Чаму так хутка заканчваецца лета? Здаецца, яшчэ ўчора праходзілі ў школах лінейкі і так цешыў душу апошні ў навучальным годзе школьны званок, які сваёй бадзёрай мелодыяй распусціў дзяцей на канікулы, настаўнікаў – у водпуск (адзінае, у чым зайздросцяць педагогам!), зняў на некаторы час груз школьных клопатаў з бацькоў. Усім хочацца знайсці адказ на гэта рытарычнае пытанне і хоць на крышку прадоўжыць шчаслівую бестурботную пару. Аднак верасень ужо стукае ў дзверы, і каляндар губляе апошнія жнівеньскія лісты.
Напрыканцы лета па добрай традыцыі педагогі нашай краіны збіраюцца на жнівеньскую нараду. У Ашмянах сёлета яна прайшла ў аўторак, а ўжо праз дзень установы адукацыі раёна паклікалі дзяцей у Краіну ведаў. Урачыстасць гэтай падзеі разам з удзельнікамі галоўнага педагагічнага савета раздзялілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Міраслаў Сарасек, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Саванец, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Наталля Кучынская, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Аляксандр Маркевіч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок, а таксама іншыя спецыялісты аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, цесна звязаных з работай устаноў адукацыі Ашмяншчыны.
Пра тое, як працавалі педагогі ў мінулым навучальным годзе, задачах на новы год расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская. Вопытам па пэўных кірунках работы падзяліліся загадчык ясляў-сада № 6 Марына Мельнікава, намеснік дырэктара СШ №1 Ганна Лянкоўская, намеснік дырэктара СШ №2 Алена Макей, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Барунскага ВПК Марта Мацкевіч.
Жнівеньская нарада педагогаў з’яўляецца своеасаблівым аглядам дасягненняў сістэмы адукацыі раёна: педагагічных калектываў і асобна ўзятых выхавальнікаў і настаўнікаў. Размова на ёй, як правіла, вядзецца сур’ёзная, з глыбокім аналізам. Адначасова гэта мерапрыемства носіць святочны характар. Перад пачаткам педагагічнага форуму ўзнёслую атмасферу ствараў творчы калектыў настаўнікаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. У зале віталі дружную педагагічную сям’ю Ашмяншчыны выхаванцы ясляў-сада №7, а таксама вучні школ горада. Віншаванні педагогі прымалі ад кіраўніка раёна Міраслава Сарасека, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Наталлі Кучынскай, кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Аляксандра Маркевіча, маладых спецыялістаў Дзіяны Валадзько, Юліі Вінцкоўскай і Крысціны Шуман, першага сакратара РК БРСМ Вольгі Шыдлоўскай, намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алега Рахунка.
Урачыстай атрымалася цырымонія прадстаўлення маладых спецыялістаў. Сёлета іх прыйшло 44, столькі ж, колькі было прынята на работу ва ўстановы адукацыі раёна ў мінулым годзе. І што важна, 26 педагогаў з ліку новага папаўнення навучалася па мэтавых накіраваннях. Звяртаючыся да сваіх маладых калег, дырэктар Цудзенішскага ВПК Марына Куліковіч заклікала іх быць упэўненымі ў сабе, сумленнымі і адкрытымі, гатовымі да канструктыўнай крытыкі, не замыкацца ў вузкіх рамках прафесіі.
Такіх педагогаў у нашым краі шмат. Іх выніковая творчая праца, актыўная жыццёвая пазіцыя не застаюцца незаўважанымі. Вось і напярэдадні новага навучальнага года вялікай групе педагогаў былі ўручаны граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, плённую працу высокіх узнагарод удастоены намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі №1 Ірына Готка, дырэктар Барунскага ВПК Франц Станулевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Вольга Дваранская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №3 Валянціна Дабравольская, выхавальнік ясляў-сада №3 Людміла Еўдакімава…
Неад’емнай часткай педагагічнай канферэнцыі стала выстава “Метадычны палілог: сучасныя тэхналогіі і педагагічнае майстэрства”, якая была разгорнута ў холе райвыканкама. На выставе былі прадстаўлены напрацоўкі па ўсіх накірунках дзейнасці ў адукацыйнай прасторы, у тым ліку і дасягненні ў рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Была арганізавана партрэтная галерэя лепшых педагогаў і іх выхаванцаў пад назвай «Супрацоўніцтва — умова поспеху», а таксама выстава “Лідары адукацыі”. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі арганізаваў выставу работ вучняў, якія развіваюць свае здольнасці і таленты ў аб’яднаннях па інтарэсах, створаных пры ўстанове. Выстава пад назвай “Свет творчасці” стала часткай работы інтэрактыўнай пляцоўкі, якая змяшчала візітоўку ўстановы, а таксама напрацоўкі ў дапамогу педагогам дадатковай адукацыі.
Знайшлі належнае месца на выставе матэрыялы рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (электронныя сродкі навучання), вопыт работы педагогаў, якія прайшлі атэстацыйны экзамен на пацвярджэнне і прысваенне вышэйшай катэгорыі, работы вучняў, пераможцаў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першы крок у навуку”, матэрыялы з вопыту работы дашкольных устаноў адукацыі раёна і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Для сістэмы адукацыі раёна мінулы навучальны год адзначаны шэрагам перамог і дасягненняў. З гонарам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Баркоўская агучыла іх у сваім выступленні. Па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі за 2015 год наш аддзел узнагароджан дыпломам III ступені. Павялічылася колькасць вучняў, якія скончылі навучанне на 9-10 балаў. Гімназія горада паспяхова прайшла працэдуру акрэдытацыі на адпаведнасць заяўленаму віду “гімназія”. Пры правядзенні ўступных іспытаў у 5 клас у гэтай установе адукацыі значна павысіўся прахадны бал. 19 выпускнікоў 11 класаў раёна атрымалі атэстаты асобага ўзору і ўзнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём. Усе яны прадоўжаць навучанне ў ВНУ (94,7 працэнта – на бюджэтнай форме навучання). Больш за 50 працэнтаў медалістаў паступіла на педагагічныя спецыяльнасці.
90,4 працэнта дзяцей ахоплены дашкольнай адукацыяй. Адкрыты 52 групы кароткачасовага знаходжання, арганізавана 7 гувернёрскіх паслуг для дзяцей, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю ва ўмовах сям’і.
Па выніках мінулага года на раённую Дошку гонару занесены калектыў СШ №3, а таксама настаўніца матэматыкі СШ №2 Валянціна Чарняцова. Два педагогі СШ №2 — Валянціна Чарняцова і Любоў Пятрова — сталі лаўрэатамі конкурсу «Жанчына года» Гродзеншчыны. Настаўнікі Мураванаашмянкоўскага ВПК — Генадзь Швабовіч і СШ №3 – Наталля Лаўцэль сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі па выніках рэалізацыі абласной праграмы “Садружнасць” узнагароджаны дыпломам I ступені.
Усе ўстановы адукацыі раёна падрыхтаваны да пачатку навучальнага года. За кошт сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі і раённага бюджэту ў рамках праекту “Энергаэфектыўнасць у школах” амаль цалкам адноўлены яслі-сад №6. На рамонт у гэтай установе было затрачана звыш 8 млрд недэнамініраваных рублёў. Дзякуючы ініцыятывам вучняў і педагогаў, пры падтрымцы міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа ў школах рэалізаваны 4 праекты: прыцягнута 320 млн недэнамініраваных рублёў на стварэнне ўмоў для фарміравання ў дзяцей здаровага ладу жыцця.
Па выніках пасяджэння жнівеньскай канферэнцыі, якая прайшла пад дэвізам “Ініцыятыва, інавацыі, інфарматызацыя – асноўныя накірункі развіцця сістэмы адукацыі Ашмянскага раёна”, настаўнікі раёна прынялі рэзалюцыю, у якой вызначылі задачы, над рашэннем якіх будуць працаваць у бягучым навучальным годзе.
Аліна САНЮК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ, відэа Аляксандра НАУМЧЫКА




























