Жыццё складаецца з сустрэч і расстанняў. Яны ўзбагачаюць нас нават тады, калі нясуць у сабе негатыўны падтэкст. Яны рухаюць нас наперад. Мяняюць нашы погляды. Дораць яркія эмоцыі і пачуцці.
Усё пачынаецца з сустрэч. Вось і для наведвальнікаў раённай бібліятэкі, якія 20 год назад упершыню прыйшлі на мерапрыемства ў клуб з аднайменнай назвай, падарожжа ў свет творчасці і мастацтва пачалося менавіта з сустрэчы — паэтычнай вандроўкі па творчасці ашмянскіх майстроў літаратурнага слова Рамуальды Ануфрыевай і Анатоля Вішнеўскага. Тады нават арганізатары аматарскага аб’яднання Марына Белавус і Галіна Палубінская не маглі прадбачыць, што жыццё клуба будзе такім насычаным і змястоўным.
За дваццацігадовы адрэзак часу клуб пры раённай бібліятэцы ладзіў шматлікія сустрэчы не толькі з цікавымі і таленавітымі людзьмі Ашмяншчыны, землякамі, але і творцамі, чый талент прызнаны далёка за межамі краіны. Прозвішчы герояў мерапрыемстваў клуба, што арганізоўваліся ў сценах бібліятэкі, былі ўзгаданы падчас урачыстага юбілейнага пасяджэння пад назвай “Дваццаць год, альбо Усё толькі пачынаецца”. На дзень нараджэння аб’яднання сабраліся актыўныя яго наведвальнікі і ўдзельнікі. У святочна прыбранай чытальнай зале бібліятэкі было па-хатняму цёпла і ўтульна.
Вядучыя свята Сяргей Жылік і Вольга Тарашкевіч звяртаюцца да вытокаў аматарскага аб’яднання “Сустрэча”, якое павінна было павысіць цікавасць чытачоў да бібліятэчнай установы і стаць прапагандыстам друкаванага літаратурнага слова. Са згоды загадчыцы бібліятэкі Антаніны Каско створанае Марынай Белавус і Галінай Палубінскай аб’яднанне актыўна ўключылася ў работу, да якой з задавальненнем далучыліся Ганна Дземская, Ванда Гуманюк, Мая Пянькоўская, Вольга Тарашкевіч, Святлана Галінская, Любоў Шляхціч, Марыя Ваўчок, Ала Лапцева.
Кажуць, як карабель назавеш, так ён і будзе плысці па моры-акіяне жыцця. Назва, прапанаваная Галінай Палубінскай, стала стымулам да актыўнай дзейнасці. На працягу двух дзясяткаў год у клубе арганізоўваліся сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, мастакамі, краязнаўцамі, калекцыянерамі, аўтарамі і выканаўцамі ўласных песень, кампазітарамі…Гэта былі індывідуальныя сустрэчы і калектыўныя, спатканні з моладдзю і
людзьмі сталага ўзросту, знаёмствы з апантанымі творцамі, для якіх захапленні сталі часткай жыцця.
Часцей за ўсё гучала ў сценах бібліятэкі паэтычнае слова. Практычна ўсе ашмянскія творцы сталі гасцямі клуба, а некаторыя і па некалькі разоў. Свае вершы чыталі тут Ядзвіга Чаплінская, Галіна Даўгашэй, Пётр Шакола, Рамуальда Ануфрыева, Тамара Савіцкая, Святлана Муха, Яўген Куст, Эдвард Сяргей, Ігар Спірыдовіч, Анатоль Кавалеўскі, Генуэфа Кеўра, Наталля Грыгор’ева, Валянціна Ліштван, Дзмітрый Радкевіч, Ірына Ізбіцкая, Валянціна Васюкевіч…
Рамуальда Ануфрыева, якая была запрошана на свята ў якасці ганаровай госці, узгадала свой творчы вечар, што прайшоў у клубе пад назвай “Паэзія дае нам веру і надзею” і паклаў пачатак цікавым спатканням у бібліятэцы. Пётр Шакола, з якім было арганізавана больш за ўсё сустрэч, падзяліўся новымі паэтычнымі знаходкамі з чарговага зборніка, прысвечанага свайму юбілею, які сімвалічна складаецца з 70 старонак. Свае вершы прачытаў на свяце і малады паэт Дзмітрый Радкевіч.
Аб чым думае кампазітар, перш чым прыступіць да стварэння музыкі? – гэта пытанне адрасавалі вядучыя
Мікалаю Розенбергу, якім напісана музыка да цэлага шэрагу вершаў мясцовых паэтаў. Песні гэтыя сталі візітоўкай нашага краю і ўваходзяць у рэпертуар творчых калектываў нашага раёна. Яны сабраны ў два зборнікі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі раённай бібліятэкі, — “Мелодыі сэрца і душы” і “Песні роднага краю”. Музыкай была напоўнена бібліятэка падчас сустрэч з астравецкім кампазітарам Аляксандрам Якіменкам і ашмянскім аўтарам і выканаўцам Валерыем Готкам.
З чароўным светам жывапісу знаёмілі наведвальнікаў клуба мерапрыемствы, на якія былі запрошаны мастакі Мікалай Гарбачэўскі, Пётр Явідовіч і Алена Бернат.
Не раз звярталіся арганізатары клуба да захапленняў жыхароў нашага раёна. Дэманстраваліся ў бібліятэцы вышыванкі, рэчы, звязаныя пруткамі і кручком, калекцыі манет і марак, ладзіліся фотавыставы і выставы гербаў шляхецкіх родаў Ашмянскага павета. Падчас святочнага вечара аб сваіх захапленнях расказалі нумізмат Уладзімір Касюдэк і краязнаўца, у жыцці якой шмат месца займаюць шахматныя баталіі і фатаграфаванне, — Валянціна Лабуніна.
Душэўнымі і запамінальнымі былі ў клубе сустрэчы з землякамі, сярод якіх паэтка, член Саюза пісьменнікаў
Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч, краязнаўца, калекцыянер, паэт Васіль Юрша, член Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны і Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка Лілія Бандарэвіч-Чарненка, паэтка Часлава Мулярчык, выдавец Мікалай Супрановіч.
Многія спатканні ў клубе адбыліся дзякуючы дэпутату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання Валянціне Лузінай. Так ашмянцы адкрылі для сябе творчасць пісьменніцы і паэткі Наталлі Батраковай, драматурга Аляксея Дударава, паэткі Валянціны Паліканінай, пісьменніка Анатоля Бутэвіча, які прэзентаваў на Ашмяншчыне сваю кнігу пра Соф’ю Гальшанскую “Каралева не здраджвала каралю”. Праз кіраўніка цэнтра японскай культуры ў Мінску Масаку Тацумі пазнаёміліся з загадкавай краінай Японіяй, з яе багатымі традыцыямі і самабытнай культурай. Мелі магчымасць сустрэцца з Адамам Мальдзісам – літаратуразнаўцам, публіцыстам, гісторыкам, журналістам і надзвычай цікавым апавядальнікам, мудрым і адданым свайму краю чалавекам.
Валянціна Міхайлаўна, віншуючы работнікаў бібліятэкі з юбілеем аматарскага аб’яднання, назвала цэнтральную раённую бібліятэку ўстановай высокага знаку якасці:
— Свае здабыткі ашмянскія бібліятэкары прэзентавалі ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Работа калектыву была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Бібліятэчная справа”. На працягу 20 год пры бібліятэцы працуе клуб, які аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах творчых людзей раёна. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў бібліятэцы працуюць адданыя людзі, якія робяць важкі ўклад у развіццё духоўнасці свайго рэгіёна.
Валянціна Міхайлаўна пажадала клубу новых здабыткаў і знаходак і падарыла бібліятэцы кнігі Мікалая Карамзіна “Гісторыя дзяржавы Расійскай”, а таксама ўласную бібліятэку. Да пажаданняў госці далучыліся Галіна Іванаўна Балінская, якая доўгі час узначальвала галіну культуры ў раёне, а таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Александровіч. Музычныя віншавані адрасавалі членам клуба Сяргей Спірыдонаў, Арцём Кавецкі, народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, выкладчыкі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Чэрская, Таццяна Каралёва і Віталій Юрэвіч. Калегі з дзіцячай раённай бібліятэкі – аматарскае аб’яднанне “Лялечны карагод” – падрыхтавалі жартоўнае віншаванне ў форме тэатралізаванай пастаноўкі. Мастак аддзела бібліятэчнага маркетынгу Віталій Аляксееў зацікавіў карціннай галерэяй пад назвай “Пазнай сябе ў сяброўскім шаржы”.
Кульмінацыяй юбілею стаў святочны торт. За кубачкам чаю госці ўспаміналі цікавыя і душэўныя спатканні, якія дарылі сваім чытачам улюбёныя ў бібліятэчную справу энтузіясты, сапраўдныя прафесіяналы, выказвалі прапановы і новыя тэмы для чарговых вечарын, якіх, безумоўна, яшчэ будзе шмат, але аб гэтым мы ўзгадаем падчас чарговага юбілею аб’яднання.
Аліна САНЮК.
Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.








