Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі вязе ў Ашмяны свае лепшыя пастаноўкі

Год культуры в Ошмянском районе

13 мая на сцэне раённага Дома культуры адзін з самых вядомых і тытулаваных тэатраў рэспублікі паказажа пастаноўкі “Адамавы жарты” і “Воўк-мараплавец”.

"Адамавы жарты" , фота з сайта http://rtbd.by/
«Адамавы жарты» , фота з сайта http://rtbd.by/

Трэба сказаць, што дзіцячыя пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ніколі не пакідаюць раўнадушнымі ні дзяцей, ні дарослых. Акрамя цікавага сюжэта і бліскучай ігры акцёраў, дзіцячыя спектаклі маюць глыбокае выхаваўчае значэнне: разам з героямі пастановак дзеці могуць разабрацца, што добра, а што дрэнна, спасцігнуць таямніцы сапраўднага сяброўства, даведацца, як трэба паступаць у розных жыццёвых сітуаціях. Спектакль “Воўк-мараплавец” — адзін з лепшых у рэпертуары РТБД. Ён вучыць юных гледачоў дабрыні, міласэрнасці, узаемадапамозе.

Сустрэча са знакамітымі беларускімі акцёрамі, нечаканыя сюжэтныя павароты, тонкі гумар, шмат музыкі і пластыкі — усё гэта гарантавана ашмянцам падчас спектакля “Адамавы жарты”. Муж і жонка — Саўка і Марыся — шмат чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і працавітыя. Але ўсё ішло сваёй чаргой, пакуль не з’явіўся Чорт, якому, як вядома, абавязкова трэба ўсё сапсаваць і ўсіх перасварыць. Узяўшы ў саюзнікі Магрэту, злую і зайздрослівую суседку Саўкі з Марысяй, Чорт пачынае сваю чорную справу. Ці зможа сапраўднае каханне перамагчы ўсе падкопы Чорта і Магрэты, гледачы даведаюцца падчас спектакля.

Застаецца толькі дадаць, што пачатак дзіцячага спектакля “Воўк-мараплавец” а 12 гадзіне, “Адамавы жарты” прывітаюць прыхільнікаў тэатра ў 18 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *