Ашмянцы чытаюць кнігі пра вайну

Культура

Бібліятэкі раёна актыўна ўключыліся ў абласную акцыю “Чытаем разам”. З мэтай папулярызацыі твораў беларускіх аўтараў у Год культуры да чытання айчыннай літаратуры далучаюцца прадстаўнікі органаў мясцовай улады, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый, вядомыя людзі раёна. У маі акцыя праходзіць пад дэвізам “Чытаем разам кнігі аб вайне”. Ашмянцы ў чарговы раз звяртаюцца да аповесцей Васіля Быкава, вершаў Пімена Панчанкі, Анатоля Вярцінскага, Максіма Танка і Аркадзя Куляшова, хронікі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”, раманаў Янкі Брыля і Алеся Адамовіча…

IMG_6496

У раённай бібліятэцы іх чыталі начальнік групы прызыву на вайсковую службу ваеннага камісарыята Віталь Кішкель, інспектар мабільнай пагранічнай заставы “Ашмяны” Мікалай Мусінаў, старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння РАУС Андрэй Кузьменка, дзеці вайны Ганна Грышан, Дамініка Рыжко, Марыя Тамашэвіч і вучні СШ №3. Песні ваенных гадоў выканала вучаніца гімназіі Наталля Давыдава.

IMG_6476 IMG_6486 IMG_6489

У гарадской бібліятэцы №1 да акцыі далучылася ветэран вайны Таццяна Мягкова, вучні гімназіі №1 і навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа. У бібліятэцы аграгарадка Гальшаны пранікнёныя радкі гучалі з вуснаў старшыні мясцовага сельвыканкама Войцеха Коўзана, вядучага спецыяліста сельвыканкама Ліліі Рагінскай, малалетняга вязня фашысцкага канцлагера Марыі Селядцовай і вучняў Гальшанскай школы.

IMG_6462

Раённая дзіцячая бібліятэка запрасіла да сябе на ўрок-успамін адказнага сакратара райсавета ветэранаў Ганну Някрэвіч, галоўнага спецыяліста па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне раённага цэнтра культуры Сяргея Жыліка, а таксама сваіх жаданых наведвальнікаў — вучняў 4 “Б” і 4 “В” класаў СШ №3, якія чыталі ўрыўкі з кнігі “Ніколі не забудзем”, актыўна абмяркоўвалі змешчаныя на спецыяльна падрыхтаванай выставе кнігі ваеннай тэматыкі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з архіва бібліятэк.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *