На Ошмянщине проходит акция «Наши дети»

Культура

Некалькі дзён засталося да самага чароўнага зімовага свята. Марозныя ўзоры на вокнах і хрусткі снег пад нагамі, водар хвоі і імбірнага печыва, калядныя кірмашы і шчаслівыя ўсмешкі людзей… На зялёных прыгажунях з’явіліся каляровыя цацкі і зазіхацелі гірлянды яркіх агеньчыкаў. Руплівыя гаспадыні ўжо рыхтуюць святочнае меню і стараюцца выбраць незвычайны падарунак сваім родным і блізкім. Самыя маленькія мараць аб падарунках пад елкай і чакаюць сустрэчы з Дзедам Марозам і яго ўнучкай Снягуркай.

IMG_5641 Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі стартавала дабрачынная акцыя «Нашы дзеці. З гэтай нагоды старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў павіншаваў з навагоднімі святамі вучняў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыха. Да рэспубліканскай акцыі далучыліся і на Ашмяншчыне.Усіх жадаючых адправіцца ў цікавае навагодняе падарожжа запрасілі работнікі раённага цэнтра культуры, аддзела культуры і вольнага часу  аграгарадкоў Гальшаны і Граўжышкі, вёскі Гродзі. Дарэчы, шэраг навагодніх тэатралізаваных свят «В зимнем царстве, в волшебном государстве» адбудзецца ў аграсядзібе «Вячкойні» да 15 студзеня.

IMG_5656

Упершыню галоўны чараўнік адчыніў дзверы сваёй рэзідэнцыі для маленькіх гасцей. Маляўнічая прырода, казачныя героі, драўляная сядзіба, высокая елка, жывы воўк і дзікі… Здавалася, што мы з дзецьмі трапілі на старонкі зборніка казак, на кожнай старонцы якога нас чакалі вясёлыя і цікавыя прыгоды. Каля высокай брамы дзяцей сустракалі сапраўдныя стражнікі і ахоўнікі сядзібы Дзеда Мароза (Эдвард Булкевіч і Вацлаў Сідаровіч). Па дарозе да рэзідэнцыі кожнага з гасцей чакалі цікавыя выпрабаванні, гульні і конкурсы ад Вароны (Наталля Гардзей) і Сарокі (Алена Вашкель), Лісы (Любоў Шчарбакова) і Мядзведзя (Аляксандр Кот). Нават Баба Яга (Станіслава Тамашэвіч) і Кікімара (Наталля Свідрыцкая) не змаглі сапсаваць добры настрой гасцям, якія чакалі, калі елка зазіхаціць дзясяткамі каляровых агеньчыкаў. У сапраўдным карагодзе закружылі Дзед Мароз (Арцём Кавецкі) і Снягурка (Віялета Суравец). Мудрая Мяцеліца (Валянціна Ліштван) прапанавала дзецям прыняць удзел у навагодняй віктарыне, а з вясёлым Клоунам (Марта Ланеўская) дзеці танцавалі і спявалі. Шчаслівыя ўсмешкі  з дзіцячых твараў не знікалі ні на хвіліну.  Ніхто не застаўся без увагі Дзеда Мароза і яго ўнучкі Снягуркі — усе атрымалі салодкія падарункі і бадзёры настрой, паласаваліся блінамі і гарачай гарбатай.

IMG_5684

IMG_5707

Напрыканцы свята намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Марта Ланеўская і загадчык  аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры вёскі Паляны Валянціна Свірская правялі майстар-класы па аквагрыму і вырабе сувеніраў. Напэўна, яны будуць нагадваць ім аб шчырай сустрэчы ў сядзібе Дзеда Мароза.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *