Навагодняе свята для дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот прайшло ў Ашмянах

События

Хутка праляцеў час зімовых святаў ─ скончыліся навагоднія мерапрыемствы ў школах і дзіцячых садках, дабрачынная акцыя для дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Свята шчаслівых позіркаў і шчырых усмешак адбылося ў межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Тут у незвычайнае падарожжа выхаванцаў запрасілі Снегавік, Стары Год, Новы Год, Малпа і Дзед Мароз са Снягуркай.

IMG_6276

Апранутыя ў карнавальныя касцюмы дзеці спявалі, танцавалі, вадзілі карагоды каля пышнай, прыбранай яркімі цацкамі і зіхацеючымі агеньчыкамі елкі. Стары Год (Вольга Трацяк) і Малпа (Наталля Вайцяхоўская) разам з дзецьмі і нават дарослымі гасцямі закружыліся ў святочным карагодзе, а пасля прапанавалі паўдзельнічаць у разнастайных конкурах, пачытаць вершы і пажадаць адзін аднаму ўсяго добрага. Напалоханы Снегавік (Тамара Кетрыс) папрасіў дзяцей, каб яны дапамаглі выратаваць Новы Год (Наталля Вайткевіч), Дзеда Мароза (Дзмітрый Шумчык) і Снягурку (Наталля Шыдлоўская).

Таленавітыя выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ганна Матошка, Юлія Бражыцкая, Вікторыя Шанько і Ксенія Емельяновіч  падарылі ўсім прысутным музычныя нумары.

IMG_6270

Павіншаваць дзяцей з надыходзячым святам прыйшлі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксей Дэрвіс і галоўны спецыяліст аддзела Тэрэса Кошань. На гэтую цёплую імпрэзу завітаў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Міраслаў Сарасек. Выхаванцы і выкладчыкі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў сваю чаргу ўручылі старшыні райвыканкама зробленыя сваімі рукамі ўпрыгожванні на елку – шары, на якіх намаляваны знакамітыя месцы Ашмяншчыны. Арыгінальнымі падарункамі  Міраслаў Эдмундавіч паабяцаў упрыгожыць свой кабінет.

Штогод у дабрачыннай акцыі прымаюць удзел піянерскія арганізацыі школ горада. Школьнікі прыносяць на свята мяккія цацкі і салодкія падарункі, каб разам з імі ўручыць дзецям нешта большае – часцінку сваёй душы. Вучаніца гімназіі №1, прадстаўнік моладзевага парламенту Анастасія Саванец павіншавала ўсіх са святам, пажадала дзецям і бацькам  станоўчых эмоцый, здароўя і шчасця.

IMG_6330

На навагодняе свята да выхаванцаў аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку завітаў старшыня прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Кунцэвіч. Ён павіншаваў дзяцей з надыходзячым святам, уручыў падарункі і выказаў надзею на тое, што дзеці хутка вернуцца ў свае сем’і.

Для дзевяці выхаванцаў прытулку работнікі аптэчнай сеткі Ашмянскага раёна на чале з кіраўніком Марынай Гучык падарылі сапраўдную “скрынку здароўя”. У межах дабрачыннай акцыі “Елка здароўя”, кожны з пакупнікоў аптэкі мог набыць са зніжкай вітаміны, біялагічна актыўныя дабаўкі і іншыя тавары аптэчнага асартыменту і пакінуць іх пад зялёнай прыгажуняй. Такім чынам, кожны ашмянец мог далучыцца да добрай справы і падарыць радасць тым, каму патрэбна дапамога і падтрымка.

IMG_6302

Падчас мерапрыемства дзеці не толькі чыталі вершы, кружыліся ў карагодзе, але і расказалі аб сабе і сваіх захапленнях. Дарэчы, самы старэйшы выхаванец прытулку святкуе свой дзень нараджэння трыццаць першага снежня, таму неабыякавыя госці навагодняга свята  вярнуліся, каб павіншаваць хлопчыка з гэтай датай.

Святы для дзетак-інвалідаў і дзяцей-сірот атрымаліся па-сапраўднаму шчырымі і цікавымі. Дзеці, якім не хапае бацькоўскай любові і цеплыні, атрымалі яе тут, на навагоднім свяце. Няхай гэта мерапрыемства скончылася, але ў памяці дзяцей яно застанецца надоўга, так як і падарункі, якія яны атрымалі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *