Адно з самых выдатных гістарычных месцаў Ашмян — краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча, які змяшчаецца ў будынку, дзе некалькі стагоддзяў знаходзілася аптэка. Невялікі кіёск там працуе і цяпер — гэта была адна з умоў, каб дазволіць экспазіцыям размясціцца на гістарычных плошчах. Мясцовыя і прыезджыя школьнікі знаёмяцца тут з гісторыяй роднага краю, а новыя супрацоўнікі Ашмянскай мытні даюць клятву-пасвячэнне.

У 2014 годзе музей перамог у намінацыі «Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі» на ІІ Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» (за экспазіцыю «Ашмяншчына ад старажытнасці да сучаснасці», размешчаную ў трох залах). Усяго ў музеі налічваецца больш за 24 тысячы экспанатаў. Установа створана ў 1952-м, перажыла некалькі пераездаў. У 60-х існавала нават на грамадскіх пачатках.
— Наведвальнікам мы прапануем экскурсіі не толькі па музеі, а і па цэнтры горада ці яго гістарычнай ваколіцы. Спецыяльнае абсталяванне, якое маецца ў нас, робіць падарожжа па залах яшчэ больш цікавым і рэалістычным, — расказала Настасся НАВІЦКАЯ, дырэктар музея. — Дапамагаць экскурсаводу можа аўдыягід — прылада, на якую запісваецца пэўная інфармацыя, што гучыць падчас экскурсій. Маецца ў нас і акустычная сістэма з калонкамі, што размешчаны ва ўсіх залах і ў турысцка-інфармацыйным цэнтры. Дзякуючы віртуальнаму туру можна здзейсніць віртуальнае падарожжа па Ашмянскім узвышшы, пабачыць унутраныя віды касцёлаў у Жупранах, Гальшанах, Барунах, капліцы ў Палянах і іншыя дзівосныя месцы, куды нават не ўсе тутэйшыя траплялі. Сам тур, як і турысцка-інфармацыйны цэнтр, створаны ў 2013 годзе ў рамках рэалізацыі трансгранічнага праекта «Два бакі — адна гісторыя і культура».
На першым паверсе музея знаходзіцца зала прыроды. Экспанаты тут класічна размешчаны па месцах пражывання жывёл і птушак і порах года. Чучалам ласёў, дзіка, зуброў, выдры і іншых па 50—60 гадоў. Сталыя мясцовыя наведвальнікі памятаюць іх з тых часоў, калі самі былі яшчэ маленькімі.
У наступнай зале цяпер размешчана тэматычная выстаўка «Беларусь. Салдаты Вялікай Айчыннай». Тут прадстаўлены экспанаты з асабістай калекцыі мінчаніна Ігара Бабіцкага і фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея. Усе прадметы — абсалютна арыгінальныя: формы пагранічнікаў, казакоў, салдат і іншых. Выставачная зала — універсальнае месца, дзе праводзіцца ноч музеяў, калі наведвальнікаў сустракаюць паэт Францішак Багушэвіч і яго дачка Туня, прымаюць прысягу мытнікі, праходзяць іншыя мерапрыемствы.
Тры залы на другім паверсе здзіўляюць арыгінальнасцю падачы гістарычных звестак. У першай замест храналагічнага прынцыпу пабудовы экспазіцыі матэрыялы размешчаны суадносна з напрамкамі вуліц, як яны існуюць у горадзе, а пэўныя экспанаты тэматычна звязаны з вітражамі. Пры гэтым скарыстана таксама і знешняя прастора па-за межамі музея. Калі выглянуць у акно за вітражом, на якім змешчаны гістарычны здымак пэўнага месца ў Ашмянах, убачыш яго сучасны выгляд.
У другой зале паказаны славутыя мясціны Ашмяншчыны: Мураваная Ашмянка, Баруны, Гальшаны, Жупраны. Размешчаны прадметы сялянскага і шляхецкага побыту.
Трэцяя зала адлюстроўвае старонкі гісторыі краю ў XX стагоддзі. У гэтым пакоі ўжо тры гады запар увосень праходзіць цікавае мерапрыемства — Гістарычная гасцёўня. Асвойваюць супрацоўнікі музея і батлеечны жанр, што падаецца ў выглядзе музейных заняткаў, калі дзецям паказваюць інтэрмедыі.
Мемарыяльны комплекс Багушэвіча, дзе ўтрымліваюцца яго асабістыя рэчы з сядзібы ў Кушлянах: два крэслы, кансолька, гадзіннік, люстэрка, вазачка і попельніца, завяршае экскурсію.
Па матэрыялах газеты «Звязда»
