Трэнер з Ашмян наведаў Берлін у межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва MOST

Спорт

У канцы чэрвеня Аляксандр Кушнер, заснавальнік і трэнер футбольнай акадэміі Fair Play з Ашмян, наведаў Берлін у межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва MOST (Праграма мабільнасці для мэтаскіраваных міжасабовых кантактаў). Гэты праект Еўрапейскага Саюза накіраваны на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі з мэтай абмену вопытам і паглыблення прафесійных кантактаў. Праект MOST разлічаны на 1500 удзельнікаў з Беларусі, яго рэалізацыя працягнецца да снежня 2017 года. Падрабязнасці ў інтэрв’ю з Аляксандрам Кушнерам.

20160623_165928_005

Якім чынам футбольная акадэмія Fair Play і вы асабіста сталі ўдзельнікамі праграмы MOST?

– Каб паўдзельнічаць у праекце, было неабходна прайсці некалькі этапаў адбору. Па-першае, запаўняецца заяўка на сайце праграмы. Яе разглядае адмысловая група аналітыкаў пры Інстытуце імя Гётэ ў Мінску і выносіць сваё рашэнне, ці вартыя ўвагі і цікавыя нямецкаму боку прэзентуемы вамі напрамак альбо сфера дзейнасці. Пасля першага этапу вас чакае яшчэ адно анкетаванне, якое прапануе зацікаўлены бок праграмы MOST у Германіі. Заключны этап – пошук партнёра ў Германіі, зацікаўленага ў кантакце з вамі і абмене вопытам. Для маёй футбольнай акадэміі чаканне доўжылася каля васьмі месяцаў.

– Хто быў вашым партнёрам у Германіі і з чаго складалася праграма візіту?

– Дзейнасцю маёй футбольнай акадэміі зацікавілася Берлінская футбольная асацыяцыя (БФА), якая і выступіла нашым партнёрам у межах праграмы MOST. Падчас візіту адбыліся сутрэчы з прэзідэнтам БФА Берндам Шульцам і двума яго намеснікамі Гердам Ліезегангам і Андрэасам Куперам. Таксама адбылася сустрэча са спартыўным дырэктарам 1 FC Union Berlin Германам Андрэевым і кіраўніком прыватнай футбольнай акадэміі Fussball Talentschmiede Berlin Оліверам Мінавым. Напрыканцы праграмы, у перадапошні дзень візіту, я наведаў фестываль дзявочага футбола.

– Чым адрозніваецца дзіцячы футбол у Германіі ад беларускага?

– Падчас візіту ў Берлін, я яшчэ раз атрымаў пацвярджэнне слушнасці абранага мной шляху развіцця ў пытаннях футбольнай падрыхтоўкі дзяцей. Безумоўна, шмат новага і актуальнага запазычана мной на наведаных трэніроўках і пры сустрэчах з трэнерамі. Усё гэта будзе выкарыстоўвацца ў футбольнай акадэміі Fair Play.

Кажучы пра адрозненні ў дзіцячым футболе, варта звярнуць увагу на галоўнае: у Германіі футбол для дзяцей – гэта ў першую чаргу задавальненне, а ў нас – муштра. Там вынік спаборніцтваў у дзіцячым футболе не мае значэння, на турнірах не вядзецца падлік набраных ачкоў і забітых мячоў, а ўсе дзеці па выніках турніру атрымліваюць аднолькавыя прызы; у нас жа вынік гульні заўсёды з’яўляецца вызначальным і для дзяцей, і для бацькоў, і для трэнераў.

20160625_104517

Для мяне, напрыклад, было шокам, што ў Германіі дзяцей упершыню вядуць у трэнажорную залу толькі ў 17 гадоў, а ў Беларусі дзеці ўжо з 10-ці цягаюць штангі. Да 16 гадоў у Германіі акцэнт на трэніроўках робіцца на гульню 1х1, а ў нас ужо з 7-9 гадоў дзецям тлумяць галаву тактычнымі схемамі ўзроўню прафесійнага футбола. Вось таму нацыянальная зборная Германіі па футболе не раз заваёўвала званне пераможцы і прызёру чэмпіянатаў свету і Еўропы, а нацыянальная зборная Беларусі ніколі не выходзіла з адборачных (кваліфікацыйных) груп.

Футбольная акадэмія Fair Play ад першага дня свайго існавання паставіла сабе за мэту развіваць дзіцячы футбол з улікам тэндэнцый вядучых футбольных краін Еўропы. Упэўнены, што зусім хутка вынікі паспяховай сумеснай працы трэнераў, бацькоў і дзяцей пацвердзяць правільнасць нашых дзеянняў.

Гутарыў Дзмітрый РАДКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *