Напрыканцы красавіка ў Мінску прайшоў VIII Міжнародны конкурс «Кубак Еўропы». Арганізатарам творчага праекта выступіў Міжнародны дабрачынны фонд “Наша будучыня” (Расія) пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.
Аб значнасці форуму сведчыць той факт, што праект уваходзіць у Федэральную праграму правядзення мерапрыемстваў па міжнародным культурным абмене таленавітай моладзі “Музыка без межаў” і з’яўляецца пераможцам гранта Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Штогод конкурс адкрывае новыя імёны таленавітых дзяцей і моладзі з розных куткоў былой вялікай дзяржавы – Савецкага Саюза. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел больш за тысячу адораных дзяцей з Расіі, Латвіі, Узбекістана, Кіргізіі, Беларусі.
Свае здольнасці на прадстаўнічым міжнародным форуме прадэманстравалі вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, заслужаныя дзеячы культуры і заслужаныя артысты Расіі і Беларусі, высока ацаніла творчыя здольнасці гальшанскіх вучняў. Максім Ласёнак прыехаў на конкурс з работай з пластыліну “Змей Гарынавіч” і стаў лаўрэатам другой ступені (настаўнік Кацярына Віктараўна Ляўко). Ансамбль «Мелодыка» (кіраўнік Наталля Канстанцінаўна Каспяровіч, канцэртмайстар Вікторыя Аляксандраўна Малахава) ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата III ступені ў намінацыі «Ансамблевыя групы». Дзіцячы калектыў атрымаў таксама запрашэнне на Міжнародны конкурс інструментальнай, вакальнай і харавой музыкі «Сярэбраны камертон», які адбудзецца ў Санкт-Пецярбурзе ў лістападзе бягучага года.
Аліна САНЮК.

