Сонейка ўсё радзей песціць нас сваімі промнямі. У кватэрах ужо ўключылі ацяпленне, і ў вясковых хатах каля печаў ляжаць дровы, якія сагрэюць цяплом сваіх гаспадароў. Хутка халоднае надвор’е канчаткова ўступіць у свае законныя правы. Сады апусцелі — дрэвы, кусты, агароды падрыхтаваны да суровай зімы. Калгаснікі пасадзілі азімыя, яны добра ўзышлі і чакаюць, калі белая коўдра старанна засцеле поле. Сёння мы даведаліся, як жыхары раёна рыхтуюцца да зімы.
Генадзь ТАРМАСЕВІЧ, настаўнік біялогіі і геаграфіі:
— Зіма — гэта сапраўднае выпрабаванне для аўтамабілістаў. Таму трэба рыхтавацца загадзя. Першае і самае галоўнае — «пераабуць» колы. Што датычыцца рухавіка, патрэбна замяніць масла і пажадана, каб быў заменены паветраны фільтр. Важна, каб працавалі ўсе свечы, тады аўтамабіль будзе без праблем заводзіцца і не падвядзе з надыходам «крэпкіх» маразоў. Можна набыць спецыяльныя спрэі для замкоў на выпадак, калі яны «замерзнуць».
Абавязкова трэба праверыць акумулятар, і гэта яшчэ не ўсё! Тэхнічны стан аўтамабіля павінен быць у поўным парадку — дарэчы, незалежна ад пары года.
Галіна МАКРЫЦКАЯ, загадчык аддзела рэкламы і маркетынгу:
— З сям’ёй мы жывём у горадзе, але ў прыватным драўляным доме, таму на зіму патрэбна дасткова нарыхтаваць паліва. З лішкам нам хапае дзвюх машын дроў, якія мы кожны год нарыхтоўваем. Перад надыходам маразоў абавязкова правяраем стан печы, калі патрэбна, робім касметычны рамонт. Штогод прачышчаем комін.
Да зімы, канешне ж, прыбралі кветнікі, сабралі ўраджай з агарода. Зрабілі хатнія запасы: што паклалі на захоўванне ў склеп, што ўжо спажываем, запасліся грыбамі і ягадамі, малінавым варэннем, якое добра дапамагае ў сезон прастудных захворванняў.
Рэгіна РУНЕЦ, сацыяльны работнік:
— Людзі, якіх я даглядаю, жывуць у вёсцы. Таму спраў, якія трэба скончыць да зімы, хапае. Большасці пенсіянераў за восемдзесят гадоў, таму ім нават у простых рэчах патрэбна дапамога. Падчас кожнага візіту — прынесці вады з калодзежа, нанесці дроў і прапаліць печы; пачысціць, уцяпліць і заклеіць вокны, памыць фіранкі і цюль.
Разам са сваімі падапечнымі сабралі ўраджай і падрыхтавалі агароды да маразоў. Некаторым вельмі падабаюцца мае нарыхтоўкі, таму яны просяць закатаць у слоікі агуркі і грыбы па «фірменным» рэцэпце.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

