Рэцэпт сямейнага шчасця вядомы даўно — неабходна любіць і клапаціцца пра іншага без падману і фальшу, нават забываючы часам пра сябе. У доме, дзе згода і ўзаемапавага, ніколі не знікаюць пяшчота, дабрыня і мудрасць, — гэта і ёсць сапраўдная сям’я. Менавіта такая сям’я ў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце аграрна-эканамічнага каледжа Марыі Казіміраўны Ігнатовіч.
Марыя Ігнатовіч нарадзілася ў невялічкай сям’і, разам з ёй гадаваўся старэйшы брат. Пасля навучання ў СШ №3 Марыя доўга выбірала прафесію, слухала парады бацькоў і сяброў. У выніку, як і родны брат, дзяўчына паступіла ў аграрна-эканамічны каледж на эканамічную спецыяльнасць. Марыя Казіміраўна і зараз расказвае сваім студэнтам, аб тым, што цвёрда вырашыла скончыць навучальную ўстанову з чырвоным дыпломам і працягваць навучанне ва ўніверсітэце, і ад гэтай “устаноўкі” ні на крок не адступала.
Мэтанакіраваная дзяўчына, нават без асаблівай падрыхтоўкі, паступіла ў Наргас (цяпер БДЭУ). Марыя Казіміраўна ўспамінае, як нервавалася маці, калі перад паступленнем дачка разам с сяброўкай пайшла ў каталіцкую пілігрымку. Праўда, у кішэні ўвесь час ляжалі канспекты.
На працу ў аграрна-эканамічны каледж будучы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце трапіла выпадкова. Падчас навучання на апошнім курсе ВНУ, Марыя прыехала ў Ашмяны пісаць курсавую працу. Для гэтага яна зайшла ў бібліятэку каледжа. Загадчыца храма кнігі распытала пра навучанне ва ўніверсітэце і парэкамендавала даведацца пра працоўнае месца ў адміністрацыі навучальнай установы.
У той час Марыя Казіміраўна ўжо была знаёма з будучым мужам Віктарам Іосіфавічам. Мажліва, гэта знаёмства і “дапамагло” маладой дзяўчыне застацца ў родным горадзе. Малады спецыяліст адразу ўзяла пад сваё крыло такіх жа маладых навучэнцаў і пачала выкладаць дысцыпліну “бухгалтарскі ўлік” і курыраваць групу.
…Вярнуўшыся з дэкрэтнага адпачынку, Марыя Казіміраўна зразумела, што можа не толькі выкладаць дысцыпліны, але і займацца арганізатарскай дзейнасцю. Тады дырэктарам каледжа назначылі Наталлю Юр’еўну Ліпавую, яна і прапанавала Марыі Казіміраўне пасаду намесніка. Спецыяліст з цеплынёй успамінае, як адказны кіраўнік дапамагала ёй разбірацца ў дакументах, давала добрыя парады і падтрымлівала.
Сёння Марыя Казіміраўна ўспамінае, што перад паступленнем у каледж дакладна разумела, што не будзе настаўнікам. Прыходзячы ў госці да сяброўкі, яна бачыла спісаную мелам шафу, бачыла, як тая садзіла ўсіх сваіх родных і праводзіла ўрокі. Вось тады ў галаве і прамільгнула думка аб тым, што прафесію трэба выбіраць не “настаўніцкую”.
Нягледзячы на гэта, сёння яна добра адчувае сябе ў ролі выкладчыка. Ёй падабаецца арганізоўваць мерапрыемствы і канцэрты, працаваць з навучэнцамі. Так атрымалася, што не толькі яна іх вучыць эканамічным дыспыплінам, але і яны яе жыццю, такому сапраўднаму і непасрэднаму, перадаюць свае станоўчыя эмоцыі, дзеляцца сваімі сакрэтамі і планамі. Займаючы пасаду намесніка дырэктара, Марыя Казіміраўна разумее, што не можа жыць без сваіх студэнтаў, таму яна стараецца незнарок зайсці да іх у аўдыторыю і пагаварыць, праверыць, ці ўсе яны прысутнічаюць на занятках.
Марыя Казіміраўна – адказны і шчыры чалавек, яна ўмее зацікавіць сваім прадметам навучэнцаў, таленавіта будуе ўзаемаадносіны з імі, а таксама з калегамі па працы. Вось ужо некалькі гадоў, дзякуючы ёй, педагагічны калектыў аграрна-эканамічнага каледжа прымае ўдзел у выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту. Калектыў мастацкай самадзейнасці ўстановы адукацыі рэгулярна прымае ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах.
У кабінеце Марыі Казіміраўны шмат дыпломаў і грамат раённага, абласнога і рэспубліканскага значэнняў, якія спецыяліст атрымала за сваю працоўную дзейнасць. Сярод узнагарод – дыплом Гродзенскага аблвыканкама ІІ ступені за лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў арганізацыях Гродзенскай вобласці, Ганаровая грамата Гродзенскага абласнога Савета дырэктараў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, за плённую працу па навучанні і выхаванні навучэнцаў, актыўны ўдзел у мерапрыемствах абласнога Савета дырэктараў. Спецыяліст узнагароджана Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За добрасумленную працу і высокія паказчыкі па выніках працы за 2015 год спецыяліст занесена на раённую Дошку гонару.
Калісьці была магчымасць змяніць месца працы, але Марыя Казіміраўна не змагла здрадзіць свайму роднаму каледжу, у якім вучылася і атрымала пуцёўку ў дарослае жыццё. І нават не шкадуе аб гэтым.
Па тых учынках, той пяшчоце і любові, з якой Марыя Казіміраўна адносіцца да сваіх навучэнцаў, разумееш, як пашанцавала яе сям’і. У Марыі Ігнатовіч яна невялікая – муж Віктар Іосіфавіч і сын Уладзіслаў.
Асноўным здабытчыкам у сям’і з’яўляецца Віктар Іосіфавіч. Не зважаючы на занятасць (ён працуе вадзіцелем-міжнароднікам), Віктар Іосіфавіч увесь вольны час праводзіць з сям’ёй і часта здзіўляе іх кулінарнымі шэдэўрамі. Разам з жонкай прывівае Уладзіславу любоў да ўсяго жывога, пачуццё адказнасці і добрасумленнасці.
Сын-васьмікласнік вучыцца ў СШ №3 у эстэтычным класе. Даведаўшыся аб выбары бацькоў, бабуля нават жартавала “Нездарма, як быў маленькі, мне ўсе канапы таптаў з мікрафонам у руцэ!”. Сёння таленавіты хлопчык іграе на баяне, спявае, выступае на раённай сцэне. Акрамя творчай дзейнасці, займаецца і навуковай — нядаўна на канферэнцыі ў Гродне выступаў з дакладам (заняў III месца) аб пасляваенным часе і адраджэнні Ашмянаў.
Мама, як і павінна быць, — захавальніца сямейнага ачагу. Менавіта на яе плячах трымаецца дом, у якім яна стварае ўтульнасць і цеплыню. Яе дом упрыгожваюць вязаныя рэчы, зробленыя сваімі рукамі, а летам жанчына частуе сваіх блізкіх гароднінай з парніка.
Добрая гаспадыня, цікавая жанчына, Марыя Казіміраўна разумее, што ў кожнай сям’і ёсць свае традыцыі. У Ігнатовічаў яна вельмі простая — сняданне і вячэра павінны быць сямейнымі. Гэта традыцыя яшчэ больш згуртоўвае сям’ю, робіць яе сапраўднай крэпасцю, дзе кожны адчувае сябе ўпэўнена і пад абаронай.
Па радасных тварах, шчырых усмешках і бляску ў вачах кожнага члена сям’і Ігнатовічаў разумееш: менавіта так павінна выглядаць сям’я, шчасце якой у тым, што яны крочаць разам.
Кацярына РУДЗІК.

