Асобныя кадры для казачнага сюжэта «Папялушкі» сёлета можна здымаць у аграгарадку Жупраны. Мясцовы жыхар Віктар Мар’янавіч Кетрыс, які працуе ў Ашмянскай мытні, сабраў надзвычай багаты ўраджай гарбузоў. Беглага позірку дастаткова, каб зразумець: ладныя атрымаліся б карэты.
Акрамя стандартнага сялянскага набору — бульбы, морквы, цыбулі, часнаку, буракоў, — на прысядзібным участку Віктара Мар’янавіча вырасла некалькі дзясяткаў сапраўдных прыгажунь. Дзве каралевы гароду пацягнулі на два пуды кожная. Яшчэ з дзясятак гарбузоў заважылі па дваццаць кілаграмаў. А на дробныя, кажа дбайны гаспадар, шкада было час траціць — узважваць.
У чым сакрэт такога ўраджаю? Пэўна, гэтае пытанне цікавіць нашых чытачоў, з ім да Віктара Мар’янавіча звяртаюцца і аднавяскоўцы. Некаторыя мяркуюць, што прычына ў спецыфічных ведах і асаблівым падыходзе — Віктар Мар’янавіч, дарэчы, як і яго жонка Тэрэса Чаславаўна, — аграномы па спецыяльнасці. Аднак сам гаспадар сцвярджае, што ніякіх звышсучасных тэхналогій не прымяняе. Усё, як звычайна: своечасова вырабленая глеба, арганічнае ўгнаенне і догляд. Віктар Мар’янавіч лічыць, што не апошнюю ролю ва ўраджайнасці адыграла і насенне, якое ў свой час ён узяў у суседкі, а тая, пэўна, прывезла з Украіны.
Дзівяцца на дзядулевых прыгажунь і ўнучкі. Спрабавалі нават падняць. Але, як кажуць, кашы мала елі: старэйшая адзінаццацігадовая Ангеліна і з месца не скранула, а малодшай Паліне рук не хапіла, каб абхапіць гарбуз-велікан. Праўда, цяпер карысная страва — духмяная гарбузовая каша — дзяўчатам забяспечана.
Людміла КОЗЕЛ.
На здымку: удзельнік конкурсу «І мачыла, і сушыла — што на градах урадзіла» Віктар Мар’янавіч Кетрыс са сваім ураджаем.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.

