637

Людзі часта не задумваюцца, якую важную ролю выконвае ў нашым жыцці бібліятэка і яе работнікі. Найчасцей блізкае знаёмства чалавека з кнігай адбываецца менавіта дзякуючы кніжнаму царству. Асабліва важную ролю адыгрывае бібліятэка ў вёсцы і яе ваколіцах, дзе становіцца яшчэ і месцам сустрэчы як самых маленькіх, так і пажылых жыхароў. Сёння калектыў гальшанскай сельскай бібліятэкі  складаецца з двух чалавек — загадчыцы Алёны Баляславаўны Юневіч і бібліятэкара Рэгіны Браніславаўны Сабалеўскай.

Сваю работу Алёна Баляславаўна вельмі любіць і расказвае пра яе з захапленнем. Абавязкаў у загадчыцы бібліятэкі шмат: перш за ўсё маладому кіраўніку патрэбна ўважліва сачыць за парадкам ва ўстанове, назіраць за кніжным фондам, ствараць розныя выставы і прэзентацыі. Яна сама рыхтуе сцэнарыі мерапрыемстваў і шукае розныя цікавыя матэрыялы для чытачоў, займаецца выдавецкай дзейнасцю, праводзіць экскурсіі ў музеі «Дугі Струвэ», а таксама папаўняе цікавай інфармацыяй сайт struve.by. Дарэчы, гэта яшчэ не поўны спіс абавязкаў спецыяліста, які яна выконвае кожны працоўны дзень з 10 да 19 гадзін.

Добразычлівасць, уважлівасць, творчы падыход да спраў — гэта далёка не поўны пералік прафесійных і чалавечых якасцей Алёны Юневіч.  Заўсёды ветлівая дзяўчына знаходзіць агульную мову з кожным чытачом, ведае, чым яго зацікавіць, што параіць пачытаць. Можна з упэўненасцю сказаць, што работа кніжнай установы не вымяраецца колькасцю заробленых сродкаў альбо аб’ёмам выкананай працы. Галоўны паказчык — гэта чытачы, якія зноў і зноў вяртаюцца ва ўтульны кніжны дом.

Аптэка для душы

Алёна Баляславаўна і Рэгіна Браніславаўна заўсёды параяць пачытаць штосьці цікавае, падтрымаюць добрым словам, і выслухаюць чужыя праблемы і клопаты. Кожны дзень бібліятэкараў напоўнены новымі знаёмствамі з цікавымі кнігамі, свежымі нумарамі газет і часопісаў, а галоўнае, са шчырымі людзьмі, якія жывуць у Гальшанах і ваколіцах. Заўсёды спяшаюцца сюды актыўныя чытачы Часлава Францаўна Акулевіч, Вера Іосіфаўна Кот, Ганна Канстанцінаўна Вялікая, Вера Мікалаеўна Скадорава, Валянціна Сцяпанаўна Лабуніна, Марыя Францаўна Людкоўская, Тамара Кліменцьеўна Вярсоцкая, Тамара  Іванаўна Карповіч, Марыя Ягораўна Селядцова, каб узяць чарговае выданне, абмеркаваць хвалюючыя пытанні, сустрэцца з сябрамі.

 У такім творчым асяродку раскрываецца і душа Алёны Юневіч. Дарэчы, чалавек яна вельмі творчы. Цудоўна і выдатна спраўляецца з роляй сцэнарыста і вядучай разнастайных мерапрыемстваў. Імпрэзы, майстар-класы, творчыя сустрэчы, вечарыны, некаторыя з іх яны праводзяць разам з таленавітымі настаўнікамі і вучнямі школы мастацтваў, а таксама з супрацоўнікамі аддзела культуры і вольнага часу. Самыя яркія і запамінальныя з мерапрыемстваў — майстар-класы для школьнікаў па модульным арыгамі і тэхніцы кусудамы. Святочныя Дні маці, 8 Сакавіка і Дні пажылых людзей кожны год аб’ядноўваюць не адно пакаленне гальшанцаў. Гэтым летам самых маленькіх вучняў школы сабрала чытальная зала пад адкрытым небам (Дзень абароны дзяцей). Традыцыйна падчас восьмага сакавіцкага дня праводзіцца гульня «Поле цудаў».  Асаблівай падзеяй не толькі ў жыцці бібліятэкі, але і аграгарадка становяцца сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, на якія неаднаразова прыязджалі Яўген Куст, Эдвард Сяргей, Валянціна Ліштван, Ядзвіга Чаплінская і Валянціна Гіруць-Русакевіч. Незабыўныя эмоцыі пакінуў творчы вечар з Уладзімірам Ягоўдзікам.

Галоўныя і самыя дарагія чытачы ўстановы — дзеці, якіх знаёмяць з цудоўным светам кнігі. Дзеля гэтага тут заўсёды маляўніча аформленыя стэнды з дзіцячай кнігай, праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. Спецыяльна для самых маленькіх чытачоў у бібліятэцы створаны асобны пакой з дзіцячымі кнігамі. Там яны могуць знайсці гульнявую карту «Падарожжа па Гальшанах». У гэтым жа пакоі ўстановы  мастачка Ірына Лапушэўская стварыла мастацкую копію руінаў Гальшанскага замка ў фармаце ЗD. Кожны год дзеці чакаюць тыдзень дзіцячай кнігі, на якім яны з’яўляюцца самымі важнымі гасцямі. Падчас свята дзеці разам з казачнымі героямі адпраўляюцца ў цудоўнае падарожжа і, перачытваючы старонку за старонкай, вучацца каштоўнасцям: сяброўству, справядлівасці і дабру.

Дарослыя чытачы таксама не застаюцца без увагі. Каб зацікавіць іх выданнямі, кніжнымі навінкамі, свежымі публікацыямі у перыёдыцы, у бібліятэцы пастаянна абнаўляюцца кніжныя выставы. Пры бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне «Сям’я», мэты якога — спрыяць сямейнаму чытанню, правядзенню сумеснага адпачынку. Падчас сустрэч аб’яднання абмяркоўваюцца важныя сямейныя пытанні. Алёна Юневіч адзначае, што вельмі прыемна бачыць, як дарослыя за руку прыводзяць сваіх дзетак у кніжнае царства.

Наведваюць бібліятэку не толькі жыхары Гальшан і суседніх вёсачак, але і госці з-за мяжы, якія на лета прыязджаюць у госці да сваякоў. Алёна Баляславаўна ўпэўнена, што бібліятэку смела можна назваць аптэкай, дзе на паліцах стаяць кнігі-лекі, толькі дапамагаюць яны душы. Людзі хочуць проста адпачыць, трымаючы  чарговы томік у руках. Асаблівай папулярнасцю сёння карыстаюцца раманы, дэтэктывы і фантастыка, ёсць тыя, хто захапляецца класічнымі творамі. Наведвальнікі любяць пагартаць часопісы і газеты. У бібліятэцы ёсць выхад у інтэрнэт, можна раздрукаваць, зрабіць копію, адсканіраваць дакументы, заказаць відэапрэзентацыю ці буклет.

IMG_20170126_094211

Чытачы цікавяцца інфармацыйна-краязнаўчым цэнтрам, дзе сабраны гістарычныя звесткі аб Гальшанах, інфармацыя аб гістарычных дзеячах і сучасніках. Дарэчы, гэтая інфармацыя пастаянна папаўняецца новымі даведкамі. Алёна Юневіч расказвае, што некаторыя з іх выпадкова трапляюць на вочы, але адразу ж адпраўляюцца да агульнай інфармацыі. Час ідзе хутка, перагортваючы старонкі жыцця мястэчка і яе жыхароў, тут беражліва захоўваюць летапіс для наступных пакаленняў.

— Краязнаўства — адзін з асноўных накірункаў нашай бібліятэкі, — расказвае Алёна Юневіч. — Гальшаны маюць багатую гісторыю, частку якой раскрывае экспазіцыйная выстава «Гальшаны ад мінулага да сучаснасці».

Краязнаўцаў гальшанскага краю Яніну Корзун, Валянціну Лабуніну, Алега Караткевіча і Людмілу Кунігель часта можна ўбачыць у бібліятэцы, калі яны карпеюць над чарговым выданнем па гісторыі роднай Гальшаншчыны.

Дом, у якім прыемна гасціць

Галоўнае багацце бібліятэкі — кнігі. Але што такое бібліятэка без чытачоў? Звычайнае сховішча друкаваных выданняў. Многія хадзілі сюды ў дзяцінстве і юнацтве, а цяпер прыводзяць сваіх дзяцей і ўнукаў. На працягу многіх гадоў пастаянныя чытачы кніжнага царства дзеляцца сваімі любімымі выданнямі з бібліятэкай.

Загадчыца бібіліятэкі расказвае, што паступленні ў кніжны фонд невялікія, таму ім прыемна, што людзі дораць свае выданні. Класічная літаратура, жаночыя раманы, дэтэктывы, прыгоды, дзіцячыя выданні знаходзяць пачэснае месца на паліцах бібліятэкі і хутка трапяць у рукі новым чытачам. Некалькі дзясяткаў выданняў бібліятэка атрымала дзякуючы Уладзіміру і Інне Гайдукевічам, Анфісе Якубовіч, Тамары Жызнеўскай, Жанне Кавалёнак, Ганне Мішчук, Алегу Караткевічу і сям’і Місюкевічаў.

— Нягледзячы на тое, што сёння чытаюць у інтэрнэце, усё роўна наведваюць бібліятэку, — дзеліцца Алёна Юневіч. — Прыемна тоўстую ці тонкую, новенькую, з пахам друкарскай фарбы або старэнькую кнігу патрымаць у руках, прагартаць старонкі, закласці край аркуша ці нешта пазначыць. Добра сказаў Максім Багдановіч: «Ёсць чары ў забытым, старадаўным; прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць і жыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным.»

Да кніг тут адносяцца беражліва, рамантуюць, падклейваюць аркушы ці раздрукоўваюць і замяняюць новым: «Спісаныя кніжкі здаём у макулатуру, а бывае, некаторыя выданні так шкада, што клеім іх да апошняга, — расказала Алёна Юневіч».

Маладая загадчыца бібліятэкі ідзе ў нагу з часам — ў сацыяльных сетках створаны суполкі Гальшанскай бібліятэкі, там можна знайсці патрэбную інфармацыю аб дзейнасці ўстановы і мерапрыемствах, абмеркаваць кнігі, а таксама задаць пытанні бібліятэкарам.

Нягледзячы на невялікі тэрмін працы Алёна Юневіч атрымала дыпломы і граматы ад кіраўніцтва раённай бібліятэкі і аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама за высокі прафесіяналізм, дасягненне станоўчых вынікаў ў сваёй справе, а фотаздымак спецыяліста знаходзіцца на Дошцы гонару цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Кажуць, што таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да Алёны Юневіч. Яе бібліятэка — гэта ўтульны, прыгожы, з густам аформлены дом, у якім прыемна гасціць. Сярод жывых кветак, кампазіцый з паперы ўтульна адчуваюць сябе кнігі. Свае захапленні модульным арыгамі, тэхнікай кусудамы і дэкупажам, пляцення з газетных трубачак Алёна перанесла ў бібліятэку. Кветкі, лебядзі, сава ў акулярах, якая сімвалізуе бібліятэкара, любімец майстра Снегавік Сенька… Усе рэчы знайшлі месца на кніжных паліцах. Падчас правядзення чарговай выставы па народнай творчасці яны сталі нагляднымі ілюстрацыямі.

Творчасцю дзяўчына займаецца з дзяцінства — шые, вяжа, вышывае. Сёння дом упрыгожваюць маленькія шэдэўры, зробленыя сваімі рукамі. Розныя кампазіцыі і рэчы ў тэхніцы дэкупажу, зробленыя з душой і цеплынёй майстра, знайшлі пачэснае месца ў дамах калегаў і сяброў.

Акрамя гэтага мэтанакіраваная дзяўчына пачала вывучаць англійскую мову, асвойвае кам’ютарныя праграмы, патрэбныя ёй перш за ўсё для працы ў бібліятэцы. Доўгімі зімовымі вечарамі яна любіць пачытаць кранальныя вершы Роберта Раждзественскага, Эдуарда Акуліна і Максіма Багдановіча.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *