У Мураванай Ашмянцы рэалізуецца праект «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ»

События

Праект пад назвай «Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак «КУТ» у Ашмянскім раёне ўжо ажыццяўляўся. Два гады таму яго рэалізоўвала на базе Кальчунскага сельсавета мясцовы бібліятэкар Алена Адольфаўна Шкелда разам з камандай неабыякавых вяскоўцаў-актывістаў пад кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

IMG_1422

Праект стаў пераможцам у конкурсе міні-праектаў ТАНДЭМ — II, фінансуемых на тэрыторыі Беларусі ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У выніку ён быў адобраны Еўракамісіяй у намінацыі «Партнёрства паміж мясцовымі ініцыятывамі і ўладай», а Алена Адольфаўна стала арганізатарам і правадніком у свет цікавых  і карысных ідэй.

Сёлета аналагічны праект, ізноў жа пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і работнікаў раённай бібліятэкі, таксама атрымаў права на ажыццяўленне — на гэты раз на тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета.

Рабочая група праекта, старасты вёсак і актывісты, якія пражываюць у Мураванашмянкоўскім сельсавеце, сабраліся за круглым сталом, каб сумесна абмеркаваць задачы па рэалізацыі праекта, якія будзе доўжыцца па чэрвень 2017 года, данесці інфармацыю пра праект актывістам і затым распаўсюдзіць яе сярод насельніцтва.

IMG_1401Людміла Каханоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнік праекта:

— Адна з асноўных задач праекта — актывізаваць работу мясцовага насельніцтва праз дзейнасць старастаў з мэтай паляпшэння жыцця на вёсцы. Гэта работа будзе ладзіцца праз стварэнне клуба старастаў, які называецца «КУТ» (на рускай мове — культура управления территорией). З жыхарамі аддаленых населеных пунктаў, якія застаюцца без інфраструктуры, дзякуючы праекту будзе арганізавана інфармаванне. Доступ да інфармацыі будзе ажыццяўляцца праз дзейнасць валанцёрскай групы, якая возьме на сябе ў нейкай меры і функцыю бібліятэчнага работніка, і медыцынскага (валанцёры змогуць змераць артэрыяльны ціск), і акажуць дапамогу старым людзям па гаспадарцы. Важна, каб грамадзяне зразумелі, што палепшыць сваё жыццё яны могуць і самі, а для гэтага трэба прымаць удзел у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Праект у Кальчунах — яскравы прыклад таго, як мясцовыя жыхары згуртоўваюцца для вырашэння ўзнікшых вясковых праблем. Аб тым, як ён ажыццяўляўся, і што чакае жыхароў Мураванаашмянкоўскага сельсавета, мы  сёння і раскажам мясцовым жыхарам.

IMG_1494Аліна Лыскойць, кіраўнік клуба старастаў вёсак «КУТ», стараста аграгарадка Мураваная Ашмянка, каардынатар праекта:

— Мы актыўна ўключыліся ў работу. Створаны клуб старастаў.  Неабходна давесці інфармацыю да вяскоўцаў аб конкурсах, якія запланаваны ў рамках праекта. Вядома ж, што і ў нас шмат актыўных і ініцыятыўных людзей, і мы таксама, як і кальчунцы, і добрыя справы зробім, і створым пры бібліятэцы сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Вось паглядзіце, на сустрэчу за круглым сталом колькі людзей сабралася. Мы рознага ўзросту, аднак усім нам хочацца, каб жыццё наша было лепшым, каб вось гэта дапамога — праз праект — пайшла на карысць усім нам.

IMG_1451Марына Саковіч, кіраўнік спраў Мураванаашмянкоўскага сельвыканкама:

— На тэрыторыі Мураванаашмянкоўскага сельсавета пражывае 795 чалавек, 55 працэнтаў з іх — гэта людзі працаздольнага ўзросту, 30 працэнтаў складаюць пенсіянеры. Значная частка насельніцтва жыве ў вялікіх населеных пунктах, аднак шмат людзей, часцей сталага ўзросту, жыве ў зусім невялічкіх вёсках і нават на хутарах, дзе няма ніякай інфраструктуры.  Дапамогу такім людзям аказваюць нашы старасты. Іх у нас 13 (9 жанчын і 4 мужчыны). Першымі нашымі памочнікамі ў любой справе з’яўляюцца Іван Млыноўскі, Данута Матусевіч, Алеся Захарка, Францішка Гарбачэўская, Ядзвіга Таўкінь, Тэрэса Швінта, Аліна Лыскойць. Асобна хацелася б адзначыць Яніну Маркоўскую з Цімутоў, якая, нягледзячы на ўзрост (мае ўжо 80 год), па актыўнасці і адказнасці можа пасупернічаць з маладымі. Думаецца, што з такімі людзьмі нам няма чаго баяцца: усё ў нас атрымаецца. Вочы баяцца, а рукі робяць. Варта толькі пачаць.

IMG_1479Алена Шкелда, бібліятэкар сельскай бібліятэкі аграгарадка Кальчуны, кіраўнік праекта «КУТ» у 2014 годзе:

— Думаеце, я не баялася, калі пачынаўся наш праект. І пытанняў шмат было, і праблемы ўзнікалі. Аднак вы не паверыце, колькі задавальнення я атрымала, калі з’явіліся рэзультаты нашых добрых спраў, якія паўплывалі на жыццё жыхароў усяго сельскага Савета, ды і не толькі. Мастком на Будзёнаўку сёння без боязі, бо грунтоўны, могуць карыстацца ўсе. Думаецца, што і яблыкамі, якія саспеюць праз некалькі год у садзе, пасаджаным жыхарамі Мардасоў, пашчасціць паласавацца ўсім, хто трапіць у гэту мясцовасць. Сёлета ўжо два яблыкі былі. Дый дзіцячая гульнявая пляцоўка ў Кальчунах з радасцю прыме любую матулю, якая захоча пагуляць тут са сваім дзіцем.

Любая ідэя альбо ініцыятыва патрабуе падтрымкі грамадскасці, актыўных і неабыякавых людзей. Таму праект мы ажыццяўлялі ў партнёрстве з сельвыканкамам, раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Праз праект мы змаглі ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу бібліятэкі. Створаны пры бібліятэцы сацыяльна-інфармацыйны цэнтр дазволіў набыць сучаснае абсталяванне (ноўтбук, праектар, экран, стэнды), якое актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце. Пры бібліятэцы працуе група валанцёраў, у склад якой уваходзяць вучні старэйшых класаў мясцовай школы. У іх распараджэнні тры веласіпеды. Акрамя таго, што валанцёры аператыўна могуць данесці інфармацыю да людзей у аддаленыя вёскі, усім жадаючым актывісты-падлеткі змераюць артэрыяльны ціск: на сродкі праекта набыты танометр. Дарэчы, пакарыстацца медыцынскім прыборам можна і ў бібліятэцы. Дзякуючы праекту, у холе ўстановы культуры размясціўся тэнісны стол, што прыйшлося даспадобы мясцовым дзецям. А вось той, хто цікавіцца народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, можа праявіць сябе ў ткацтве: праз прект набыты ткацкі станок.

IMG_1467Марына Белавус, дырэктар ГУК «Ашмянская раённая бібліятэка», член рабочай групы праекта:

— Паколькі папярэдні праект паказаў добрыя вынікі, мы вырашылі правесці аналагічную работу яшчэ раз. Шчаслівы білет на гэты раз выпаў Мураванай Ашмянцы. На рэалізацыю праекта прадугледжана 10900 долараў (9900 долараў выдаткавана Еўрасаюзам, 1000 — бюджэтныя сродкі раёна).

Таксама як і ў Кальчунах, пры Мураванаашмянкоўскай бібліятэцы будзе створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр. Для яго работы ўжо закуплены ноўтбук і телевізар, стэнды інфармацыі, на якіх будзе адлюстроўвацца жыццё мясцовых жыхароў. Для валанцёрскай групы будуць закуплены веласіпеды і электронны танометр. Частка сродкаў пойдзе на выдавецкую дзейнасць: буклеты і лістоўкі, якія засведчаць аб рабоце сацыяльна-інфармацыйнага цэнтра, клубе старастаў, аб тых справах, што будуць праходзіць у рамках праекта. Праектам прадугледжана правядзенне семінараў, сходаў, сустрэч. Завершыцца праект у чэрвені вялікім святам народнай культуры «Землякі», на якім будуць падведзены вынікі зробленага і адзначаны актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў.

IMG_1444Сяргей Жылік, метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, член рабочай групы:

— Што тычыцца конкурсаў, то яны, як ужо адзначыла Марына Раманаўна, будуць такімі ж, як у папярэднім праекце. Клубам старастаў вёсак будзе арганізаваны конкурс «Добрая справа». Заяўкі групам актывістаў неабходна падаць да 1 студзеня. Разгляд іх завершыцца 16 студзеня. Журы выбярэ тры справы. На ажыццяўленне кожнай будуць выдаткаваны грошы, аднак яны пойдуць на набыццё неабходных будаўнічых матэрыялаў, ці, напрыклад, абсталявання (у залежнасці ад таго, якой будзе справа). Усе работы мясцовыя жыхары будуць праводзіць уласнаручна, аплата за іх выкананне не прадугледжана.

У конкурсе на лепшага гаспадара могуць прыняць удзел жыхары аддаленых населеных пунктаў. Мураваная Ашмянка з гэтага спісу выпадае. Аб удзеле ў конкурсе жыхары павінны паведаміць Аліне Уладзіміраўне ці ў сельвыканкам. Пры падвядзенні вынікаў будуць улічвацца эстэтычны і санітарны стан двара, выгляд пабудоў, наяўнасць сада і кветнікаў. Падрабязна азнаёміцца з палажэннем можна ў арганізатараў. Конкурс пройдзе дзесьці з красавіка па май уключна. Пераможцы будуць адзначаны грашовымі прэміямі. Не застануцца ў баку і юныя жыхары сельсавета: дзеці змогуць паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў «Замалёўкі з вандроўкі» (з 1 мая па 8 чэрвеня) і таксама атрымаць узнагароды.

Аліна САНЮК.

Фота Вольгі ТАРАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *