Што ні дзень – адчыняюцца новыя адрасы, куды прыходзіць святочная дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Чарговы яе маршрут пралёг у Ашмянскую школу-інтэрнат.
Аб візіце гасцей адразу ж засведчыў незвычайны аўтамабіль, які зухавата “заруліў” у школьны двор. Легендарны ГАЗ-21 прывёз не толькі казачную атмасферу мінулага стагоддзя, але і спадзяванне, што цуды ўсяго толькі пачынаюцца. Ярка пафарбаваная “Волга” дзесьці 60-х гадоў выпуску з рэкламай салодкай прадукцыі кандытарскай фабрыкі “Чырвоны харчавік” пералівалася святочнымі агеньчыкамі і клікала да сябе вясёлай музыкай. А калі з яе выйшлі Дзед Мароз са Снягуркай, дык не толькі выхаванцы інтэрната, але і дарослыя паверылі і ў існаванне казачных навагодніх персанажаў, і ў цуды напярэдадні Новага года.
Канцэрн “Белдзяржхарчпрам” сябруе з Ашмянскай школай-інтэрнатам шмат год. Вынікам гэтага сяброўства сталі шматлікія добрыя справы, у якіх прымаюць удзел прадпрыемствы краіны, што ўваходзяць у канцэрн. Так з’явіліся ў школе-інтэрнаце электрычная пліта, камп’ютары, халадзільнік, маразільная скрыня, неабходная мэбля і іншае абсталяванне, быў адрамантаваны дах на адным з карпусоў навучальнай установы, штогод для дзяцей ладзяцца запамінальныя экскурсіі, паездкі і прадстаўленні. А яшчэ госці заўсёды прыязджаюць з салодкімі падарункамі і адкрытым добрым сэрцам.
Вітаючы выхаванцаў інтэрната, старшыня канцэрна Аляксандр Леанідавіч Забела адзначыў галоўнае:
— Вельмі шмат у нас робіцца для дзяцей і ў імя дзяцей. Гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Мне ж хочацца пажадаць, каб вы добра вучыліся і выраслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Няхай спраўдзяцца вашы мары і ў кожнага будзе сям’я, дзе заўсёды будуць жыць любоў, утульнасць і дабрабыт.
Разам з кіраўніком канцэрна на свята да дзяцей завіталі начальнік упраўлення прававой і кадравай работы ўстановы Віктар Ільіч Луцэін, дырэктар ААТ “Белкава” Аляксандр Пятровіч Сушчэўскі, дырэктар Ашмянскага дражджавога завода філіяла ААТ “Дражджавы камбінат” Міхаіл Станіслававіч Яжэвіч і Дзед Мароз са Снягуркай з ААТ “Чырвоны харчавік” (спецыялісты аддзела маркетынгу).
Дзеці расказвалі казачным героям вершы і разам з Вольгай Пятроўнай Емяльянавай, кіраўніком узорнага хору “Пралескі”, прапанавалі гасцям святочную канцэртную праграму. Шчодрыя Дзед Мароз і Снягурка адорвалі артыстаў салодкімі ласункамі, а затым прапанавалі пакатацца на рэтрааўтамабілі.
Пасля экскурсіі па школе-інтэрнаце, якую правёў дырэктар Уладзімір Аляксандравіч Бізюк, азнаямлення з вытворчай базай інтэрната і поспехамі творчага калектыву “Пралескі”, госці паабяцалі аказаць дапамогу яшчэ ў адной добрай справе – справіць канцэртныя касцюмы для дзіцячага хору.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.


