У Ашмянах адкрылася выстава «BelART.by. Маладыя мастакі Беларусі»

Культура

У бягучым годзе ў рэгіёнах Беларусі праходзяць выставы «BelART.by. Маладыя мастакі Беларусі». На іх прадстаўлены творы жывапісу, графікі і скульптуры. Упершыню такая выстава была арганізавана ў Дзяржаўным музеі сучаснай гісторыі Расіі ў Маскве.

IMG_4987

З 29 ліпеня бягучага года такая выстава адкрыта і ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча. На ёй прадстаўлены творы сучасных мастакоў і графікаў з калекцыі музея Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Сярод удзельнікаў выставы – стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

IMG_4982

На суд наведвальнікаў вынесены 23 творы жывапісу і графікі, якія адлюстроўваюць асноўныя тэндэнцыі ў беларускім мастацтве ХХI стагоддзя. Работы яднае вобразнасць выяўленчай мовы, якая грунтуецца на класічных відах мастацкай практыкі, трансфармацыі традыцый нацыянальнай школы, любові да каларыту, фігуратыўнасці, пошуках прыгажосці. Аўтары імкнуцца паказаць своеасаблівасць беларускай рэчаіснасці, раскрыць існасць чалавека, выразіць духоўныя і маральныя пошукі. Нацыянальная і гістарычная тэматыка падказвае сюжэты многіх кампазіцый.

IMG_4997

Сярод жывапісных твораў можна адзначыць работы Дзяніса Барсукова, Ганны Сілівончык, Вікторыі Ільіной, Вікторыі Каваленчыкавай, Алены Шлегель, Ірыны Касцовай, Алены Бараноўскай, якія прапануюць сучаснае прачытанне класічных жывапісных жанраў: пейзажа, нацюрморта, партрэта.

IMG_4993

У графічным майстэрстве прадстаўлены работы Рамана Сустава, Анастасіі Дунец-Варанцовай, Таццяны Радзівілка, Ганны Ціханавай-Іарданавай, Андрэя Басалыгі. Іх творы вылучаюцца аналітычнасцю, глыбінёй спасціжэння гісторыі і духоўнага жыцця беларускага народа, інтэлектуалізацыяй мастацтва, адсылкамі да лагічных канструкцый і кампазіцый.

IMG_4998

Такая выстава праводзіцца ў нашым горадзе ўпершыню і працягнецца да сярэдзіны жніўня. Напаўняючы душу філасофскімі разважаннямі і інтэлектуальнымі пасыламі, яна не пакіне раўнадушным ніводнага наведвальніка.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *