Таленавіты педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў горадзе Ашмяны

Культура

Напэўна, няма ў свеце чалавека, які не мае ніякага таленту. Хтосьці паказвае добрыя вынікі ў спорце, хтосьці грае на музычных інструментах, хтосьці цудоўна малюе. Апошнім талентам валодае Валянціна Вербіловіч — педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў горадзе Ашмяны.

IMG_0489

На першы погляд, звычайная дзяўчына, аднак Валянціне дастаткова ўзяць у рукі аловак, каб даказаць сваю незвычайнасць, унікальнасць. З-пад яе алоўка выглядаюць прыгожыя твары сяброў, родных і проста незнаёмых людзей, якія некалі зачапілі, урэзаліся ў памяць. Прыгожыя пейзажы, незвычайныя нацюрморты, цудоўныя партрэты — гэта толькі невялікая частка таго, што стварае Валянціна. Аднак з чаго ўсё пачалося?

А пачалося ўсё амаль дваццаць год таму… Валі чатыры гады. І вось ужо яна навучылася трымаць у кволых пальчыках аловак. Першыя няўмелыя штрыхі…. Спачатку  на чыстых аркушах паперы, а пасля і на шпалерах, на сценах… Мама часта журыла дачушку за такія штукі, Валя шчыра выслухоўвала маміны павучанні і зноў рабіла сваё. Ну як тут утрымацца, каб не намаляваць любімага хатняга пітомца або героя любімай казкі! Дзіцячая забава перарасла ў нешта большае ўжо ў школе. Тут талент дзяўчынкі заўважыла настаўніца малявання, якая прапанавала Валі запісацца ў мастацкую школу. І дзяўчынка запісалася. Менавіта ў гэты момант яе захапленне перайшло на новы ўзровень. Цяпер, абапіраючыся  на набытыя веды, маленькая мастачка стварала цудоўныя работы. Час ішоў. І вось ён той самы момант, калі трэба зрабіць прафесійны выбар. Аднак адказ на гэтае пытанне дзяўчына дала адразу. Адразу яна аддала перавагу маляванню, бо ў іншай справе ўявіць сябе не магла. Пасля дзясятага класа Валянціна падала дакументы ў Ваўкавыскі каледж. Графічны дызайн даўно вабіў і захапляў мастачку. Вучоба любімай справе давала вялікую асалоду. Кожны занятак прыносіў новыя веды і адчуванне радасці. У каледжы Валянціна пазнаёмілася з новымі тэхнікамі, пра існаванне якіх раней не ведала. Але галоўным набыткам Валянціна лічыць сяброў, якіх яна сустрэла за час вучобы ў каледжы, бо толькі мастак можа найбольш поўна зразумець творчасць іншага мастака. З замілаваннем дзяўчына ўзгадвае гады навучання, сваіх сяброў і педагогаў, якія стымулявалі яе да творчасці.

IMG_0495

Зараз Валянціна сама з’яўляецца педагогам. Яе заняткі карыстаюцца поспехам у дзяцей, бо да працы дзяўчына падыходзіць адказна. У кожны занятак педагог стараецца ўкласці часцінку душы. Яна ведае, што па-іншаму ў справе творчасці нельга. І яе вучні паказваюць добрыя вынікі. Некаторыя з іх выказваюць жаданне звязаць сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам.

Графічны дызайн і маляванне не адзіныя спадарожнікі Валянціны. Зараз дзяўчына ўсур’ёз займаецца стварэннем макетаў. Гэта надзвычай складаная справа, бо патрабуе вялікай засяроджанасці і акуратнасці. Аднак кожны макет — сапраўдны шэдэўр. Гледзячы на паменшаныя копіі касцёлаў, цэркваў, дамоў, падаецца, што трапляеш у нейкі незвычайны свет.

Аднак найбольшую перавагу дзяўчына аддае партрэту. Кожны чалавек па-свойму прыгожы, незвычайны, унікальны, а паказаць гэтую ўнікальнасць у поўнай меры можа толькі партрэт. Партрэты Валянціны — сапраўдная «алея твараў». Розныя па ўзросце, прафесіі, сацыяльным становішчы людзі пазіраюць з партрэтаў мастачкі. У кожнай такой працы ёсць свая маленькая гісторыя. Аднак, напэўна, найбольш здзіўляе глыбіня адлюстравання вачэй. Падаецца, што гэта не малюнак. Падаецца, што сам чалавек пазірае на цябе. Нехта — сумнымі вачыма, нехта — загадкавымі, нехта — вясёлымі.

Валянціна Вербіловіч — таленавітая мастачка, аднак гэта не перашкаджае ёй заставацца звычайным чалавекам са сваімі клопатамі, слабымі і моцнымі бакамі, захапленнямі і марамі. Зусім нядаўна Валянціна атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Цяпер у яе ёсць маленькая мара — аб’ехаць усю Беларусь на сваім аўтамабілі. Аднак для таго каб пачаць ажыццяўляць гэту мару, трэба дачакацца чарговага адпачынку. А пакуль Валянціна «падарожнічае» па старонках любімых кніг.

Валянцінай намалявана вялікая колькасць малюнкаў. Усе яны адметныя, прыгожыя і незвычайныя. Аднак самы галоўны малюнак яна яшчэ толькі пачынае маляваць. Для яго яна стараецца выкарыстоўваць толькі самыя яркія фарбы. Гэту працу ёй дапамагаюць рабіць яе родныя, сябры і проста знаёмыя. Для  працы над ім патрэбен асаблівы талент, цярпенне і стараннасць, бо гэта малюнак яе жыцця…

Марта МАЦКЕВІЧ.

Фота Аляксандра Наумчыка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *