Ашмянскія музыканты сталі дыпламантамі праекта «#BYFEST»

Культура

Напрыканцы восені ў сталіцы быў арганізаваны міжнародны культурны праект «#BYFEST». Конкурс праходзіў па некалькіх намінацыях: вакал, харэаграфія і інструментальная музыка. Сваю творчасць гледачам прадставілі не толькі ўдзельнікі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і юныя зоркі з Расіі, Украіны, Польшчы, Туркменістана і Кітая.

IMG_3638

Сёлета ў Палац дзяцей і моладзі «Золак» адправілі сапраўдную дэлегацыю інструменталістаў з Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.  Сваю творчасць на конкурсе дэманстравалі: ансамбль скрыпачоў  «Бусинки» і «Незабудки» (кіраўнік Таццяна Чэрская), ансамбль гітарыстаў «Фіеста» (кіраўнік Алеся Місюкевіч), цымбалістка Сняжана Жвірбля (настаўнік Таццяна Печкур), дамбрыстка Маргарыта Канавалава (настаўнік Галіна Нацэўская) і баяніст Вадзім Васілеўскі (настаўнік Галіна Крыніцкая).

Дыпламантамі І ступені міжнароднага культурнага праекта «#BYFEST» сталі вучаніцы Таццяны Віктараўны Чэрскай — Кацярына Шыманская і Марыя Чэрская (калектыў «Незабудки»). На конкурсе яны былі самымі малодшымі інструменталістамі. Журы запомнілася не толькі дасканалае і ўпэўненае выкананне твору, але і лёгкія вобразы дзяўчынак — белыя сукенкі, прыгожыя абадкі на галовах і атласныя стужачкі-паясы.

Руплівасці дзяўчынак можна пазайздросціць — напярэдадні конкурсу яны не гублялі ніводнай хвіліны: займаліся нават на канікулах. Музычны калектыў існуе год, але за гэты час дзяўчынкі дабіліся шматлікіх поспехаў і сталі лаўрэатамі міжнароднага інтэрнэт-конкурсу «Спектр талента» і «Вясёлы Жужа».

 Старанныя дзяўчынкі пазнаёміліся ў школе мастацтваў тры гады таму. Іх як у вядомай песні звязала музыка, таму што Маша вучыцца ў СШ №3, а Каця ў СШ №1. Сёння надзейны тандэм таленавітай піяністкі Каці (настаўнік Таццяна Каралёва) і скрыпачкі Машы (настаўнік Таццяна Чэрская) складае планы на будучае, і гэта не дзіўна, бо з такімі выкладчыкамі хоць на край свету. Вясной яны плануюць паехаць на рэспубліканскі конкурс «Львёнок» і ўжо рыхтуюць новую кампазіцыю.

Дзяўчынкі паспяхова вучацца ў школе, акрамя таго, Кацярына наведвае заняткі ў касцёле, а Марыя займаецца выяўленчым мастацтвам. І гэта далёка не ўвесь спіс захапленняў таленавітых музыкантаў.

Навучэнцы Таццяны Віктараўны выступаюць у школах горада, на бацькоўскіх сходах. Важна, што бацькі заўсёды падтрымліваюць, заўсёды цікавяцца і радуюцца поспехам сваіх дзяцей, размаўляюць з выкладчыкамі і прыслухоўваюцца да іх пункта гледжання.

IMG_3643

З дыпломам лаўрэата ІІІ ступені міжнароднага культурнага праекта «#BYFEST».  вярнуліся Вадзім Васілеўскі і яго настаўніца Галіна Адамаўна Крыніцкая. Таленавіты баяніст часта выступае на шматлікіх конкурсах і фестывалях, заўсёды дэманструе сваю творчасць на школьных канцэртах, а таксама спявае у калектыве «Званочкі» (СШ №1) і іграе ў ансамблі «Весялушкі». Калісьці ў дуэце з братам яны ігралі  класічныя, беларускія народныя песні і творы сучасных аўтараў.

На пытанне аб тым, якімі якасцямі павінен валодаць вучань школы мастацтваў, Галіна Адамаўна адказала, што трэба мець здольнасці да музыкі, быць настойлівым, цікавым і мэтанакіраваным. Гэтымі якасцямі валодае Вадзім, які заўсёды спяшаецца на заняткі да свайго выкладчыка.

Вясной разам з Галінай Адамаўнай яны плануюць выступіць на конкурсе імя Горскага, «Новых вяршынях» і конкурсе «Юны віртуоз». Пакуль гэта толькі планы, а дакладна Вадзім ведае, што звяжа сваё жыццё з музыкай. Дарэчы, настаўнікі ўпэўнены, што з такімі выхаванцамі можна пераадолець любыя цяжкасці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *