Апошні вечар перад Вялікім Постам прайшоў па традыцыях і звычаях нашых продкаў. У “тлусты аўторак” у адной хаце збіраліся усе жыхары вескі і спраўлялі “прабачальную бяседу”. Так і на падворку аддзела культуры і вольнага часу аг.Кальчуны сабраліся аднавяскоўцы, каб павесяліцца, патанцаваць, папрасіць прабачэння адзін ў аднаго за тое, “што саграшылі справай ці языком”. Нашы госці, ансамбль народнай песні “Крыніцы” РЦК г.Ашмяны зайшлі з пажаданнямі спрыяльных дзянёчкаў,каб раслі памідоры ды агурочкі, каб у нашай працы дапамог Бог, каб урадзіла і жыта і гарох. Каб і ў хаце, і ў полі ўсё ўдавалася. I жыццё наша, як рунь, красавалася. А яшчэ уручылі калодку, каб было нам заўседы салодка.
А гэту калодку гаспадыні свята чаплялі на плечы хлопцам, якія не жаніліся ў гэты мясаед, а тыя, каб не цягаць яе да тае пары, пакуль не знойдуць нявесту, павінны былі адкупіцца ці песняй, ці байкай, ці грашыма. Такіх на свяце знайшлося два. Адзін з іх расказваў байку, а другі спяваў песню.
Па традыцыі, каб рос лен-даўгунец, трэба “заплятаць косы”, што і прапанавалі нашым гледачам вядучыя. Дзве каманды праявілі спрыт у заплятанні косаў са стужак пад вяселую музыку і падтрымку аднавяскоўцаў. А пасля гэтага жадаючыя ўдзельнічалі ў конкурсе прыпевак, а дзеці стараліся правільна сказаць скарагаворку.
А пудзіла Зімы, “разарвалі на шматкі, занясуць на агарод, каб урадлівым быў увесь год”. Свята працягвалася да позняга вечара і усе, хто прыйшоў, атрымалі вялікую асалоду, сувеніры, магчымасць пачаставацца прысмакамі, рыбнай поліўкай і добры настрой, каб сем нядзель пасціцца.





