Падчас акцыі «Нашы дзеці» пацыенты Ашмянскай ЦРБ атрымалі падарункі

Культура

У дзіцячых садках і школах  праходзяць навагоднія святы для дзяцей. На жаль, не ўсе атрымалі магчымасць закружыцца ў навагоднім карагодзе разам з сябрамі, атрымаць падарункі і папрасіць у Дзеда Мароза, каб яго галоўная мара спраўдзілася. Некаторыя адныя ці разам з бацькамі сумуюць у бальніцы…

IMG_5863

У межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Скурновіч і артысты аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі наведалі пацыентаў дзіцячага і радзільнага аддзяленняў Ашмянскай ЦРБ. Яны разумеюць, каб падарыць дзецям радасць, не трэба быць добрым чараўніком — дастаткова мець вялікае сэрца.

IMG_5829

Напярэдадні Калядаў дзеці пабывалі на сапраўдным свяце з Дзедам Марозам і Снягуркай, песнямі, вершамі, танцамі каля зялёнай прыгажуні і салодкімі падарункамі. Пасля святочнага карагода дзеці і іх мамы яшчэ доўга не адпускалі артыстаў.

— Шкада, што некаторыя дзеці змушаны адзначаць зімовыя святы ў бальніцы, а не дома разам з роднымі і блізкімі, — адзначае Наталля Скурновіч. — Нам вельмі хочацца падтрымаць іх і пажадаць ім хуткага выздараўлення.

IMG_5866

Падарункі ад раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» атрымалі маладыя матулі. Зімовыя святы прынеслі ім сапраўдны падарунак, які ціха сапіць на руках у маці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *