Будні аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Жупраны

Культура

Калі гавораць аб работніках культуры, то адразу ўспамінаюцца яркія, вясёлыя імпрэзы і канцэрты. І здаецца, што ў прадстаўнікоў гэтай прафесіі не праца, а толькі адныя святы. Але за гэтым усім — вялікая праца культработніка. Колькі часу ідзе на пошук матэрыялаў, выбар репертуару, колькі рэпетыцый — не падлічыць! А калі ўсё праходзіць цікава, захапляльна, то здзіўляешся фантазіі гэтых людзей, іх невычэрпнай энергіі, і, канешне, адданасці прафесіі. Якія ж яны, будні культработніка?

IMG_5281

Кожны дзень спяшаецца на працу загадчык аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Жупраны Валянціна Горыд. Без перабольшвання можна сказаць, што на жаночых плячах трымаецца ўвесь аддзел. Таленавіты кіраўнік, арганізатар, музыкант, майстар, мастак Валянціна Горыд паспявае займацца арганізацыйнымі і творчымі пытаннямі, спявае ў ансамблях “Крыніцы” і “Жытніца”, іграе ў народным тэатры, займаецца з дзецьмі і дарослымі жыхарамі аграгарадка дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

Жупранскім Домам культуры Валянціна Генрыхаўна кіруе больш васьмі гадоў, у гэтай сферы працавала і раней. Вялікую ролю ў прафесійным станаўленні Валянціны Горыд адыграла Алена Станіславаўна Лаздзін, у якой дзяўчына падчас навучання ў аграрна-тэхнічным каледжы вучылася спевам і па яе парадзе паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў.

Добрай апорай і падтрымкай для загадчыцы аддзела культуры і вольнага часу стаў муж Эдуард Антонавіч. Разам з ім яна не толькі крочыць па жыцці, але і пераадольвае працоўныя будні. На раённых мерапрыемствах часта можна ўбачыць сямейны дуэт Валянціны і Эдуарда Горыдаў, які заўсёды цёпла прымаюць жыхары Ашмяншчыны.

Апошнія гады нязменным застаецца творчы калектыў культурнай установы. Цёплую атмасферу тут ствараюць гукааператар Эдуард Горыд, мастацкі кіраўнік Таццяна Лагадзюк, а за парадкам і чысцінёй сочыць Алена Сяргей. Нягледзячы на розныя цяжкасці ў працы ў калектыва заўсёды атрымоўваецца ствараць святочны настрой і рабіць жыццё вяскоўцаў больш разнастайным і цікавым.  За гады працы аддзел культуры і вольнага часу стаў тым месцам, куды прыходзіць і стары, і малады, месцам, дзе заўсёды рады сустрэчы з сябрамі.

Такія сустрэчы адбываюцца часта — у аддзеле культуры і вольнага часу арганізавана праца пяці аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей і трох — для дарослых. Вяскоўцы  спасцігаюць чароўнае  падчас працы гуртка эстрадных спеваў, вучацца асновам тэатральнага мастацтва на занятках мастацкага чытання, а разам з Валянцінай Генрыхаўнай юныя кветкаводы збіраюць лекавыя травы і вырошчваюць дэкаратыўныя расліны.

Эдуард Антонавіч пераважна выкладае ў гуртках музычнага накірунку, Валянціна  Генрыхаўна вучыць дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, з вакальнай групай “Крынічка” займаецца выкладчык школы дзіцячай школы мастацтваў Вольга Айвазоўская. Дзеці і дарослыя з задавальненнем наведваюць гурткі. Са сваімі кіраўнікамі яны любяць не толькі спяваць і танцаваць, але проста паразмаўляць за кубкам чаю.

Кожны месяц у аддзеле культуры праходзяць вечарыны, міні-канцэрты, гульнявыя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні. Шэраг мерапрыемстваў жупранцы прысвячаюць памятным датам: Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (вечар-успамін “Я бачыў сівых дзяцей”), 30-годдзю Чарнобыльскай трагедыі (вечар-рэквіем “Чарнобыль – палын горкі”) і іншыя. Калектыў удзельнічае і ў раённых мерапрыемствах.

Юным жупранцам прыйшліся даспадобы традыцыйныя гульнявыя праграмы па захаванні беларускіх традыцый і культуры (народныя гульні), мерапрыемствы па правілах дарожнага руху і здаровым ладзе жыцця.  Як і ўсе дзеці без выключэння, юныя жупранцы чакаюць дзень імянінніка – сапраўднае свята для сяброў.

Пад адным дахам разам з аддзелам культуры размешчаны бібліятэка і філіял дзіцячай школы мастацтваў, а таму тут часта арганізоўваюць сумесныя канцэрты для вяскоўцаў і жыхароў аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў.

IMG_1759

Камунікатыўныя жупранцы супрацоўнічаюць і са сваімі калегамі з раённых аддзяленняў культуры і вольнага часу. Вось на мінулы Новы год яны запрасілі ў Жупраны на касцюміраваную вечарыну сваіх калегаў, якія з радасцю прынялі запрашэнне.

За сваю працу аддзел культуры і вольнага часу неаднаразова ўзнагароджвалі. У “скарбніцы” Жупранскага аддзела культуры — граматы за добраўпарадкванне тэрыторыі, за лепшае мастацкае чытанне (“Тэатральны красавік”), за прапаганду тэатральнага мастацтва і за лепшыя драматычныя ролі (“Тэатральны красавік”), прызавыя месцы Аліны Айвазоўскай, Арыны Сухадольскай і Алены Тарасевіч ў конкурсе “Вясковы жаваронак”.

Сёння з упэўненасцю можна адзначыць, што жупранцы ўмеюць стварыць свята, падарыць незабыўныя сустрэчы з мастацтвам. Яны нястомна працуюць тады, калі астатнія адпачываюць. Нягледзячы на гэта, Валянціна Генрыхаўна адзначае: “Праца ў сферы культуры – кожны дзень свята!”.  Але яна не толькі стварае свята, яна і сама – свята, звонкі смех  якога штодня разліваецца ў сценах будынка.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіву аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Жупраны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *