З пачатку года пяцёра дзяцей загінула ў выніку падзення з акон

Общество

У канцы жніўня ў аператыўнай міліцэйскай зводцы было змешчана паведамленне аб тым, што ў рэанімацыйнае аддзяленне ашмянскай бальніцы паступіла паўтарагадовая жыхарка горада, якая знайшла дома бутэльку з растваральнікам і паспрабавала яе змесціва.

Дарослым часта здаецца, што калі дзіця дома, то яно знаходзіцца ў поўнай бяспецы. Яно ж тут, побач, у полі нашага слыху і зроку, памылкова думаем мы. Аднак сумная статыстыка сведчыць аб адваротным: менавіта на вачах у бацькоў і бабуляў-дзядуляў адбываецца звыш 80 працэнтаў няшчасных выпадкаў з дзецьмі. Малечы абварваюцца кіпнем, п’юць розную атруту, з’ядаюць таблеткі, глытаюць батарэйкі, зварочваюць на сябе цяжкія прадметы, вывальваюцца з акон шматпавярховікаў…

Толькі за мінулы год у Беларусі ад няшчасных выпадкаў і траўм загінула 149 дзяцей, з іх 20 — ва ўзросце да аднаго года. Большасць няшчасцяў адбылося дома (у выніку дарожна-транспартных аварый загінула летась 16 дзяцей).

av0l1e_w631h356

Сёлетні год пракаціўся па краіне шматлікімі трагічнымі здарэннямі ў выніку падзення дзяцей з акон разам з маскітнымі сеткамі, на якія малышы абапіраліся. З пачатку года пяцёра дзяцей у выніку такіх падзенняў загінула, шасцёра ў цяжкім стане былі дастаўлены ў бальніцу. Наперадзе іх чакае перыяд цяжкай і доўгай рэабілітацыі.

Хто вінаваты ў гэтых трагедыях? Можна прыводзіць розныя аргументы, аднак адказ навідавоку. Не ўсе мамы і таты дастаткова кантралююць сваіх дзяцей, не ўсе ў поўнай меры ўсведамляюць, што балконы, лесвіцы і вокны ўяўляюць для дзіцяці пагрозу. Самі не разумеючы, да якіх вынікаў гэта можа прывесці, дарослыя садзяць дзяцей на падаконнікі ці балконныя агароджы, паказваюць вуліцу. Пры гэтым радуюцца, калі малеча сама можа адчыніць акно ці дзверы, не думаючы, што калі яны ненадоўга адлучацца, дзіця ўсё гэта паспрабуе паўтарыць самастойна.

Выпадкі, якія адбываюцца з чужымі дзецьмі, для нас не становяцца ўрокам. Мы ўпэўнены, што нас гэта не закране, бо мы больш уважлівыя і клапатлівыя бацькі, ды і дзеці нашы іншыя. Але гэта не так. Практычна ўсе дзеці аднолькавыя — цікаўныя і дапытлівыя. Яны пазнаюць гэты свет метадам спроб і памылак, выправіць якія часам ужо не ўяўляецца магчымым. Дзіця не можа рэфлекторна ў адно імгненне адняць руку ад агню ці гарачай вады, як дарослы, бо ў яго яшчэ не развіты гэты рэфлекс. Яно не разумее, што за акном яго можа чакаць бездань, а маскітная сетка — усяго толькі абарона ад мух і камароў. Малеча ўпэўнены, што ў бутэлечцы, з якой яму давалі смачны кампот, наліты толькі гэты напой, а не які іншы.

Гэта пасля, як здараецца непаправімае, мы раздзіраем сябе на часткі і спрабуем знайсці адказ на пытанні, адказаць на якія павінны былі раней, разам з дзецьмі, у працэсе пазнання імі навакольнага свету.

А яшчэ мы маем моду абвінавачваць у сваіх памылках і промахах іншых. Асабліва добра гэта можна прасачыць па каментарыях, якія пакідаюць наведвальнікі інфармацыйных сайтаў пад змешчанымі паведамленнямі пра няшчасныя выпадкі з дзецьмі. Чытачы шкадуюць бацькоў і абвінавачваюць у трагедыі камунальныя службы, настаўнікаў і выхавацеляў, будаўнікоў, вадзіцеляў, медыцынскіх работнікаў… Не прыпамінаецца мне, каб хтосьці папракнуў бацькоў хлопчыка, з якім здарылася няшчасце ў пачатку гэтага года ў нашым горадзе. Ім і так дасталося!- са шкадаваннем гаварылі ашмянцы. Гэта здарэнне доўга не сыходзіла з вуснаў, адшукваліся вінаваўцы, абследаваліся ўсе люкі, не раз тлумачылі выпадак камунальныя і будаўнічыя службы. Так, нельга спісваць віну арганізацый, але ж і бацькоў тут віна прысутнічае, тым больш, што хлопчык яшчэ зусім малы — ходзіць у дзіцячы садок. Шмат пытанняў можна ў гэтай сітуацыі задаць дарослым, якія нясуць за дзіця адказнасць.

У тым, што дзеці падаюць з акон шматпавярховікаў, была спроба абвінаваціць вытворцаў: маўляў, маскітныя сеткі дрэнна мацуюцца да рамаў, не вытрымліваюць вагу дзіцяці. А чаму яны павінны гэту вагу вытрымліваць? Іх жа прызначэнне зусім у іншым — трымаць націск насякомых. А для прафілактыкі выпадзення дзяцей з акон трэба карыстацца спецыяльнымі блакіратарамі і прыстасаваннямі, якія не дазволяць малышам самастойна яго адчыніць.

Наша нядбаласць і празмерная ўпэўненасць — вось прычына няшчасных выпадкаў з дзецьмі, аднак усведамляць гэта мы пачынаем, на жаль, вельмі позна.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *