Канцэрт «Зімовая фантазія» прайшоў у Ашмянах

Культура

Для Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў мінулы год атрымаўся багатым на падзеі. Выхаванцы храма музыкі гучна заявілі аб сабе на шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

IMG_4936

Музыка юных зорачак і іх настаўнікаў знаходзіць  шлях у самыя далёкія закуткі душы адданых гледачоў. У таленавітых музыкантаў наперадзе шмат выступленняў і конкурсаў, да якіх яны натхнёна рыхтуюцца. Апошні канцэрт мінулага года разам з выкладчыкам Таццянай Печкур арганізаваў калектыў настаўнікаў і іх выхаванцы.

Напярэдадні Новага года канцэрт «Зімовая фантазія» сабраў поўную залу раённага цэнтра культуры. Вядучыя імпрэзы маладыя настаўнікі Ганна Мацкевіч і Юлія Ракоўская запрасілі ўсіх прысутных адправіцца ў музычнае падарожжа не толькі з таленавітымі дзецьмі, але і сапраўднымі Дзедам Марозам і Снягуркай. Пакарылі сэрцы гасцей персанажы Бабы Ягі і Стыліста, за вобразамі якіх схаваліся маладыя настаўнікі школы Анастасія Пясецкая і Валерый Ганевіч.

IMG_4944

Музычныя нумары падарылі гледачам выхаванцы школы мастацтваў Захар і Мірон Каржовы, Надзея Багумінская, Ангеліна Авіжыч, Аляксандр Савіцкі і Надзея Авіжыч, навучэнцы Алесі Місюкевіч — ансамбль «Фіеста», хары пад кіраўніцтвам Алы Шавэрда і Ганны Буйко.

У гэты вечар юных зорачак падтрымалі настаўнікі навучальнай установы — Алеся Місюкевіч, Ірына Асмольская, Марына Хадаровіч, Галіна Крыніцкая і Віталь Юрэвіч.

Першыя выдатныя вынікі сваёй творчай працы прадэманстравалі выхаванцы харэографа Ганны Кеда. Дзеці кружыліся ў танцах «Сударыня», «Матрошкі», «Барыня» і «Завіруха», дорачы добры настрой і станоўчыя эмоцыі кожнаму, хто прыйшоў на імпрэзу. Адметна, што танцавалі яны ў касцюмах, якія стварыла сама Ганна Сцяпанаўна.

Напрыканцы свята ўсіх аб’яднала навагодняя латарэя і сумеснае выступленне хору 2-4 класаў (кіраўнік Ганна Буйко). Дарэчы,  «Навагодняе папуры» дзеці выканалі разам з залай.  Дырэктар школы мастацтваў  Жанна Мажэйка  падзякавала ўсім удзельнікам за творчасць і прыемны вечар, а таксама павіншавала ўсіх з надыходзячым Новым годам. Частку сродкаў пасля канцэрта выступоўцы перадалі на лячэнне Дамінікі Шыдлоўскай.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *