Настаўнік Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу

Год культуры в Ошмянском районе

Настаўнік Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыя Аляксандраўна Малахава стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках”.

Малахова!! 022

 

У характарыстыцы маладой настаўніцы, якую я атрымала ў музычнай школе для напісання артыкула, ёсць такія радкі: “У педагогу гарманічна спалучаюцца маладосць, талент і любоў да прафесіі…” Як гэта важна, робячы першыя крокі ў прафесію, усведамляць, што ты на правільным шляху. Твой выбар цалкам супаў з тваімі спадзяваннямі, а дзіцячае захапленне музыкай стала ў рэшце прафесіяй…

У дружным калектыве Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў маладога спецыяліста прынялі па-бацькоўску. Тут Вікторыя адразу ж адчула падтрымку і клопат з боку адміністрацыі і старэйшых педагогаў, стала сябрам для маладых калег. Крэатыўную і прыветную настаўніцу адразу ж палюбілі вучні і іх бацькі. Малахова!! 006Дзяўчына ні разу не пашкадавала, што прыехала працаваць у вёску. Хаця магла зрабіць і іншы выбар: дыплом з адзнакай аб заканчэнні Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа дазваляў ёй гэта зрабіць. Аднак яна прыехала ў старажытнае мястэчка Гальшаны, праз якое часта праязджала па дарозе з роднай Смаргоні ў Ліду.

У мінулым годзе Вікторыя паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка па спецыяльнасці “музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”, каб удасканальваць свае веды і самаразвівацца, а паралельна набываць педагагічны вопыт на практыцы.

Вучоба не перашкаджае працы. Настаўніца з’яўляецца канцэртмайстрам дзіцячых інструментальных ансамбляў “Мелодыка” і “Бліскавіцы”. Юныя музыкі дэманструюць сваё майстэрства на конкурсах і фестывалях, вядуць актыўную канцэртную дзейнасць. Не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі ведаюць дуэт “Натхненне”, ініцыятарам стварэння якога выступіла Вікторыя. Разам з маладой калегай Дар’яй Антановіч яны даносяць да слухачоў прыгожае гучанне класічнага фартэп’яна і народных цымбалаў. За паўтара года існавання дуэт прыняў удзел у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Па выніках кожнага з іх гальшанскія маладыя настаўніцы атрымалі званне лаўрэата першай ступені з правам далейшага ўдзелу ў гала-канцэрце.

Добрасумленны і адказны педагог пачынала шлях да музыкі ў смаргонскай дзіцячай школе мастацтваў імя Агінскага. Зараз любоў да музыкі яна прывівае гальшанскім і барунскім дзецям. І трэба адзначыць, што выхаванцы Вікторыі паказваюць высокую якасць ведаў і навыкаў ігры на фартэп’яна. У першы год работы ў Гальшанскай школе мастацтваў малады спецыяліст разам з вучаніцай 1 класа Маргарытай Калачовай адправілася на адкрыты абласны джазавы фестываль-конкурс. Па выніках выступлення дзяўчынка была ўзнагароджана дыпломам. І настаўніца, і яе вучні актыўна ўдзельнічаюць у творчых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе мастацтваў, а таксама канцэртах ў аграгарадку.

Перамога ў рэспубліканскім конкурсе стала для маладой настаўніцы яшчэ адным пацвярджэннем таго, што выбар, які яна зрабіла некалькі год назад, быў правільным. Праца прыносіць ёй задавальненне, дае магчымасць развівацца, жыць у гармоніі з сабой і музыкай і дарыць радасць зносін з музыкай сваім юным выхаванцам.

Аліна САНЮК.

На здымку: Вікторыя Малахава са сваім вучнямі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *